Паэт Мікола Папека: Родныя зямля і народ надаюць натхнення ў працы

Былы палітзняволены паэт-пчаляр вымушана жыве ў эміграцыі, сумуе па сваіх пчолах, многіх з якіх не стала за час зняволення гаспадара, а таксама спрабуе ўладкоўваць жыццё на новым месцы — азіраючыся на Беларусь.

Паэт-пчаляр Мікола Папека з перакладам паэмы «Вёска» Юзафа Крашэўскага

Паэт-пчаляр Мікола Папека з перакладам паэмы «Вёска» Юзафа Крашэўскага

«Радыё Свабода» пагутарыла з былым палітвязнем, паэтам і пчаляром Міколам Папекампра творчасць у зняволенні і жыццё ў эміграцыі, пра Мядовую прэмію ад польскіх пчолаў ды настрой на доўгі шлях вяртання дадому.

«Раны калі і зарастаюць, моцна крывавячы, дык толькі выразнымі рубцамі»

— Мінула ўжо некалькі месяцаў, як вы выйшлі на волю пасля адбыцця пакарання за ўдзел у пратэстах 2020-га. Пра прымусовую працу на «хіміі» і ў зоне вы, як мы зразумелі, не згадваеце. Хочаце забыцца пра гэта, як пра страшны сон. Але ці ўдалося ўжо пазбавіцца гэтых прыгадак?

— Мінула ўжо восем месяцаў, як я на волі. Але, згодна з вынесеным выракам, я яшчэ мусіў бы знаходзіцца на так званай у народзе «хіміі» да 4 верасня бягучага года. Так што хацеў бы ці не, але згадваць незаконны прысуд даводзіцца хаця б з гэтай прычыны. Толькі «дзякуючы» змененаму рэжыму адбыцця пакарання з «менш строгага» на больш строгі я ўжо амаль 8 месяцаў знаходжуся на волі.

За гэты час пабываў дома; пахаваў цесця — ён больш за два месяцы быў у цяжкім стане, і я нават не ведаю, ці пазнаў ён мяне, бо з прычыны хваробы не мог анічога сказаць, але прыкметы радасці былі заўважныя на яго твары; паспеў зімой (бо я быў вызвалены 17 снежня) агледзець тое, што сталася з маёй пчалінай гаспадаркай за 16 месяцаў, што не было пчаляра; з'ехаць у Грузію і пажыць там, палюбавацца экзатычнай расліннасцю, горнымі краявідамі, іх гаспадаркай ды прадуктамі працы, гісторыяй ды музейнымі экспазіцыямі.

Там жа атрымаў гуманітарную візу і з'ехаў да больш блізкай ды роднай для Беларусі, суседняй нам Польшчы. За гэты час пабываў у многіх гарадах і пасёлках гэтай краіны. Трапіў у мясцовасць, якая вонкава падобная да беларускай прыроды, дый архітэктура часам падобная, і характар людзей, і мова значна бліжэйшая, параўнаўшы з грузінскай, і раднейшая. Гэта дапамагае не ў такой велізарнай меры адчуваць сябе ў выгнанні, дый такіх, як я, тут вельмі многа...

Так што, жадаеш таго ці не, усё роўна цяперашняе нявызначанае жыццё тут вымушае згадваць, што прывяло да бадзяння па свеце, дзе ты не маеш таго напрацаванага дзесяцігоддзямі падмурку ды забяспечанага тылу, засцярогі на заўтрашні дзень, сяброўскага ды суседскага асяроддзя.

І на 62-м годзе жыцця павінен пускаць карэнне ў іншую глебу, бо са сваёй роднай цябе вырвалі і гвалтоўна адлучылі. Бо з уласнай волі я аніколі не жадаў ехаць ані ў якую Грузію ды Польшчу, не толькі дзеля адпачынку, але і дзеля заробку...


Глядзіце таксама

Так што памяць пра «хімію», СІЗА ды зону паціху сціраецца. І, магчыма, сцерлася б больш, калі б не цікавіўся тымі катастрафічнымі падзеямі, што адбываюцца ў Беларусі і ва Украіне. Яны не даюць сканцэнтравацца на сабе, таму што ад тых падзей залежыць і мой далейшы лёс. Таму нават калі б і моцна хацеў пазбавіцца ўспамінаў, то не атрымліваецца і, відаць, не атрымаецца. Бо падобныя раны, нанесеныя як мне, так і тысячам іншых, якія трапілі пад незаконныя і нялюдскія выракі і выпрабаванні, калі і зарастаюць, моцна крывавячы, дык толькі выразнымі рубцамі...

