У Кіеве ўшаноўваюць памяць ахвяраў Еўрамайдану
Ва ўкраінскай сталіцы сёння запланаваныя мерапрыемствы да гадавіны гібелі ўдзельнікаў Еўрамайдану. З 18 па 20 лютага ў цэнтры Кіева загінула больш за сотню пратэстоўцаў, некалькі соцень былі параненыя.
Фота myalexandriya.blogspot.com
Следства па справе расстрэлаў дагэтуль працягваецца, але канкрэтныя вынікі пакуль несуцяшальныя, як кажа ўдзельнік кіеўскага Еўрамайдану Сяргей Кузан.
— Галоўныя асобы, адказныя за тыя крывавыя падзеі, ужо ўцяклі або ў Крым, або ў Расію. Я лічу, што пакуль мы не аднавім справядлівасць, пакуль яны не будуць пакараныя, мы
заўсёды будзем вяртацца да гэтага пытання. Калі не праз год, тады праз 10, 20 гадоў. Пакуль будуць жыць людзі з Майдану, мы будзе шукаць, вяртаць і прыцягваць вінаватых да адказнасці.
Паводле версіі следства, за расстрэл людзей адказвае былы міністр унутраных спраў Віталь Захарчанка, які цяпер знаходзіцца ў Расіі. Ад украінскага следства ў Расіі і Крыме
схаваліся таксама міліцыянты, якіх звінавачваюць у супрацьпраўным выкарыстанні зброі супраць майданаўцаў.
* * *
Украінцы ўшаноўваюць памяць ахвяраў у супрацьстаянні на Майдане ў Кіеве. Год таму з 18 па 20 лютага ўкраінскія праваахоўнікі спрабавалі сілай разагнаць акцыю пратэсту ў цэнтры сталіцы. У адносінах да пратэстоўцаў была прыменена зброя. Ахвярамі сутыкненняў сталі амаль 130 чалавек. “Ніхто не чакаў, што тагачасная ўлада пойдзе на расстрэл людзей”, — адзначае ўдзельнік самаабароны Майдану Сяргей Кузан.
— У нас ніколі такога не было, таму, відаць, ніколі і не думамі, што такое магчыма. Хоць да гэтага ўсё ішло. Яшчэ ўночы чакалі, што будуць штурмы, зброя. Чакалі гэтага. Але каб ужо так… Расстрэльваць, заманьваць людзей. Ім адмыслова наносілі раненні, каб іншыя людзі выходзілі вынесці гэтых параненых. А тым часам снайперы стралялі ўжо па іх.
У супрацьстаянні падчас Еўрамайдану загінулі таксама каля 20 супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Следства па справе гадавой даўніны дагэтуль не скончана.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя