Расійскі мільярдэр: Грошы ў Расіі скончацца ў наступным годзе

Расійскі бізнесмен Алег Дзерыпаска падчас Краснаярскага эканамічнага форуму (КЭФ) выказаўся наконт шляхоў выхаду Расіі з цяперашняга крызісу. «Занадта шмат гэтага дзяржапарата і дзяржкапіталізму. Нам трэба больш свабоды», — заявіў ён.

_hroszy___deficyt___infljacyja___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg


Мільярдэр сказаў, што Расія ў цяперашнім крызісе ў найбліжэйшай будучыні сутыкнецца з фінансавым дэфіцытам. Каб пазбегнуць такога сцэнарыя, на думку бізнесмена, крайне неабходна прытрымлівацца вяршэнства права, спыніць павальныя пасадкі ў турмы, стварыць прымальныя ўмовы для замежнага бізнесу, а таксама значна скараціць штат сілавікоў і чыноўнікаў.

Вось што канкрэтна сказаў Дзерыпаска падчас КЭФ:

  • «Вельмі важна прытрымлівацца вяршэнства права і прадказальнасці. Калі мы будзем кожны год ці квартал мяняць правілы гульні, то ніхто не будзе нам верыць: ні расійскія прадпрымальнікі, ні замежныя».
  • «Неабходна спыніць гэтыя павальныя, з каменнага веку, «пасадкі» ўсіх запар невядома за што. Напрыклад, здзейсніў чалавек эканамічную правіннасць, кампенсаваў яе — хай ідзе далей працаваць».
  • «Выбіраць не даводзіцца. Грошай не будзе ўжо ў наступным годзе. Нам патрэбны будуць замежныя інвестары. А яны будуць глядзець, як расійскія інвестары зарабляюць, якія ў іх умовы. Калі мы не створым гэтыя ўмовы, то так і будзем далей толькі марыць».
  • «Неабходна ўдвая-ўтрая скараціць колькасць чыноўнікаў і сілавікоў. Мы разумеем, што яны — гэта сур'ёзны цяжар для расійскай эканомікі, асабліва ў перыяд такіх санкцый. Занадта шмат гэтага дзяржапарата і дзяржкапіталізму. Нам трэба больш свабоды».

На думку бізнесмена, дзяржкапіталізм — гэта шлях у нікуды і пустая трата грошай. Тым часам прадпрымальнікі — гэта адзіныя людзі, якія, накшталт Майсея, здольны вывесці Расію з бездані ў будучыню.

Алег Уладзіміравіч Дзерыпаска — расійскі прадпрымальнік, мільярдэр, старшыня назіральнага савета (у 2009-2012 гадах — генеральны дырэктар) і заснавальнік кампаніі «Базавы элемент». Кіраўнік аб'яднанай кампаніі «Русал» (да 2018 года) і En+ Group (да 2017 года). Старшыня савета дырэктараў кампаніі «Рускі алюміній» (2000 — 2007), прэзідэнт кампаніі «Сібірскі алюміній» (1997 — 2001), генеральны дырэктар Саянагорскага алюмініевага завода (1994 — 1997).

Фота з сайта gr-sily.ru

Фота з сайта gr-sily.ru


У 2008 годзе багацце Дзерыпаскі ацэньвалі ў 28 мільярдаў долараў ЗША. Ён з'яўляўся самым багатым расіянінам і займаў 9-е месца ў сусветным рэйтынгу мільярдэраў па версіі часопіса «Forbes». На студзень 2018 года Дзерыпаска знаходзіўся ў рэйтынгу на 247-м месцы з $7,1 млрд. У снежні 2019 года ён узначаліў рэйтынг расійскіх прадпрымальнікаў паводле версіі «Forbes», фінансавы стан якіх за мінулае дзесяцігоддзе зменшыўся больш за ўсё. Паводле звестак часопіса, багацце Дзерыпаскі з 2010-га да канца 2019 года знізілася з 10,7 млрд да 4 млрд долараў ЗША.

У 2017 годзе Дзерыпаска атрымаў грамадзянства Кіпра. Аднак у красавіку 2022 года ў сувязі з пападаннем у санкцыйны спіс Еўрасаюза быў пазбаўлены яго.

З красавіка 2018 года Дзерыпаска знаходзіцца пад санкцыямі ЗША з-за фінансавання праектаў Пуціна, з 2022 года — пад санкцыямі Еўрасаюза, Вялікабрытаніі і шэрагу іншых краін з-за ўварвання Расіі ва Украіну.

Пры гэтым варта зазначыць, што Дзерыпаска ў лютым 2022 года асудзіў расійскае ўварванне ва Украіну, заклікаўшы хутчэй пачаць мірныя перамовы. У пачатку сакавіка паўторна выступіў з заявай супраць вайны.