У Нідэрландах другі дзень масавых пратэстаў супраць антыкавідных захадаў
У ходзе пратэстаў у Гаазе сем чалавек былі затрыманыя, пяць паліцэйскіх пацярпелі. Мірныя акцыі праціўнікаў абмежаванняў прайшлі ў Амстэрдаме і Брэдзе.
У Нідэрландах у ноч на нядзелю, 21 лістапада, успыхнулі новыя беспарадкі з-за захадаў урада па барацьбе з каронавірусам. Паліцыя паведаміла ў Twitter, што сем чалавек былі затрыманыя ў Гаазе і пяць супрацоўнікаў праваахоўных органаў атрымалі траўмы, аднаму з іх прыйшлося звярнуцца па дапамогу ў шпіталь.
Па даных СМІ, праціўнікі абмежавальных мер падпальвалі ровары і матаролеры, закідвалі паліцэйскіх камянямі і абстрэльвалі іх феерверкамі. Паліцыя была вымушаная ўжыць вадамёты супраць дэманстрантаў.
У суботу дзве мірныя акцыі пратэсту прайшлі ў Амстэрдаме і горадзе Брэда на поўдні Нідэрландаў.
Гэта ўжо другая ноч масавых беспарадкаў у краіне. У ноч на суботу сотні пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы ў Ратэрдаме. Праваахоўнікі паведамілі пра затрыманне 51 чалавека, каля паловы з іх — непаўналетнія. Адзін супрацоўнік паліцыі быў шпіталізаваны, многія атрымалі нязначныя цялесныя пашкоджанні.
Мэр Ратэрдама Ахмед Абуталеб апісаў падзеі, якія адбыліся ў партовым горадзе, як «оргію гвалту». Для «падтрымання грамадскага парадку» гарадскія ўлады забаранілі правядзенне сходаў у раёне, дзе здарыліся беспарадкі.
Частковы лакдаўн у Нідэрландах
З-за павелічэння колькасці выпадкаў заражэння каронавірусам урад Нідэрландаў увёў частковы лакдаўн. Бары, рэстараны і супермаркеты павінны закрывацца не пазней за 20 гадзін, іншыя крамы — ужо ў 18 гадзін. Большасць работнікаў павінны перайсці на аддаленую працу, жыхарам дазваляецца збірацца дома групамі не больш за чатыры чалавекі. Зноў уведзена правіла абавязковай сацыяльнай дыстанцыі ў 1,5 метра паміж людзьмі.
19 лістапада ў краіне другі год запар была абвешчана забарона на навагоднія феерверкі, каб не абцяжарваць выратавальныя службы ў перыяд пандэміі. Урад разглядае таксама магчымасць дазволіць наведванне бараў і рэстаранаў толькі вакцынаваным і здаровым. Але ў такога падыходу існуе сур'ёзная апазіцыя ў парламенце краіны.
Паводле даных інтэрнэт-партала Worldometers, у Нідэрландах з пачатку пандэміі выяўлена 2 421 643 выпадкі заражэння вірусам SARS-CoV-2. Ад выкліканага ім лёгачнага захворвання COVID-19 і яго наступстваў памерлі 18 955 жыхароў краіны. Па даных урада Нідэрландаў, у краіне з насельніцтвам каля 17,2 млн чалавек цалкам вакцынаваны ад каронавіруса больш за 12,6 мільёна чалавек (73,42 %). Як мінімум адну дозу вакцыны атрымалі амаль 13,2 млн чалавек (76,63 %).
dw.com