У Новай Зеландыі адбыўся землятрус магнітудай 7,1
Землятрус магнітудай 7,2 і выкліканае ім цунамі вышынёй у 30 сантыметраў, не ўчынілі шкоды Новай Зеландыі, паведамляе «РИА Новости» са спасылкай на міністэрства грамадзянскай абароны і надзвычайных сітуацый Новай Зеландыі.
Магутны землятрус магнітудай 7,1 адбыўся на адным з двух найбуйнейшых астравоў Новай Зеландыі — Паўночным. Мясцовыя ўлады пачалі эвакуацыю жыхароў некалькіх прыбярэжных раёнаў з-за пагрозы цунамі.
Як паведамляе ВВС, узровень пагрозы цунамі быў падвышаны пасля таго, як праз паўтары гадзіны пасля штуршкоў у раёне мыса Усходні на Паўночным востраве ўтварылася хваля вышынёй 30 сантыметраў. "Актыўнасць цунамі будзе працягвацца некалькі гадзін", — папярэдзілі мясцовыя ўлады.
Падземныя штуршкі былі зафіксаваныя ў пятніцу раніцай па мясцовым часе, іх эпіцэнтр размяшчаўся ў 170 кіламетрах на паўночны ўсход ад горада Гісбарн, паведамляе Геалагічная служба ЗША (USGS).
Ачаг землятрусу знаходзіўся на глыбіні 19 км. Паведамленняў аб разбурэннях або пацярпелых не паступала.
Штогод у Новай Зеландыі фіксуецца больш за 15 тысяч землятрусаў, але толькі каля 150 з іх бываюць досыць моцныя, каб людзі іх заўважылі.
Праз Новую Зеландыю праходзіць Ціхаакіянскі «вогненны пояс» — паласа вулканаў і тэктанічных разломаў даўжынёй у 40 тысяч кіламетраў. Ён апаясвае Ціхі акіян, ідзе уздоўж узбярэжжа Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі да паўднёвай часткі Аляскі, затым паварочвае да Японіі, Філіпінаў і Інданезіі і завяршаецца ў раёне вострава Новая Гвінея, Новай Зеландыі і паўднёва-заходняй Акіяніі. Менавіта ў «вогненным поясе» знаходзіцца пераважная большасць вядомых вулканаў планеты. Там жа адбываецца 90% усіх землятрусаў на Зямлі.