У акупаваным Бярдзянску ўзарвалі каменданта Арцёма Бардзіна
Камендант акупаванага войскам Расіі Бярдзянска Арцём Бардзін ці то памёр ад раненняў, атрыманых пасля выбуху ў яго аўтамабілі, ці за яго жыццё «працягваюць змагацца».
Аўтамабіль Арцёма Бардзіна быў падарваны ў цэнтры Бярдзянска, каля будынка, дзе размешчана створаная арміяй РФ «ваенна-грамадзянская адміністрацыя» горада. Пра выбух паведамляе расійскае РІА «Новости».
Выбух у Бярдзянску адбыўся ў аўторак днём. Відавочцы з месца здарэння паведамлялі пра слуп густога дыму і гукі стральбы. Расійскія СМІ пісалі, што выбух суправаджала перастрэлка, падчас якой паранілі аднаго чалавека.
Камендант Арцём Бардзін быў шпіталізаваны ў цяжкім стане, пазней стала вядома, што ён загінуў.
Уладзімір Рогаў, які раней уваходзіў у так званую «вайскова-грамадзянскую адміністрацыю» Запарожскай вобласці (а цяпер расійскія інфармагенцтвы называюць яго кіраўніком аб'яднання «Мы разам з Расіяй») сказаў ТАСС, што ў машыне Бардзіна выбухнуў боекамплект. «Памёр, на жаль, у бальніцы. Такія выпадкі ў нас рэгулярныя», — перадае ТАСС словы Рогава.
Праз нейкі час прарасійскія СМІ заявілі, нібыта Бардзін усё яшчэ жывы і лекары за яго жыццё «працягваюць змагацца».