У Эстоніі вынеслі прысуд прафесару Тартускага універсітэта за шпіянаж на карысць Расіі
Вячаслава Марозава асудзілі да шасці гадоў турмы. Але шэраг навукоўцаў сумняваюцца ў тым, што ён мог займацца разведкай на карысць Расіі.
Хар'юскі павятовы суд прыгаварыў да шасці гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі былога прафесара Тартускага універсітэта і грамадзяніна РФ Вячаслава Марозава па абвінавачанні ў дзеяннях супраць Эстоніі па даручэнні замежнай разведкі, піша «Новая газета. Еўропа» са спасылкай на ERR.
Як пішуць журналісты, у тэрмін зняволення залічаць час, які Марозаў правёў пад арыштам, калі быў падазраваным — яго затрымалі 3 студзеня 2024 года.
Як указваецца ў абвінаваўчым заключэнні, былы прафесар збіраў інфармацыю аб унутранай палітыцы, палітыцы абароны і бяспекі Эстоніі, а таксама аб звязаных з гэтымі сферамі людзях і інфраструктуры. Усю гэтую інфармацыю, у тым ліку аб адносінах Эстоніі з ЕС, Марозаў перадаваў расійскім спецслужбам падчас сваіх рэгулярных паездак у Расію. Ягонае супрацоўніцтва з Масквой доўжылася шмат гадоў.
«Напрыклад, Марозаў перадаў спецслужбам Расіі інфармацыю аб палітычнай сітуацыі і выбарах у Эстоніі, альянсах і сацыяльнай інтэграцыі. Сюды ўвайшлі факты, да якіх ён меў доступ як даследчык, а таксама публічная інфармацыя, якую Расія можа выкарыстаць, каб паставіць пад пагрозу Эстонію», — распавёў галоўны дзяржаўны пракурор Тааві Пэрн у прэс-рэлізе эстонскай пракуратуры.
Як адзначыў Пэрн, Марозаў атрымліваў невялікі ганарар, таму грошы не былі яго галоўным матывам у здзяйсненні злачынства. Ён быў завербаваны, калі яшчэ працаваў у СПбДУ.
Знаёмыя навукоўцы сумняваюцца ў тым, што ён мог займацца разведкай на карысць Расіі. У прыватнасці, пра гэта заявіў экс-дацэнт ВШЭ і калега Марозава Дзмітрый Дуброўскі і пецярбургскі гісторык Іван Курыла, які, паводле яго ўласных слоў, знаёмы з навукоўцам каля 25 гадоў.
«Магла быць нейкая правакацыя, нейкі шантаж [з боку расейскіх спецслужбаў]. <…> У любым выпадку, я ведаю, што па добрай волі ён бы нічога падобнага не зрабіў», — сказаў Дуброўскі «Важным гісторыям».
Экс-дацэнт ВШЭ таксама заявіў, што Марозаў «заўсёды крытыкаваў пуцінскі рэжым і быў, скажам так, у інтэлектуальнай апазіцыі».
Курыла лічыць арышт Марозава пераследам на падставе грамадзянства. «Тартускі ўніверсітэт звольніў Марозава на падставе арышту, гэта значыць да суда і доказаў віны. Мабыць, мы ведаем, у якой краіне гэта прынята. Універсітэт на практыцы даказаў, што савецкая спадчына ў ёй мацнейшая за еўрапейскую», — напісаў гісторык.
Вячаслаў Марозаў — былы прафесар паліталогіі Інстытута Шутэ Тартускага ўніверсітэта, дзе выкладаў з 2010 года. Як сказана ў яго сацыяльных сетках, з канца 1990-х Марозаў выкладаў у СПБДУ. Ён выступаў супраць вайны ва Украіне і крытыкаваў пуцінскі рэжым.