Налепка БЧБ-сцяга драматургу Ігару Скрыпку абыйдзецца ў 270 рублёў

Згодна пратаколу, Ігар Скрыпка 18 кастрычніка каля 14:30 наляпіў выяву бел-чырвона-белага сцяга на помнік Леніну, размешчаны на вуліцы Леніна ў Слуцку. Чым парушыў правілы добраўпарадкаўвання і ўтрымання населенных пунктаў. І быў пакараны штрафам у 270 рублёў.

Ігар Скрыпка. Фота з Фэйсбуку

Ігар Скрыпка. Фота з Фэйсбуку


Высветлілася, што знявага бальшавісцкага правадыра ў міліцэйскім прэйскуранце каштуе вельмі дорага, асабліва калі памер штрафу параўнаць з заробкам выкладчыка дзіцячай музычнай школы.
Ігар Скрыпка нарадзіўся ў Слуцку, але тут не жыве. Прыехаў з Мінска наведаць матулю. Каля 14:00 разам з матуляй яны выйшлі пагуляць у горад. Вяртаючыся з прагулкі, не ўтрымаўся, каб не падараваць Леніну сімвал змагання за дэмакратычныя змены ў грамадстве.
Ігар Скрыпка расказаў пра затрыманне і падзяліўся з НЧ меркаваннем наконт таго, што адбываецца ў грамадстве.
— Настаўнік музыкі, драматург…
— Так, прафесій і захапленняў у мяне шмат, — распавёў спадар Скрыпка. — Я яшчэ флейтыст, літаратар (тэатральная драматургія), перакладчык, слесар па рамонце ровараў, магістр гуманітарных навук. Тэатральная драматургія – мая другая прафесія. У адпаведнасці з дыпломам працаваў рэдактарам і загадчыкам літаратурна-драматургічнага аддзела ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, а потым — у Купалаўскім тэатры. Перакладаў п'есы для Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, з якіх пастаўленыя "Кабала святош" М. Булгакава, "Айбаліт, Бармалей, пра жывёлаў і Брадвей" У. Аксенкруга, "Шлях у Царград" З. Косціча, "П'емонцкі звер" А. Курэйчыка, "Калі скончыцца вайна" П. Пражко, "Воўк-мараплаўца" С. Казлова.
— Што штурхнула вас у нядзелю пайсці і прымацаваць налепку з БЧБ-сцягам на помнік Леніну?
— Цвёрдае разуменне таго, што нашая рэвалюцыя робіцца вялікімі і маленькімі ўчынкамі. Выйсці, наляпіць, выгукнуць, напісаць, не зрабіць паскудства — гэта важна.Чалавек мусіць выдушваць з сябе страх па кроплі. Памятаеце ў Фрэнка Герберта: «Страх забівае розум»? Так, страх забівае розум, сумленне, адчуванне правільнасці сваіх учынкаў. І вось гэтыя маленькія ўчынкі дазваляюць адкінуць страх і адчуць сябе чалавекам.
— Як паводзілі сябе слуцкія міліцыянты?
— Было крыху смешна, што дзеля затрымання мяне і маёй мамы быў створаны “палон” з чатырох міліцыянтаў і двух аўтамабіляў. Гэта проста гамон! Падазраю, што, калі б з намі быў яшчэ мой бацька, дык міліцыянты выклікалі б спецназ. Праўда, у аддзяленні міліцыі ставіліся без хамства і без пагрозаў, імкнуліся рабіць выгляд захавання хаця б бачнасці законнасці. Было трохі сумна сядзець і чакаць афармлення пратаколу, але я за гэты час паспеў прадумаць змест сваёй лекцыі.
— Ці суразмерна, на ваш погляд, такое пакаранне — 10 базавых велічынь за адну налепку? Да таго ж ваша маці прапаноўвала міліцыянтам свае паслугі ў здзіранні налепкі.
— Ну, вы спыталі! Тут нейкай сувымернасцю нават не пахне. Пакаранне было не за налепку, а за дэманстрацыю палітычных поглядаў. Які артыкул намалявалі афіцыйна — не мае ніякага значэння.
— Чаму, на ваш погляд, нават ў маленькай Жабінкаўцы людзі выходзяць на акцыі, а Слуцк стаіўся? Тут жа яшчэ нікога не білі і не катавалі, як на Акрэсціна. Чаму 100 гадоў назад было зусім інакш і Слуцк праславіўся сваім змаганнем?
— Вось тут выкажу сваё асабістае... нават не меркаванне, а адчуванне. Менавіта сто гадоў таму людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, здольныя прыдушыць свой страх, былі знішчаныя. Тыя, хто засталіся, перадалі сваім дзецям і ўнукам не волю і веру, а ціхмянасць і паслухмянасць. Вынікам гэтага стала тое, што жыхары маёй гаротнай і затурканай малой радзімы, Случчыны, сталі не проста баяцца, а займелі доўгі і трывалы стакгольмскі сіндром. Памятаеце дурны выраз: «Хто каго любіць, той таго і лупіць»?
У свядомасці многіх случчан з’явілася ненармальная любоў і пашана да таго, хто дэманструе сілу — тупую, безразважлівую, але сілу. Прыгадайце яшчэ адзін выраз: «Баяцца – значыць, паважаюць». Гэты выраз у гады свайго дзяцінства я шмат разоў чуў, і толькі ў дарослым веку зразумеў, што псіхічна здаровы чалавек не можа паважаць таго, каго баіцца. Дарэчы, і таго, хто баіцца, таксама паважаць не можа. У тым ліку самога сябе. Толькі прызнацца ў гэтым вельмі цяжка, і пераважная большасць людзей на такое не здатная. Страх забівае розум.
Да таго ж трэба адзначыць так званы «сіндром вывучанай бездапаможнасці». Маўляў, ад нас нічога не залежыць, што мы можам і г.д. Але – паўтаруся – можам кожным маленькім учынкам. Менавіта народ з'яўляецца крыніцай улады, якой бы тая ўлада не была. Менавіта мы, кожны на сваім месцы і сваім падворку, ствараем гэтую краіну. Менавіта мы робім сваё жыццё такім, якім хочам бачыць – сваім голасам, сваёй працай, сваімі марамі і жаданнямі.
Я вельмі спадзяюся, што ў Слуцку ўсё сапраўды будзе па-людску. Але дзеля гэтага трэба рабіць маленькія, але вельмі важныя ўчынкі.