«Ён больш не хацеў жыць...» Памёр Барыс Кіт, чалавек-легенда

1 лютага ў Германіі, у Франкфурце-на-Майне памёр легендарны навуковец, беларускі дзеяч замежжа, грамадзянін ЗША Барыс Кіт. Яму было 107 гадоў.  

фота svaboda.org

фота svaboda.org

Пра смерць навукоўца паведамляе Радыё "Свабода" са словаў яго жонкі Тамара Казевіч. «Яму было вельмі кепска апошнія дні, былі моцныя болі, ён ужо больш не хацеў жыць», — патлумачыла жонка.
Барыса Кіта пахаваюць на праваслаўных могілках у нямецкім горадзе Вісбадэне, дзе каля 30 гадоў таму ён сам выкупіў участак. Дата пахаваньня пакуль не вядомая, бо сваякі выконваюць неабходныя фармальнасці.
Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 года ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і беларуса. Пасля рэвалюцыі ён з'ехаў на радзіму бацькі ў вёсцы Агароднікі Карэліцкага раёна, закончыў Навагрудскую беларускую гімназію, Віленскі ўніверсітэт. Працаваў дырэктарам Віленскай і Навагрудскай гімназій.
Пасля Другой сусветнай вайны Кіт эміграваў у ЗША, дзе зрабіў бліскучую навуковую кар'еру ў галіне астранаўтыкі. Ён зяўляецца суаўтарам падручніка па ракетным паліве Rocket Propellant Handbook (у суаўтарстве; Boris Kit, Douglas S. Evered), 1st ed. — New York: The Macmillan Company, 1960., якім дасюль карыстаюцца ў амерыканскіх універсітэтах.
Паводле «Еўрарадыё»