Экс-палітвязень Аляксей Раманаў: Супрацоўнікі калоніі хадзілі на пратэсты
Гамяльчаніну Аляксею Раманаву 51 год. Яшчэ нядаўна ён быў палітычным вязнем. У канцы 2020-га мужчыну асудзілі за абразу Лукашэнкі на год калоніі агульнага рэжыму. Поўнасцю адбыўшы свой тэрмін, Аляксей выйшаў на волю 23 лістапада. Ён распавёў Reform.by аб атмасферы ў калоніі, сустрэчы з Юрыем Васкрасенскім і перажываннях пасля вызвалення.
— Трывожна я сябе адчуваю на волі, многія знаёмыя з'ехалі, большасць знаёмых сядзіць. А я вось адзін зусім, — дзеліцца сваімі адчуваннямі нядаўні палітвязень.
«Аблаяў матам Лукашэнку»
Аляксей Раманаў — гомельскі актывіст. Яшчэ некалькі гадоў таму ён быў прадпрымальнікам, займаўся будаўніцтвам і рамонтам, паводле яго слоў, нават будаваў верталётную пляцоўку на адной з рэзідэнцый Лукашэнкі. Але пасля перанесенага раку страўніка мужчына пазбавіўся селязёнкі, часткі страўніка і кішачніка, атрымаў 2-ю групу інваліднасці. Нягледзячы на складанасці са здароўем, летам 2020-га Аляксей стаў валанцёрам перадвыбарнага штаба Святланы Ціханоўскай.
— Мы ездзілі па Гомельскай вобласці з агітацыяй. На адным з пікетаў (у Хойніках 28 ліпеня — Reform.by) я аблаяў матам Лукашэнку, — прызнаецца Аляксей. Кажа, слова «прэзідэнт» у яго выклікае толькі рэзка негатыўныя асацыяцыі.
Аляксей Раманаў у 2018 годзе
Пазней Раманаву патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, што супраць яго заведзена крымінальная справа па артыкуле 368 КК «Абраза прэзідэнта».
— Я паехаў да следчага. Ён са мной размаўляў вельмі культурна. І падчас следства на мяне ціску не рабілі. Калі шчыра, я сустракаў на працягу ўсяго адбывання пакарання шмат супрацоўнікаў [сілавых структур], якія ўсе цудоўна разумеюць, што адбываецца ў краіне, — дадае Раманаў.
«Урач, убачыўшы канвой, сказаў, што ў шпіталізацыі я не маю патрэбы»
Пад варту мужчыну, улічваючы інваліднасць, падчас следства не бралі. Суд праходзіў у Хойніках (па месцы «злачынства»). Прысуд Аляксею вынеслі 16 снежня — год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
— Падчас прысуду мне стала дрэнна. У мяне ўпаў гемаглабін, я губляў прытомнасць. Прама ў зале суда мяне ўзялі пад варту і адвезлі ў хойніцкую лякарню, там зрабілі аналізы і прышпілілі кайданкамі да ложка. Усю ноч я ляжаў пад кропельніцай, мяне не пускалі ў прыбіральню, а трое міліцыянтаў, якія ў шпіталі за мной назіралі, не давалі мне піць, не давалі спаць — стукалі кайданкамі па батарэі. Днём сілавікі прымусілі мяне падпісаць адмову ад лячэння ў бальніцы, хаця лечачы ўрач быў супраць. Я падпісаў, разумеючы, што пралячыцца нармальна мне не дадуць, — распавядае Аляксей.
Аляксей Раманаў на судзе
Пасля гэтага мужчыну даставілі ў гомельскае СІЗА. Па словах Аляксея, турэмныя медыкі былі ў шоку ад яго фізічнага стану:
— Начальнік медчасткі сказаў неадкладна адвезці мяне ў абласную бальніцу, таму што я ледзь стаяў. Але лекар у шпіталі, калі ўбачыў мой канвой, сказаў, што са мной усё добра і ў шпіталізацыі я не маю патрэбы. Мяне адвезлі назад у СІЗА і паклалі ў санчастку, дзе я знаходзіўся да самага этапа ў калонію.
Па словах Аляксея, у санчастцы да яго ставіліся вельмі добра.
— Лячыла мяне маладая дзяўчына. Яна потым звольнілася. Людзі не вытрымліваюць гэтай сістэмы, — кажа мужчына.
«Ставіліся строга, але ратавала тое, што я інвалід»
З Гомеля Раманава этапавалі ў віцебскае СІЗА, там ён правёў тры дні, а пасля яго перавезлі ў Глыбокае.
Палітвязень адбываў пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму ў горадзе Глыбокае. З Гомеля мужчыну этапавалі праз Віцебск, там Аляксей у СІЗА прабыў тры дні, а пасля быў дастаўлены ў Глыбокае, у папраўчую калонію №13.
— У Глыбокім зона асаблівага рэжыму, там сядзелі гвалтаўнікі, забойцы, рэцыдывісты. Нягледзячы на тое, што мне прысудзілі агульны рэжым, адправілі мяне туды, — распавядае Раманаў. — Зразумелая справа, што дзеля мяне ніхто не будзе мяняць рэжым. Ставіліся строга, але мяне ратавала тое, што я інвалід, таму да мяне было больш-менш чалавечае стаўленне. З-за другой групы інваліднасці я быў вызвалены ад працы.
