Уладзімір Зяленскі распавёў пра мару Пуціна і мару Украіны
Ідзе 1053-ці дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. У свеце ўсё больш размоў пра неабходнасць заканчэння гэтай вайны. Але эксперты сумняюцца ў дасягненні ўстойлівага міру, пакуль не зменяцца наратывы Крамля. А яны наўрад ці зменяцца, бо вайна — запаветная мара Пуціна, лічыць Уладзімір Зяленскі.
На працягу сутак, 10 студзеня, на франтах ва Украіне зафіксавана 213 баявых сутыкненняў, траціна з іх — 72 штурму — на Пакроўскім кірунку, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 студзеня 2025 года.
На Купянскім кірунку за суткі адбылося 8 атак расіян. На Ліманскім кірунку войскі РФ атакавалі 39 разоў. На Краматорскім кірунку зафіксавана 32 боесутыкненні ў раёнах Белай Гары, Часавага Яру і Ступачак.
На Тарэцкім кірунку расійцы ўчынілі пяць нападаў непадалёк ад Тарэцка і Шчарбінаўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку вораг 14 разоў атакаваў пазіцыі ВСУ паблізу Канстанцінопаля, Вялікіх Навасёлак, Нясумнага.
У аперацыйнай зоне ў Курскай вобласці падраздзяленні сіл абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі 29 нападаў расійскай арміі.
* * *
У ноч на 11 студзеня аналітыкі DeepState паведамілі, што расійцы акупавалі Курахава ў Данецкай вобласці. Акрамя таго, паводле звестак DeepState, расійцы прасунуўся каля Андрэеўкі, Салёнага і Навасёлак Данецкай вобласці.
Нагадаем, што расійскае Міністэрства абароны заявіла аб захопе Курахава яшчэ раніцай 6 студзеня, але ўкраінскія абаронцы казалі пра працяг расійскіх штурмаў у гарадской забудове.
* * *
У ноч на 11 студзеня расійцы атакавалі Украіну 74 БПЛА, з іх 47 збітыя сіламі СПА, яшчэ 27 — лакацыйна страчаныя, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
З-за падзення збітых варожых беспілотнікаў у сямі абласцях Украіны пашкоджаны гаспадарчыя пабудовы, установы, прыватныя дамы, аўтатранспарт. Загінулых няма, пра параненых не паведамляецца.
* * *
* * *
У ноч на 11 студзеня атацы БПЛА падвергнулася Расія. У прыватнасці, канал Mash піша, што пра атаку беспілотнікаў паведамілі жыхары Варонежскай, Курскай, Саратаўскай і Ліпецкай абласцей. Пра БпЛА ў рэгіёне паведамілі ўлады Анапы (Краснадарскі край). Паралельна расійцы пісалі, што дроны атакуюць Наварасійск.
У сеціве публікавалі кадры з Наварасійску, дзе было чуваць працу СПА, пасля чаго прагрымеў як мінімум адзін выбух. Неўзабаве расійцы публікавалі відэа пажару, са слоў яго аўтара БпЛА прыляцеў у порт.
У акупаваным Расіяй Крыме закрываўся Керчанскі мост.
Як адзначае расійская служба ВВС, Анапа і Наварасійск размешчаныя за 40 кіламетраў адзін ад аднаго. Наварасійск — галоўны расійскі гандлёвы порт на Чорным моры, акрамя таго, туды перадыслакавалася вялікая частка расійскага Чарнаморскага флоту.
* * *
Ніякія перамовы Крамля з заходнімі краінамі пасля заканчэння вайны ва Украіне на ўмовах расійскага дыктатара Пуціна не могуць стаць залогам устойлівага міру, гаворыцца ў справаздачы аналітыкаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Аналітыкі адзначылі, што Дональд Трамп заявіў аб жаданні Пуціна сустрэцца з ім, і такая сустрэча быццам бы ўжо рыхтуецца.
Крэмль у сваю чаргу пацвердзіў гатоўнасць весці перамовы па Украіне з Трампам без якіх-небудзь «папярэдніх умоў», але адзначыў, што яго пазіцыя застаецца нязменнай. Таму «ніякія перамовы не прывядуць да паўнавартаснага і ўстойлівага міру, пакуль Пуцін будзе заставацца прыхільнікам гэтых патрабаванняў, нягледзячы на “гатоўнасць” Крамля весці перамовы з лідарамі Захаду», — падкрэслілі эксперты ISW.
* * *
ЗША абвясцілі аб новых санкцыях, якія б'юць па расійскай нафтаперапрацоўчай прамысловасці. Пад абмежаванні трапілі, у прыватнасці расійскія нафтавыя гіганты «Газпрам нафта» і «Сургутнафтагаз». Услед за гэтым урад Вялікабрытаніі абвясціў аб увядзенні санкцый супраць гэтых жа расійскіх кампаній.
Новыя санкцыі «ствараюць значны ціск на расійскую эканоміку ... мы лічым, гэта павінна ўзмацніць ціск (на Расію) і спрыяць і без таго змрочным эканамічным прагнозам на 2025 год і ў далейшым для спадара Пуціна і яго эканомікі ваеннага часу», — заявіў каардынатар па стратэгічных камунікацыях Савета нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі.
* * *
Мара Украіны — атрымаць гарантыі бяспекі і скончыць вайну з Расіяй у 2025 годзе. Будзе рабіцца ўсё неабходнае, каб увасобіць яе ў рэальнасць, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю італьянскаму тэлеканалу RaiNews24.
«Пуцін хоча і заўсёды хацеў знішчыць нас цалкам. Гэта факт. Гэта яго мара. І не трэба верыць у іншыя казкі», — сказаў Зяленскі.
Таму, з ягоных слоў, Украіне патрэбныя такія гарантыі бяспекі, якія не дадуць магчымасці расійскаму дыктатару зноў прыйсці з вайной.
«Гэта наша мара — у гэтым годзе атрымаць гарантыі і ў гэтым годзе скончыць вайну. Мы будзем рабіць для гэтага ўсё», — падкрэсліў Зяленскі.