«Прыклад барацьбы за свабоду сваёй Радзімы». Паўлу Севярынцу споўнілася 44 гады
Заслужаны юрыст, былы суддзя Канстытуцыйнага суда віншуе палітвязня Паўла Севярынца, якому споўнілася 44 гады.
— Сёння — дзень нараджэння Паўла Севярынца, выбітнага сына беларускага народа і сваіх бацькоў, — пiша Міхаіл Пастухоў. — 7 ліпеня ён апынуўся ў няволі і адбыў 70 сутак адміністратыўнага пакарання. Потым яго закрылі зноў ужо па крымінальнай справе, — піша «Салідарнасць».
20 снежня Павел мог быць дома, але яго не выпусцілі і выставілі новае абвінавачанне па арт.293 КК (падрыхтоўка да беспарадкаў). Цяпер ён павінен сядзець да 20 лютага 2021-га, а дакладней — да перамогі светлых сілаў.
Павел трэці раз прызнаецца палітзняволенным. Ён стаў сапраўдным героем Беларусі, прыкладам барацьбы за свабоду сваёй Радзімы. Яму спаўняецца 44 гады, самы росквіт для палітыка і дзяржаўнага дзеяча.
Давайце пажадаем Паўлу вытрымаць гэтыя выпрабаванні на яго жыццёвым шляху і хутчэй выйсці на волю. Мы будзем яго чакаць.
З Днём нараджэння, Павел!
Рэдакцыя «Новага часу» далучаецца да віншаванняў і зычыць Паўлу хутчэйшай волі!