ПК-13 у Глыбокім
Разам з Аляксеем у калоніі знаходзіўся іншы палітвязень Сяргей Верашчагін, у якога пасля збіцця сілавікамі былі вельмі сур'ёзныя праблемы са здароўем, але, як ён пісаў у лістах, адправіць яго на лячэнне вельмі доўга адмаўляліся.
— Мы разам ехалі этапам з ім. Верашчагін ходзіць ледзь-ледзь. Яго па суботах на працу выганялі аднаго, не давалі яму нават бальнічны. У яго ногі падкошваліся, рукі трэсліся. Сяргей увесь час сядзеў у штрафных ізалятарах, на адной такой адсідцы яму стала з сэрцам дрэнна, яго вывезлі ў лякарню, — распавёў Раманаў.
«Шмат супрацоўнікаў калоніі звальняліся»
Па словах мужчыны, супрацоўнікі калоніі зусім не былі пагалоўна задаволены тым, што адбываецца.
— За час майго знаходжання ў калоніі шмат супрацоўнікаў звальняліся, многія з іх хадзілі ў 2020 годзе на пратэсты. Былі супрацоўнікі калоніі, якія да мяне ставіліся па-сяброўску і ўсё разумелі, — кажа Аляксей.
Ён з цяплом успамінае, як шмат беларусаў пісалі яму лісты падтрымкі ў калонію.
— Гэта мяне вельмі ўмацоўвала. Дасылалі нават дзіцячыя малюнкі. Людзі падпісвалі мяне на газеты. Выпісвалі «Новы Час», але мне яго не аддавалі. Калі ў СІЗА Гомеля я папрасіў аддаць мне газету, то прыгразілі штрафным ізалятарам. Я вырашыў не ваяваць, таму што не з маім здароўем гэта рабіць, — прызнаецца мужчына.
Наогул навіны з волі, кажа, даходзілі толькі ўрыўкамі.
— Некаторыя супрацоўнікі, якія спачуваюць, маглі нешта распавесці. Тэлевізар я не глядзеў. Нават усярэдзіне калоніі дзяржаўнае тэлебачанне завуць «Г******с ТБ». А газету «Советская Белоруссия» называюць «с****й», нават супрацоўнікі так і казалі: «Хто будзе с***у выпісваць?» — успамінае былы палітвязень.
«Узнікла адчуванне, што Васкрасенскі не вырашае абсалютна нічога»
Яшчэ калі Аляксей Раманаў знаходзіўся ў гомельскім СІЗА, каля года таму, яму прыйшоў ліст ад дзеяча Юрыя Васкрасенскага.
— Ён павіншаваў мяне з Новым годам і напісаў пра «Круглы стол дэмакратычных сіл» і пра ідэю прымірэння ўладаў з людзьмі. Я спачатку яму адказаў рэзка, маўляў, як жа вы будзеце прыміраць народ з тымі, хто забіваў гэты народ. Васкрасенскі мне працягваў пісаць, у нас завязалася перапіска. Ён тлумачыў у лістах, што спрабуе рабіць нешта для людзей, казаў, што ініцыяваў памілаванне. Таксама запрашаў мяне ў Мінск на размову, як вызвалюся, — распавядае мужчына.
Ён прызнаецца, што за год зняволення часта думаў аб тым, чаму б Лукашэнку не выйсці да людзей і не прапанаваць усім памірыцца. У выніку, вызваліўшыся, Аляксей вырашыў і сапраўды з'ездзіць да Васкрасенскага.
— Я паехаў на сустрэчу, бо хацеў абмеркаваць з ім, як зрабіць так, каб арганізаваць у Гомелі круглы стол па памілаванні, каб правесці нейкі дыялог і дамагчыся амністыі. На сустрэчы Юры Валер'евіч абражаў Святлану Ціханоўскую. Акрамя абраз, ніякіх прапаноў па дапамозе палітвязням я не пачуў. У мяне ўзнікла адчуванне, што Васкрасенскі не вырашае абсалютна нічога, — падвёў рысу Раманаў.
Аляксей з палітзняволеным праваабаронцам Леанідам Судаленкам
«Рэпрэсіі не скончацца»
Цяпер Аляксей ужо паўтара месяца як на волі. Яго ўвесь час кантралююць, і ён думае, як жыць далей. Мужчына перажывае, што ціск на яго працягнецца.
— На зоне мне здавалася, што я там памру. Мне было вельмі цяжка, болі былі пастаянныя. Калі я вызваліўся, я вырашыў, што ваяваць ужо не буду.
На волі я ўбачыў з боку міліцыі да сябе пагарду і нянавісць. Яны паставілі сябе вышэй за народ. Мяне могуць у любы момант пасадзіць. Да мяне прыходзяць сілавікі і правяраюць па тры-чатыры разы на тыдзень, хаця нагляд за мной не ўсталёўвалі. Выклікаюць, каб я кожную нядзелю прыходзіў у міліцыю на лекцыі. Там мне прыгразілі: калі не заткнешся — пасадзяць.
У дзень, калі я вызваліўся, горад быў увесь пусты, калі прыехаў у Мінск, убачыў, што ў людзей няма ўсмешак на тварах. Адчуванне, што мы знаходзімся ў краіне мёртвых. Рэпрэсіі не скончацца, таму што людзі не змірацца з тым, што адбываецца ў краіне, а нязгодных будуць працягваць караць, — упэўнены гамяльчанін.