Польшча. Цвік у труну абнаўляльнай энергіі?

Дэпутаты партыі «Права і Справядлівасць» падалі ў Сейм законапраект рэвалюцыйных зменаў у функцыянаванні абнаўляльных крыніц энергіі — паведамляе «Newsweek Polska».



c97b839bb9c04c27a05.jpg

У выніку можа значна вырасці падатак на ветракі. Акрамя таго, кожны вятрак раз у два гады павінен будзе атрымаць новы дазвол на эксплуатацыю. Такі дазвол можа каштаваць некалькі дзесяткаў тысяч злотых.

Новыя правілы прадугледжваюць, што ветравыя турбіны можна будаваць у адлегласці ня меншай, чым 2 кіламетры ад жылых дамоў і ад месцаў, дзе пражываюць дзікія птушкі або растуць рэдкія расліны. Калі законапраект будзе прыняты, то практычна не будзе ў Польшчы кавалка зямлі, дзе можна будзе збудаваць новы вятрак.

Юрыдычны акт моцна ўскладніць рэалізацыю многіх энергетычных інвестыцый, не толькі ветравых электрастанцый.

Віцэ-міністр энергіі Анджэй Пятроўскі тлумачыць, што змены рыхтуюцца па просьбе жыхароў, якім перашкаджаюць ветравыя турбіны. Сапраўды, Вышэйшая кантрольная палата зафіксавала шматлікія парушэнні ў працэдурах выдачы дазволаў на будаўніцтва ветракоў. Аднак паталогію можна ліквідаваць разумна, абапіраючыся на схемы, якія спрацавалі ўжо на Захадзе.

Людзі, звязаныя з галіной абнаўляльнай энергіі, шукаюць у справе другое дно. Яны мяркуюць, што вайна з ветракамі адбываецца па ініцыятыве дырэктара "Радыё Марыя" ксяндза Тадэвуша Рыдзыка, якога слухаюць улады. Дырэктар таксама дзейнічае ў галіне абнаўляльных крыніц энергіі, але ў геатэрміі. І таму ветракі — для яго нявыгадная канкурэнцыя.

Ужо праз некалькі гадоў можа аказацца, што Польшча вырабляе замала энергіі з экалагічных крыніц, і Еўрапейская камісія прымусіць краіну імпартаваць частку зялёнай энергіі з іншых дзяржаў, на практыцы — з Нямеччыны. Для спажыўцоў танны нямецкі ток будзе ў радасць, а для польскіх вугальных электрастанцый можа стаць цвіком у труну.

www.radyjo.net