Польскія памежнікі знялі на відэа, як беларускі памежнік кідае нешта ў іх машыну
Як піша Свабода, польскі бок заяўляе, што гэта не першы падобны выпадак, правакацыі працягваюцца.
Польская памежная варта заявіла, што ў ноч з 1 на 2 кастрычніка беларускі памежнік кінуў нейкі прадмет у бок патрульнай машыны польскіх службаў, і гэта не першы падобны інцыдэнт.
Кідок невядомым прадметам зафіксаваны на відэа.
Раней польскі бок паказаў здымкі, як у форме беларускіх памежнікаў ходзяць мігранты з краін Блізкага Усходу, у Беларусі апраўдалі гэтым патрэбу ўцекачоў у цёплых рэчах, якія далі якраз беларускія службы.
Як расказалі на прэс-канфэрэнцыі 27 верасня прадстаўнікі польскага МУС, Памежнай варты і Міністэрства абароны, польскія афіцэры штодня сутыкаюцца з правакацыямі беларускага боку. Іх асляпляюць святлом электрычных паходняў, крычаць на іх, а таксама абвінавачваюць у выкарыстанні «метадаў, падобных да гестапа». Беларускія падраздзяленні таксама імітуюць кіданне гранат праз мяжу або «халастыя стрэлы» ў палякаў. Яны таксама пакідаюць падазроныя пакеты перад польскімі памежнікамі і адразу адбягаюць, каб прадэманстраваць, што пакінутая рэч нясе пагрозу.
У першыя суткі кастрычніка быў рэкордны наплыў мігрантаў на мяжу — польскі бок прадухіліў 601 спробу нелегальнага пераходу на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі.
Агулам у польскіх цэнтрах утрымання ўцекачоў знаходзяцца 1490 чалавек, палова з іх — грамадзяне Ірака.
Як інфармуе Presseportal.de, у Нямеччыне затрымалі 49-гадовага беларуса, які незаконна перавозіў у краіну з Польшчы 41 мігранта ў фургоне. Вядома, што затрыманне адбылося яшчэ 30 верасня каля Франкфурта-на-Одэры.
Раней пра затрыманні людзей, у тым ліку грамадзян Беларусі за спрыянне нелегальнай міграцыі, казалі ў Польшчы. Агульная лічба затрыманых за гэта ў верасні склала 116 чалавек.