У судзе расійскі афіцэр заявіў, што ваяваў «у сумежнай краіне»

У Расіі ў судзе расійскі афіцэр Алег Лявонцьеў заявіў, што ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі суседняй краіны, дзе расійскіх вайскоўцаў «нібыта не было», і, як паведамляюць расійскія СМІ, магчыма, гаворка ідзе пра Украіну. Ён не назваў месца дакладна, піша «Радыё Свабода».

Прарасійскія баевікі на вучэннях у Луганскай вобласьці Украіны, ілюстрацыйнае фота, 2017 год

Прарасійскія баевікі на вучэннях у Луганскай вобласьці Украіны, ілюстрацыйнае фота, 2017 год

У ходзе пасяджэння Лявонцьеў, які абвінавачваецца ў датычнасці да гібелі салдата тэрміновай службы, папрасіў суд вынесці «станоўчае рашэнне», каб працягнуць службу і адправіцца ў Сірыю.

«Гэта дазволіць прынесці нейкую карысць дзяржаве. Я ўжо ўдзельнічаў у адным з такіх мерапрыемстваў, але, адзінае, гэта было на тэрыторыі сумежнай краіны, на якой нас нібы не было», — працытаваў у сераду, 4 ліпеня, словы Лявонцьева фонд «Права маці», які прадстаўляе інтарэсы сям’і загінулага.

У фондзе адзначаюць, што гэта, верагодна, першая афіцыйная заява расійскага вайскоўца пра такі ўдзел у баявых дзеяннях; расійскія СМІ, якія цытуюць заяву фонду, робяць уласную выснову, што гаворка ідзе пра ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі менавіта Украіны.

Пацверджанняў гэтых слоў з іншых крыніц пакуль няма, усе СМІ спасылаюцца на заяву згаданага расійскага фонду.

З 2014 года, пасля расійскай анексіі Крыму, на частцы Данбасу працягваецца ўзброены канфлікт, выкліканы гібрыднай агрэсіяй Расіі. Украіна і Захад абвінавачваюць Расію ў падтрымцы баевікоў — і ўзбраеннямі, і жывой сілай. Спачатку Масква цалкам адпрэчвала заявы пра тое, што расійскія грамадзяне ўдзельнічаюць у канфлікце на Данбасе, пасля заявіла, што там могуць знаходзіцца толькі расійскія «добраахвотнікі», якія не належаць да Узброеных сіл і іншых сілавых фармаванняў Расіі. Пра затрыманых на лініі фронту на ўсходзе Украіны расійскіх вайскоўцаў у Маскве сцвярджалі, што тыя звольніліся з войска якраз перад паездкай на Данбас.             

Па звестках ААН, за час канфлікту ў рэгіёне загінула больш за 10 тысяч чалавек.