«Настройваю сябе ды іншых на марафон у перспектыве вяртання на Радзіму»

— А як складаецца ваша жыццё на волі? Ці адаптаваліся ў новай краіне?

— Жыццё на волі разнастайнае, як і ўва ўсіх людзей, але ў значнай меры нявызначанае. Хоць, параўнаўшы з іншымі вымушанымі ўцекачамі, даводзіцца казаць сабе і людзям, каб супакойваць сябе і іх у гэтай нялюдскай сітуацыі, заезджаны сказ: «Мне яшчэ пашанцавала». А за гэтымі трыма словамі і добрыя людзі, якія спачуваюць табе і такім, як я, і далёкая Грузія, якая дала прытулак на той час, пакуль атрымаў візу, і суседняя Польшча, якая прымае сотні тысячаў уцекачоў — як з Украіны, так і нас, і дае на першы час нейкую капейку на існаванне ды адаптацыю, наладжвае курсы па вывучэнні польскай мовы...

Ці адаптаваўся? Не! Дый наўрад ці ў маім узросце магчыма цалкам адаптавацца. А сітуацыя, у якую я трапіў, як і многія іншыя неабыякавыя грамадзяне, вельмі слушна пераказаная адным з палітуцекачоў, што мы тут як на «хіміі» на радзіме — бо не можам, гэтаксама як і з папраўчай калоніі, паехаць да сябе дахаты, да прыкладу, пры смерці сваіх родных...

А гаспадарка ды парадак на падворку і ў хаце — усё застаецца закінутым і прыходзіць у запусценне. І я як чалавек, які прызвычаіўся жыць з працы сваіх рук і харчавацца ўласнаручна вырашчанымі прадуктамі, і пры гэтым адчуваючы і маючы за спінай надзейны тыл, — на жаль, гэтага тут не маю, ды, напэўна, не хутка буду мець які свой куточак зямлі і пчальнік...

Так што да адаптацыі далёка. Але, нягледзячы на ўзрост, вымушаны пускаць карэньчыкі і неяк адаптавацца. Калі ішоў сядзець на «хімію», разлічваў, што за два гады сітуацыя калі не зменіцца да лепшага, то хаця б нармалізуецца. На жаль, гэтага не здарылася, і цяпер замест чаканай кароткай дыстанцыі настройваю сябе ды іншых на марафон у перспектыве вяртання на Радзіму.

«...І канае пчала працавітая, а ў ёй чалавек...»

— У Беларусі вас ведалі як паэта-пчаляра. Некаторыя вашы сябры нават казалі, што вы любіце пчол больш, чым людзей. Што сталася з вашымі ўлюбёнкамі за час вымушанага расстання?

— Па родзе занятку я сапраўды люблю пчалін, аддаў ім 45 гадоў жыцця. Што і казаць — два гады незаконнага пазбаўлення волі я разглядаў як знішчэнне маёй гаспадаркі. Вярнуўся я да гаспадаркі на восем з паловай месяцаў раней, таму што быў пераведзены на больш строгі рэжым зняволення за злачынствы іншых і адседзеў амаль 16 месяцаў замест 24. Вярнуўся зімою, 17 снежня, і пачаў аглядаць, што ад маёй гаспадаркі ацалела.


Глядзіце таксама

А ацалела няшмат. На жаль, пчолы ў сучасных умовах без чалавека выжыць не могуць — і хварэюць, і падвозіць трэба да мёдадайных палеткаў. Значная колькасць маіх пчол зраілася, а ў вуллях пасялілася матыліца (моль) і патрушчыла пчаліныя соты ды рамкі. Усё гэта з крыўдай даводзілася зімою вычышчаць ды выдзіраць, а пчолак, якія яшчэ неяк ацалелі, падхарчоўваць і апрацоўваць ад кляшча.

