Пакуль Трамп «ратуе» неіснуючых салдат, Пуцін спрабуе заблытаць кіраўніка ЗША ў перамовах

Прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што будзе размаўляць з Пуціным пра «ўкраінцаў, якія трапілі ў атачэнне», хаця пацвярджэнняў гэтаму няма аніякіх. У той жа час Пуцін звыкла «пашырае» павестку перамоваў пра спыненне агню, мяркуючы, што і на Трампа ціснуць з-за ягоных абяцанкаў «скончыць вайну за 24 гадзіны».

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Ідуць 1119-я суткі шырокамаштабнай вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму  Лукашэнкі. За мінулыя суткі зафіксавана 155 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 сакавіка.

Напружанымі застаюцца Пакроўскі і Тарэцкі кірункі. На Пакроўскім кірунку УСУ за мінулыя суткі спынілі 44 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах населеных пунктаў Вадзяное Другое, Свірыдонаўка, Прамень, Новапаўлаўка, Котліна, Удалае, Новааляксандраўка, Андрэеўка і іншых.

За мінулыя суткі на Тарэцкім кірунку расіяне 25 разоў атакавалі ўкраінскія падраздзяленні каля Тарэцка, Дачнага, Дружбы, Дыліеўкі і інш.

На Новапаўлаўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 14 атак расіян у раёнах Аляксееўкі, Прывольнага і Канстанцінопаля.

На Ліманскім і Гуляйпольскім кірунках расіяне здзейснілі па 10 атак на кожным. На Купянскім кірунку ўчора адбылося дзевяць атак арміі РФ. На Краматорскім кірунку расіяне здзейснілі сем атак на пазіцыі войскаў УСУ.

У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі ўкраінскія войскі адбілі 18 атак расіян. Армія РФ нанесла 30 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, ужыўшы пры гэтым 42 кіраваныя авіябомбы.

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) фіксуе прасоўванне ўкраінскіх войскаў у раёне Тарэцка. Разам з тым назіраецца прасоўванне арміі РФ на Тарэцкім кірунку, а таксама каля Вялікай Навасёлкі і на захадзе Запарожскай вобласці.

Як паказваюць апублікаваныя 17 сакавіка геалакацыйныя кадры, УСУ прасунуліся ўздоўж вуліцы Данецкай на поўначы Тарэцка. Геалакацыйныя кадры ад 15 сакавіка паказваюць, што расійцы трохі прасунуліся на поўдзень ад Леанідаўкі (на паўднёвы захад ад Тарэцка).

Расійскі блогер распавядаў, што ў Тарэцку працягваюцца цяжкія вулічныя баі, і толькі некалькі дамоў падзяляюць расійскія і ўкраінскія пазіцыі ў некаторых раёнах, што стварае блытаніну на месцы. Іншы расійскі «ваенкор» сцвярджаў, што сілы абароны Украіны спрабуюць замацавацца ва ўсходнім мікрараёне Забалка на поўдні Тарэцка.

Нядаўна расійскія войскі прасунуліся ў кірунку Вялікай Навасёлкі. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 17 сакавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на поўдзень ад Прывольнага (на захад ад вялікай Навасёлкі). Расійскі «ваенкор» сцвярджаў, што УСУ контратакавалі паблізу Прывольнага і Бурлацкага (на паўночны захад ад Вялікай Навасёлкі).

Геалакацыйныя кадры ад 17 сакавіка паказваюць, што войскі РФ прасунуліся ў цэнтры Малых Шчарбакоў (на паўночны захад ад Рабоціна) Запарожскай вобласці. ISW пакуль не пацвярджаюць заявы расійскага боку аб нібыта захопе Малых Шчарбакоў і Шчарбакоў, і аб прасоўванні пуцінскіх войскаў на захад і ўсход ад Малых Шчарбакоў, і аб нібыта захопе вёскі Стэпавае (на захад ад Малых Шчарбакоў) і прасоўванні на поўнач ад населенага пункта.

* * *

З пачатку сакавіка расійскія войскі спрабуюць прарваць абарону Украіны на лініі Пяціхаткі — Малыя Шчарбакі ў Запарожскай вобласці. Баі працягваюцца, праціўнік актывізаваў атакі малымі пяхотнымі групамі і спрабуе замацавацца на стратэгічных кірунках, паведамляе аналітычны праект DeepState.

Паводле аналітыкаў, штурм украінскіх пазіцый у раёне Малых Шчарбакоў вядзе адноўлены пасля даўкамплектавання 108-ы дэсантна-штурмавы полк РФ. Па наяўных даных, расійцы дасягнулі пэўнага поспеху з поўдня вёскі і замацоўваюцца ў лесапалосах.

Таксама 108 ДШП пачаў штурм Пяціхатак. «У апошнія дні атакі на гэты населены пункт не спыняюцца, расійскія войскі імкнуцца ўзяць яго пад поўны кантроль», — паведамляе DeepState.

Акрамя таго, расійцы актывізаваліся ў раёне Стэпавага. Украінскія войскі стрымліваюць прасоўванне арміі РФ артылерыйскім агнём.

