«Праўда без кампрамісаў». Пабачыла свет кніга Міколы Дзядка

«Сувязь з Міколам перарваная, і ён не можа каментаваць бягучыя палітычныя падзеі, але мы вырашылі выдаць зборнік ягоных артыкулаў, напісаных паміж двума турэмнымі тэрмінамі», — пішуць паплечнікі Мікалая Дзядка, палітвязня, журналіста «Новага Часу», публіцыста анархічных поглядаў. 

1e804174_ead0_469c_a9b8_99062a1e10e4.jpg

«Наш паплечнік Мікола Дзядок знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за 4 гады. Ягоны тэрмін мусіў скончыцца ў красавіку наступнага года, але турэмная адміністрацыя завяла на яго новую справу за непадпарадкаванне», — пішуць укладальнікі кнігі.

«Сувязь з Міколам перарваная, і ён не можа каментаваць бягучыя палітычныя падзеі, але мы вырашылі выдаць зборнік ягоных артыкулаў, напісаных паміж двума турэмнымі тэрмінамі.

Мікола шмат пісаў пра анархізм, супраціў, дзяржаўны гвалт, новае грамадства — простымі словамі, намагаючыся зацікавіць сваімі ідэямі і развагамі звычайных людзей. У гэты зборнік увайшлі найбольш актуальныя тэксты, у тым ліку аналіз падзей 2020 года ў Беларусі, прычын міліцэйскага садызму, а таксама развагі аб палітычным гвалце».

Укладальнікі паведамляюць, што кніга "Праўда без кампрамісаў" мае зацікавіць сімпатызантаў анархізму і тых, хто ставіцца да ідэі крытычна, удзельніц пратэстаў ды ўсіх, хто шукае шлях да больш свабоднай будучыні.

Кнігу ўжо можна заказаць анлайн у Сабатаж Дыстра — тут.

Хутка яна з'явіцца ў Вільні (кнігарні "Гартайка", The Bookest, Rewind store и Reforum Space Vilnius) і Варшаве (Янушкевіч, Reforum Space Warsaw).

Мікола Дзядок быў затрыманы 11 лістапада 2020 года і прайшоў праз катаванні падчас рэйда. Асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі за свае публікацыі і крытыку рэжыму. Восенню 2024 года на яго завялі новую справу за непадпарадкаванне адміністрацыі турмы.

На момант выдання кнігі, як нагадваюць яго паплечнікі, Мікола знаходзіцца ў адзіночнай камеры больш за паўтара года, а за апошні год правёў у штрафным ізалятары бесперапынна больш за 124 дні. Раней Мікола адседзеў у турме пяць гадоў (2010-2015) за шэраг радыкальных анархісцкіх акцый.

Глядзіце таксама

Гісторыя пераследу Мікалая Дзядка

Упершыню Міколу Дзядка затрымалі 3 верасня 2010 года ў якасці падазраванага ў справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі». Тады яшчэ не вядомаму шырокай публіцы актывісту толькі споўнілася 23 гады. Пасля 20 сутак арышту следчыя нарэшце выбралі абвінавачванне для Міколы Дзядка — удзел у несанкцыянаванай акцыі каля Генштаба, пазней прыпісалі яшчэ «хуліганства». 27 мая 2011 года Міколе прысудзілі 4,5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён праходзіў па «справе анархістаў». Сваёй віны актывіст не прызнаў, пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі адмовіўся.

У 2015 годзе, за 5 дзён да таго, як Мікалай павінен быў выйсці на волю, яму прысудзілі яшчэ адзін год за кратамі. Прычына — «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». У знак пратэсту супраць невыносных умоў утрымання Мікалай Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук. 22 жніўня 2015 года Мікалай быў вызвалены па «памілаванні» Лукашэнкі, якога актывіст не прасіў.

25 сакавіка 2017 года актывіст быў затрыманы ў Мінску і дастаўлены ў Партызанскі РУУС, а пасля ў ЦІП на Акрэсціна. Адтуль Мікалая з чэрапна-мазгавой траўмай на хуткай завезлі ў шпіталь.

Мікалай Дзядок быў затрыманы ў лістападзе 2020 года. Пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа моцна збілі Мікалая, выкарыстоўвалі пярцовы газ, а потым гвалтоўна прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа. У аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу Дзядка жудасна катавалі. 10 лістапада 2021 года суддзя Анастасія Папко прысудзіла актывісту пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі. Мікалай віну не прызнаў. На палітвязня за кратамі працягваецца ціск.