Яшчэ пакуль сядзеў на «хіміі», у СІЗА ды зоне, змяніліся пастановы, і я са сваім пчалярствам стаў падпадаць пад статус дармаеда. А яшчэ цана на мёд і продаж яго з многіх прычын знізіліся. Дый пакупнік з'ехаў за мяжу, а яшчэ некаторыя памерлі ад каронавіруса. І за гэты час зняволеньня я ў нейкай ступені паадвык ад пчалярства, а калі сказаць больш правільна, быў адарваны ад яго. І ранейшая ўцягнутасць у бесперапынны працэс знікла, як і ранейшы рынак.

А людзей я таксама люблю, напісаў пра гэта ў сваім вершы «Пчала і Чалавек»...


Так вялося стагоддзямі,

што побач пчала й чалавек

і ўдоваль было мёду і воску,

Богу свечак, а людзям пітва,

ды сталася неверагоднае

стагоддзем уранавага яблыка, —

змялела мёду джарэла...

і цяпер невыгодна жыццё

ды зайздросна карысліва смерць,

і канае пчала працавітая,

а ў ёй чалавек...


«Прыглядаюся да польскага пчалярства»

— Выглядае, што вашы ацалелыя беларускія пчолы неяк змушаныя будуць і далей гадавацца без гаспадара. Але мо і польскія вас бы не расчаравалі? Ці ёсць планы, а мо ўжо і спробы завесці сваю пасеку на Падляшшы?

— Вядома, надзеі завесці тутака сваю пчаліную гаспадарку не губляю. І думаю, што да вясны гэты план рэалізую, бо без пчол жыццё маё не мае паўнавартаснага напаўнення.

Пашанцавала мне тут практычна прыгледзецца і да польскага пчалярства. І пры тым, што я лічу сябе не абы-якім пчаляром, пашкадаваў, што такое знаёмства не адбылося гадоў 30 таму — вёў бы пчаліную гаспадарку цалкам інакш. Прыглядаюся да ўмоў і спецыфікі вядзення пчалінай гаспадаркі ў новай краіне. Пакрыху знаёмлюся з людзьмі, хаджу на курсы польскай мовы, каб лацвей камунікаваць з людзьмі, прыглядаюся да мясцовасці. Усё-ткі я ў нязвыклых умовах, у невядомай мясцовасці, сярод невядомых людзей ды іх звычаяў. Так што планы ёсць, і жаданне іх здзейсніць таксама.

«Пастараюся зноў уручаць Мядовую прэмію, а пакуль сам сяджу без свайго мёду»

— Беларускія пчолы самым непасрэдным чынам спрычыніліся да заснавання вамі ўнікальнай штогадовай літаратурнай прэміі — Мядовай. Які яе далейшы лёс? Мо адродзіце ў Польшчы? Тым больш, што патэнцыйных намінантаў на яе цяпер на радзіме значна менш, чым у эміграцыі.

— Прысуджэнне і ўручэнне прэміі, зразумела, спынілася з прычыны майго зняволення, а яшчэ, да таго ж, быў ліквідаваны «Саюз беларускіх пісьменнікаў», а яшчэ пастарэлі сябры, многія памерлі...

Вядома, калі наладжу тут пчаліную гаспадарку, тады і пастараюся зноў уручаць Мядовую прэмію, а пакуль сам сяджу без свайго мёду.


Глядзіце таксама

«Пра развіццё і захаванасць літаратуры ў эміграцыі варта клапаціцца, як і пра жыццё і захаванасць беларускай мовы»

— Як вы наогул ацэньваеце шанцы беларускай літаратуры захавацца і развівацца ва ўмовах эміграцыі?

— Я ў зняволенні ў значнай ступені быў адарваны ад бачання літаратурнага працэсу як на радзіме, так і ў эміграцыі. Пабыўшы на волі і тут, у Польшчы, тры месяцы, пабачыў, што літаратура не памерла і не згасла, як і жыццё.

У эміграцыі цяпер як з палітычных, гэтак і з іншых прычын знаходзяцца і працуюць многія творцы, такія вядомыя майстры, як Някляеў, Бахарэвіч, Хадановіч, Кудасава і многія іншыя. Пабываў я тут у Беластоку і на прэзэнтацыі кніг Зянона Пазняка ды Алеся Аркуша.

