У пажары ў індыйскай святыні загінулі больш за 100 чалавек

Больш за 100 чалавек загінулі ў выніку пажару ў індуісцкай святыні ў індыйскім штаце Кераля (Kerala) на паўднёвым захадзе краіны, паведамілі ў мясцовай паліцыі. Яшчэ больш за 200 чалавек пацярпелі.


Паводле папярэдніх звестак, пажар адбыўся ў выніку выбуху на складзе піратэхнікі, якую планавалі выкарыстаць на індуісцкім фестывалі. Выбух прагрымеў каля 03:00 па мясцовым часе, калі ў храме на святкаванне сабраліся тысячы людзей.
Будынак святыні абваліўся ў выніку пажару, выклікаўшы шмат смерцяў.
Пацярпелых з сурʼёзнымі раненнямі шпіталізавалі ў мясцовы медычны каледж у сталіцу штату Кераля Трывандрум (Trivandrum). Шмат з пацярпелых у крытычным стане.
Кіраўнік паліцыі штату паведаміў, што некаторыя целы загінулых настолькі моцна абгарэлі, што апазнаць іх будзе магчыма толькі паводле ДНК.
Міністр унутраных спраў штату Рамэш Чэнніталя (Ramesh Chennithala) даручыў правесці расследаванне інцыдэнту. Прэмʼер-міністр Індыі Нарэндра Модзі (Narendra Modi) тым часам асабіста адправіўся на месца трагедыі.
Спадар Модзі выказаў спачуванні сваякам загінулых. Інцыдэнт, паводле яго слоў, зʼяўляецца «нямым і шакавальным па-за ўсялякімі словамі».
Паводле індыйскіх медыяў, мясцовыя ўлады не давалі дазволу праводзіць шоу феерверкаў каля святыні з меркаванняў бяспекі, а таксама праз скаргі мясцовых жыхароў.
Піратэхніку часта выкарыстоўваюць пры розных індыйскіх святаў, і яна нярэдка становіцца прычынай трагічных інцыдэнтаў.
Паводле belsat.eu