* * *

484571626_1001113212201757_141364441124665238_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп апраўдвае прыпыненне вайсковай дапамогі і абмену разведданымі Украіне «чалавечнасцю». Паводле яго слоў, «гэта было ўспрынята з разуменнем». «І мы павінны ўсвядоміць, і вы павінны ўсвядоміць, што калі я бачу, як хтосьці робіць нешта дрэннае, што прывядзе да вялікай колькасці смерцяў, адзіная прычына, чаму я ўмешваюся — гэта чалавечнасць. Я ўмешваюся дзеля чалавецтва», — сказаў прэзідэнт ЗША.

Пры гэтым прыпыненне абмену разведанымі паставіла пад пагрозу дзейнасць супрацьпаветранай абароны Украіны і жыцці мірных украінцаў, якіх Расія штоноч атакуе «Шахедамі».

Пры гэтым Трамп прызнаў, што ягоная спрэчка з Уладзімірам Зяленскім падчас візіту ўкраінскага лідара ў Белы Дом была часткай стратэгіі ціску на Украіну. 

«Нам трэба было прымусіць Украіну рабіць правільныя рэчы. Гэта была не простая сітуацыя. Вы ўбачылі невялікую сцэну ў Авальным кабінеце, але я думаю, што цяпер яны робяць правільныя рэчы, і мы спрабуем дасягнуць мірнага пагаднення, дасягнуць спынення агню, а затым і мірнага пагаднення», — заявіў Трамп. 

* * *

Дональд Трамп распавёў, што падчас сваёй размовы з Пуціным будзе казаць пра ўкраінскіх вайскоўцаў, якія, як сцвярджае кіраўнік Белага Дома, апынуліся ў атачэнні. «Я буду гаварыць з прэзідэнтам Пуціным, каб выратаваць украінскіх салдат, якія знаходзяцца ў вельмі складанай сітуацыі. Яны акружаны расійскімі войскамі. Калі б не я, іх бы ўжо не было», — сказаў Трамп падчас наведвання Кэнэдзі-цэнтра.

Варта адзначыць, што атачэнне ўкраінскіх салдат не пацвярджае ніхто: ні Генштаб Украіны, ні незалежныя эксперты ISW, ні разведданыя. Так, паводле звестак эстонскай выведкі, Украіна арганізавана выводзіць войскі з Курскай вобласці.

* * *

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа ў інтэрвію Fox News Radio заявіў, што перамовы па завяршэнні расійскай вайны супраць Украіны наблізілі бакі да міру, аднак трэба яшчэ шмат намаганняў, каб дасягнуць мірнага пагаднення. 

«Думаю, усе павінны пагадзіцца, што гэтую вайну трэба скончыць. І пытанне ў тым, як яе скончыць, каб яна не пачалася зноў. Такім чынам, асноўны план заключаўся ў тым, ці зможам мы прымусіць гэтых хлопцаў спыніць страляць адзін у аднаго, сесці і дамовіцца аб тым, як пакласці гэтаму канец назаўжды. Гэта была мэта прэзідэнта», — патлумачыў дзяржаўны сакратар ЗША.

Ён сказаў, што атрымаў «добрыя абавязацельствы» ад украінскай дэлегацыі на мінулым тыдні ў Саудаўскай Аравіі, і цяпер, па словах Рубіа, трэба атрымаць «нешта падобнае» ад расійцаў.

* * *

Эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што Уладзімір Пуцін часткова абараніў свае інтарэсы ў кантэксце прапановы аб 30-дзённым спыненні агню ва Украіне. 

ISW нагадвае, што 11 сакавіка Злучаныя Штаты і Украіна пагадзіліся на прапанову аб 30-дзённым спыненні агню, якое залежыць ад «ухвалення і адначасовага выканання (гэтага плана) Расіяй». Аднак 13 сакавіка Пуцін адхіліў прапанову аб часовым спыненні агню і заявіў, што спыненне баявых дзеянняў «павінна быць такім, каб прывесці да доўгатэрміновага міру і ліквідаваць першапрычыны» вайны.

«Такім чынам Пуцін адхіліў адзін з асноўных прынцыпаў прапановы ЗША і Украіны — што часовае перамір'е павінна папярэднічаць фармальным перамовам аб завяршэнні вайны», — адзначылі ў ISW.

Са слоў аналітыкаў, у прапанове Украіны і ЗША аб часовым спыненні агню адзначалася, што бакі абмяркоўваюць пытанне вяртання ваеннапалонных, затрыманых грамадзянскіх асоб і прымусова дэпартаваных украінскіх дзяцей, і падкрэслілі, што гэта запатрабуе будучых перамоваў з Расіяй. У той жа час, адзначылі ў Інстытуце, у праекце спынення агню не згадваецца пра перамовы з Расіяй датычна ўкраінскай тэрыторыі, энергетычнай інфраструктуры або актываў.

Такім чынам, перакананыя ў ISW, Пуцін спрабуе змяніць паслядоўнасць перамоваў, каб прымусіць Трампа зрабіць папярэднія саступкі па пытаннях, што не з'яўляюцца часткай украіна-амерыканскай прапановы аб часовым спыненні агню, але з'яўляюцца часткай ваенных мэтаў Расіі.

«Прыняцце гэтых расійскіх патрабаванняў у кантэксце перамоваў аб неадкладным спыненні агню, прывядзе да страты ЗША і Украінай каштоўных рычагоў уплыву падчас будучых перамоваў у забеспячэнні працяглага міру», — перакананыя ў ISW.