Вораг бяжыць. Украінскія войскі вызвалілі Купянск і Ізюм, а таксама наблізіліся да Лімана

Сабралі навіны з украінскага фронту — яны вельмі пазітыўныя, УСУ працягваюць вызваляць свае тэрыторыі і робяць гэта досыць жвава.

photo_2022_09_10_09_28_33.jpg

Украінскія ўзброеныя сілы вызвалілі горад Купянск у Харкаўскай вобласці, заявіла дарадца старшыні абласнога савета Наталля Папова.

«Купянск — гэта Украіна! Слава УСУ!», — напісала Папова ў фэйсбуку і апублікавала фота ўкраінскіх жаўнераў на фоне адміністрацыйнага будынка ў Купянску. 

Таксама з'явілася відэа ўкраінскіх вайскоўцаў, якія ўваходзяць у Купянск. Акрамя таго, вызваленне горада пацвердзіла крыніца «Украінскай праўды» ў Харкаўскай ваенна-грамадзянскай адміністрацыі. Афіцыйна Кіеў і УСУ аб вызваленні Купянска пакуль не заяўлялі.

Ва ўсходнюю частку Купянска, якая аддзеленая ад заходняй ракой Аскол, украінскія войскі пакуль не змаглі зайсці, паведаміў расійскі прапагандыст Яўген Паддубны, які 8 верасня вёў рэпартажы з горада. Іншы прапагандыст Аляксандр Коц напісаў, што «стрымаць праціўніка пад Купянскім не атрымалася», і што «падраздзяленні адышлі і цяпер займаюць абарону па ўсходнім беразе Аскола».

У сваю чаргу намеснік міністра інфармацыі самаабвешчанай ДНР Данііл Безсонаў заявіў, што расійскія войскі таксама пакінулі горад Ізюм, які знаходзіцца прыкладна ў 70 кіламетрах на паўднёвы захад ад Купянска. Аб сыходзе расійцаў з Ізюму пад пагрозай поўнага акружэння паведаміў і адзін з былых кіраўнікоў самаабвешчанай «ДНР» Ігар Гіркін-Стралкоў, заявіўшы, што гэта «пацверджана цэлым шэрагам крыніц».

Украінскія і расійскія ваенныя блогеры таксама пішуць, што УСУ паспяхова фарсіравалі раку Северскі Данец і наступаюць на Ліман. Гэта значыць, што расійскай арміі не ўдалося спыніць украінскі наступ на рубяжы рэк Аскол і Северскі Данецк.