Такую дзяржаву разбурылі!

Роўна сто гадоў таму пачалася агонія Аўстра-Венгрыі, якая літаральна за пару тыдняў знікла з мапы свету. Між тым, сёння ў Еўропе робіцца ўсё больш тых, хто сумуе па дунайскай манархіі.

skipetr_i_derzhava_avstro.jpg

«Няхай жыве імператар Франц-Іосіф Другі!» — заявіў бравы салдат Швейк». Напэўна, гэтая цытата з кнігі Яраслава Гашэка — адзінае, што прыходзіць на памяць, калі ўздымаецца тэма Аўстра-Венгерскай імперыі. Тая дзяржава перастала існаваць напачатку лістапада 1918-га. На яе рэштках імкліва паўсталі такія краіны, як Венгрыя, Чэхаславакія, Аўстрыя, Заходняя Украінская Народная Рэспубліка… Частка аўстра-венгерскіх тэрыторый адышла да Польшчы, Румыніі і будучай Югаславіі.

Падавалася, гісторыя вынесла Аўстра-Венгрыі свой канчатковы вердыкт. Між тым, сёння ў Еўропе ўсё часцей сумуюць па часах Габсбургаў. І гэта не настальгія па часе, калі арыстакраты давалі шыкоўныя балі, а кабеты насілі элегантныя капялюшыкі.

На думку шмат каго, сто гадоў таму была разбураная ўнікальная мадэль міжнацыянальнага сумеснага пражывання. Нагадаем, як выглядаў нацыянальны склад насельніцтва Аўстра-Венгрыі напярэдадні Першай сусветнай вайны: немцы — 23,5%, венгры — 19,1%, чэхі і славакі — 16,5%, сербы і харваты — 10,5%, палякі — 10%, русіны (украінцы) — 8%, румыны — 6,5%, славенцы — 2,5%, іншыя (італьянцы, яўрэі, цыгане) — 3,4%.

Пры тым, хаця краіна Габсбургаў і называлася імперыяй, на самай справе гэта была хутчэй федэрацыя Аўстрыі і Венгрыі. Прадстаўнікам нетытульных нацый дазвалялася вольна выкарыстоўваць сваю мову і развіваць нацыянальную культуру, ствараць нацыянальныя партыі.

Натуральна, абсалютнай гармоніі паміж народамі ў краіне не было. Можна ўзгадаць, як немцы блакавалі спробы чэхаў атрымаць нацыянальную аўтаномію. Тым не менш, факт застаецца фактам — нацыянальны чыннік не стаў асноўнай прычынай дзяржаўнага паралюшу Аўстра-Венгрыі ўвосень 1918-га. Прынамсі, так гаворыць аўтарытэтны амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр. Вядучым дэструктыўным фактарам стала стомленасць насельніцтва і жаўнераў ад вайны і выкліканыя той жа вайной эканамічная стагнацыя і праблемы з прадуктамі харчавання.

У сувязі з гэтым некаторыя гісторыкі нават кажуць, што па сутнасці Аўстра-Венгрыя была нейкай лабараторыяй будучай еўрапейскай інтэграцыі. Калі б у 1918 годзе шматнацыянальная імперыя захавалася, сёння працэс будаўніцтва агульнаеўрапейскага дому адбываўся б значна хутчэй. Што тычацца самой Аўстра-Венгрыі, то яна б цяпер выглядала падобнай на Вялікабрытанію — квазіўнітарная канстытуцыйная манархія, якая складаецца з аўтаномных суб’ектаў. Прынамсі такі малюнак прапануе Петр Наэл, старшыня чэшскай манархісцкай арганізацыі Koruna Česká.

У тым, што Аўстра-Венгрыя не стала новай Брытаніяй, вінаватыя, на думку таго ж Наэля, тагачасныя нацыянальныя лідары, што захапіліся ідэямі будаўніцтва асобных дзяржаў. Аднак іх мары заставаліся марамі, пакуль на дапамогу не прыйшла Антанта, якая вуснамі амерыканскага прэзідэнта Вудра Вільсана агучыла канцэпцыю права народаў на самавызначэнне.

Аднак гэта, маўляў, яшчэ не самая галоўная памылка Антанты. Канцэпцыя Вільсана надала сакральны характар ідэі незалежнасці ў палітычнай дыскусіі еўрапейскіх народаў. Галоўны адмоўны рэцыдыў гэтай з’явы — упартае нежаданне нацыянальных элітаў пагаджацца на сур’ёзныя інтэграцыйныя праекты ў межах таго ж Еўрасаюзу.

Акрамя таго, джын, якога выпусціў Вільсан, дасюль гуляе на свабодзе. Каталонія, Фландрыя, Шатландыя, Корсіка — няпоўны спіс рэгіёнаў, што патрабуюць суверэнітэту са спасылкай на тэзісы Вільсана ад 1918 года, якія былі датычныя галоўным чынам Аўстра-Венгрыі. Як піша бельгійскае выданне «Standart», фактычна сто гадоў таму пачаўся працэс балканізацыі Еўропы, фіналу якога пакуль нават не бачна.

Праўда, заявы пра тое, што Аўстра-Венгрыя магла стаць правобразам ЕС, падзяляюць далёка не ўсе. Некаторыя гісторыкі лічаць, што працяг існавання Аўстра-Венгрыі хутчэй бы адбіў у еўрапейцаў усе памкненні да інтэграцыі. У Аўстра-Венгрыі назіралася жудасная эканамічная дыспрапорцыя паміж аграрным Поўднем і індустрыяльнай Поўначчу. Маючы перад вачыма аўстра-венгерскі прыклад, у Парыжы або Берліне ніколі б не пайшлі на ўключэнне ў ЕС у свой час беднай Польшчы або Іспаніі.

Самае цікавае, што сёння, праз сто гадоў пасля краху дому Габсбургаў, з’явіліся канкрэтныя падставы казаць пра асцярожнае адраджэнне адзінства народаў былой дунайскай імперыі. Справа ў тым, што ў Будапешце, Празе, Варшаве і ў Вене ва ўладзе зараз правапапулісцкія ўрады, які стала канфліктуюць з Брусэлем. Ідэалагічная блізкасць і разборкі з кіраўніцтвам ЕС штурхаюць іх да кааперацыі, ідэалагічнай платформай якой служыць таксама і імперская спадчына. Праўда, у той жа Вене ў рэабілітацыю Аўстра-Венгрыі не надта вераць. Паводле словаў аднаго з супрацоўнікаў МЗС, гаворка ідзе выключна пра «пераарыентацыю курсу краінаў Сярэдняй Еўропы».