Няхай даруюць іншыя творцы, якіх я не назваў, бо, на жаль, я яшчэ мала на свабодзе. Дый тыя трывожныя падзеі, якія адбываюцца на радзіме і ў суседняй Украіне, прыкоўваюць вялікую ўвагу і забіраюць час. А там, у зняволенні, на аб’ектыўную інфармацыю быў вялікі голад, і я ўсё яшчэ не магу адысці ад назірання за няпростымі падзеямі.

На жаль, шанцы літаратуры зберагчыся і выжыць складаныя. Хоць многія з палітычных эмігрантаў пасля 2020 года перайшлі на беларускую мову, але значная частка па-ранейшаму ўжывае расійскую, дый паўстае неабходнасць карыстацца польскай мовай. Да таго ж, варта адзначыць, што высокі ўзровень якасці і напоўненасці інфармацыяй інтэрнэту, са свайго боку, забірае час на чытанне дый на пісанне каментароў, за якія ў Беларусі многія зазнаюць псіхалагічны і не толькі псіхалагічны гвалт.

У такіх умовах варта быць надзвычай уважным да слова і не абцяжарваць чытача празмернымі тэкстамі, дбаць пра якасць, лаканічнасць, сур’ёзнасць, высокую мастацкасць твораў. А пра развіццё і захаванасць літаратуры ў эміграцыі варта клапаціцца, як і пра жыццё і захаванасць беларускай мовы.

«Пішацца мала з прычыны неўсталяванасці жыцця і адсутнасці значнага літаратурнага свербу»

— Ёсць меркаваньне, што творчую энергію аўтару дае толькі родная зямля. Як у вас з гэтым? Што пішацца?

— Комплекс Антэя, безумоўна, існуе, і родная зямля дый народ надаюць натхнення ў працы, у тым ліку і літаратурнай. У эміграцыі, ды яшчэ ў першыя месяцы, калі ты яшчэ не звыкся з тым, што вырваны з прывычнага асяроддзя, а яшчэ мусіш думаць пра тое, як пражыць, на пісанне часу застаецца няшмат. Ды я ніколі многа і не пісаў, не абцяжарваў і не прымушаў сябе, што павінен пісаць штодня і многа. І ніколі не жыў з літаратуры, наадварот: сродкі, якія зарабляў пчалярствам, траціў на друкаванне нешматлікіх твораў і перакладаў.

Так што пішацца мала з прычыны неўсталяванасці жыцьця і адсутнасці значнага літаратурнага свербу. У асноўным займаюся перакладамі — як паэзіі, так і прозы. Пераклаў вось нядаўна раман Юзафа Ігнацы Крашэўскага «Паэт і cвет».

«Я баюся спазніцца ў турму»

— А ці змаглі нешта пісаць у зняволенні? Ці ўдалося напісанае захаваць і вынесці на волю?

— Сёе-тое ў няволі пісаць удавалася, і нешта ўдалося пераслаць ці вынесці. Але ў асноўным займаўся перакладамі паэзіі, пераважна расійскіх аўтараў, творы якіх у немалой колькасьці былі ў «зонаўскай» ды турэмнай бібліятэках. Зробленыя пераклады даваў сябрам, і яны іх высылалі сваім родным, я таксама высылаў зробленае сваім родным, бо меркаваў, што напісанае не прапусцяць пры вызваленні. Але, на дзіва, усё перакладзенае прапусцілі і далі вынесці.

Пісаць на «зоне» самастойныя творы асцерагаўся, дый вынесці іх практычна немагчыма. Хоць сёе-тое ёсць, але часу на поўнае ўпарадкаванне яшчэ не знайшоў.


На «хіміі» ў чарзе


Заняў чаргу ў краме мой сябар,

Я забягаю — хутчэй бы купіці.

Жанчына пытае абурана:

— Малады чалавек, куда вы спяшыце?..

— Я баюся спазніцца ў турму.

А вы вярнуцца дахаты

ў час любы вольныя.

Пішуць Беларусы лісты.

Прыходзяць лісты падтрымкі

ды спачування аб няволі.

Партызанскія лісты...

Бо —

за спачуванне нявінна зняволеным

пагражае Следчы камітэт.

Лісты без зваротнай адрэсы...

Замест прозвішча

пазначана толькі:

ад беларусаў...

ад сябра...

ад Каці з Мінска...

Дзякуй вам, вольным духам

Беларусам...

Сябрам...

Каці з Мінска...

Усім вам, беларусы, дзякую

і веру я...

усё ж будзем мы вольнымі.