Расійская мотабрыгада, якую знішчылі пад Харкавам, карысталася картамі 1969 года

На дакументах расійскага мотастралковага батальёна 138-й гвардзейскай мотастралковай брыгады інфармацыя не абнаўлялася 53 гады. Зрэшты, гэты батальён загінуў пад Харкавам у пачатку вайны. І колькі такіх яшчэ было?

2751885.jpeg

Частка камандзіраў расійскіх войскаў, якія ўварваліся на тэрыторыю Украіны ў лютым, кіраваліся тапаграфічнымі картамі 1969 года. Пра гэта ў панядзелак, 18 ліпеня, паведамляе СБУ са спасылкай на дакументы вайскоўцаў РФ, канфіскаваныя ў Харкаўскай вобласці, піша korrespondent.net.

2751883.jpeg

У прыватнасці, на дакументах расійскага мотастралковага батальёна 138-й гвардзейскай мотастралковай брыгады інфармацыя не абнаўлялася не менш як 53 гады.

На гэтых картах цалкам адсутнічала нават Салтаўка — жылы масіў Харкава, які забудоўваўся яшчэ за часамі СССР — у пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Таксама адсутнічаюць Травянскае і Мурамскае вадасховішчы, таксама пабудаваныя ў сямідзесятыя гады. А дзяржаўная мяжа паміж Украінай і Расіяй намаляваная ад рукі асадкай, паколькі на картах 1969 года яе наогул не было.

Адметна, што хоць у гэтых расійскіх карт ёсць сучасныя рэгістрацыйныя нумары і нават грыф сакрэтнасці, пры дэталёвым вывучэнні можна заўважыць, што яны вырабленыя ў 1969 годзе.

2751884.jpeg

Кажуць, што навігацыйным забеспячэннем знішчанага на Харкаўшчыне мотастралковага батальёна займаліся Тапаграфічная служба Заходняй вайсковай акругі Расіі на чале з палкоўнікам Аляксеем Красновым, а таксама цэнтр геапрасторавай інфармацыі і навігацыі Расіі. "Напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну гэтыя падраздзяленні святкавалі 210-ю гадавіну тапаграфічнай службы Расіі і заяўлялі, што яны забяспечваюць расійскае вайсковае камандаванне "самымі сучаснымі картамі", вырабленымі нібыта з дапамогай "найноўшых перасоўных навігацыйна-геадэзічных комплексаў", — распавялі ў СБУ.

Пры гэтым 138-я гвардзейская мотастралковая брыгада Расіі, якая карысталася гэтымі картамі, была знішчаная УСУ ў канцы сакавіка каля Харкаўскай кальцавой дарогі на Старасалтаўскім кірунку.