Дональд Трамп зрабіў вялікі аванс Расіі перад размовай з Уладзімірам Пуціным
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп анансаваў размову з Пуціным, якая павінна адбыцца ў аўторак, 18 сакавіка. У той жа час ужо цяпер Амерыка выйшла з групы, якая расследуе злачынствы агрэсіі Расіі супраць Украіны. Ідзе 1118-ты дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі адбылося 112 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 сакавіка. Інтэнсіўныя баі ідуць па-ранейшаму на Пакроўскім кірунку — там абаронцы Украіны спынілі 21 штурмавое і наступальнае дзеянне расіян у раёнах Зверава, Елізаветаўкі, Котліна, Новааляксандраўкі, Успенаўкі, Андрэеўкі і іншых населеных пунктаў.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 14 атак у раёнах Тарэцка і Дружбы. На Купянскім кірунку за суткі адбылося 11 атак расіян.
На Ліманскім і Новапаўлаўскімкірунках зафіксавана па 10 атак войскаў РФ на кожным. Па 6 штурмаў было адбіта на Гуляйпольскім і Арэхаўскім кірунках.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі адбылося 14 боесутыкненняў. Расіяне нанеслі 11 авіяцыйных удараў, скінуўшы 18 кіраваных авіябомбаў па сваёй тэрыторыі.
* * *
У Курскай вобласці Расіі ніводнае ўкраінскае падраздзяленне не знаходзіцца ў атачэнні, заявіў міністр абароны Украіны Рустэм Умераў у эфіры тэлеканала Fox News.
Вядоўца спытаў кіраўніка Мінабароны Украіны аб сітуацыі ў Курскай вобласці і ці можа гэты рэгіён стаць тэмай перамоваў паміж Украінай і Расіяй. Умераў адзначыў, што УСУ працягваюць абарончыя дзеянні і кантралююць значную тэрыторыю праціўніка. Паводле яго слоў, для захавання сіл камандаванне правяло планавую перадыслакацыю байцоў на больш выгадныя абарончыя пазіцыі.
«Цяпер ніводнае падраздзяленне не ў атачэнні. А заявы аб "тысячах акружаных вайскоўцаў" непраўдзівыя. Падобную інфармацыю расійцы летась распаўсюджвалі падчас саміту БРІКС, але тады гэта не пацвердзілася. Гэта працяг прапаганды», — заявіў Умераў.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся каля Баравой. Між тым на фронце фіксуецца прасоўванне расійскіх войскаў паблізу Вялікай Навасёлкі і ў Сумскай вобласці, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Згодна з картамі ISW, войскі РФ 16 сакавіка працягвалі намаганні выцесніць УСУ з іх пазіцый у Курскай вобласці, але не прасунуліся. Эксперты ISW таксама не знайшлі пацвярджэння расповедам расійскага блогера, што войскі РФ нібыта атачаюць нявызначаную колькасць байцоў УСУ на паўднёвы захад ад Суджы.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 15 сакавіка паказваюць, што войскі РФ нязначна прасунуліся ў заходняй частцы Басоўкі на поўначы Сумскай вобласці. Расійскія «ваенкоры» распавядалі, што каля Басоўкі і Жураўкі працягваюцца баі.
Камандзір украінскага палка беспілотнікаў паведаміў 15 сакавіка, што УСУ пашкодзілі значную колькасць расійскіх сістэм супрацьпаветранай абароны ўздоўж лініі фронту. Камандуючы таксама распавёў, што расійскія перадыслакацыі СПА ствараюць «дзіркі» ў зоне СПА Расіі, якія Украіна можа выкарыстоўваць для нанясення паспяховых удараў па цэлях праціўніка.
«Падобна, украінскія войскі праводзяць тактычную ўдарную кампанію па расійскіх сістэмах СПА ўздоўж лініі фронту ў Расіі і акупаванай частцы Украіны», — гаворыцца ў справаздачы ISW.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 15 сакавіка, паказваюць, што УСУ прасунуліся ў паўднёвай частцы Надзеі (на ўсход ад Баравой) у Луганскай вобласці.
Як паказваюць апублікаваныя 16 сакавіка геалакацыйныя кадры, войскі РФ прасунуліся ў палях на поўдзень ад Вясёлага (на поўнач ад Вялікай Навасёлкі) у Данецкай вобласці.
У астатніх раёнах прасоўванняў не фіксуецца.
* * *
У ноч на 17 сакавіка 2025 года (з 19.30 16 сакавіка) армія РФ атакавала Украіну 174-ма ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікамі іншых тыпаў, паведамляюць паветраныя сілы Украіны. Пацверджана збіццё 90 ўдарных БПЛА, 70 варожых беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).
У выніку траплення расійскага «Шахеда» ўначы 17 сакавіка ў Харкаўскай вобласці ўзнік маштабны пажар на тэрыторыі грамадзянскага прадпрыемства.
* * *

* * *
ЗША выходзяць з шматнацыянальнай групы, якая расследуе злачынствы Расіі падчас яе ўварвання ва Украіну, уключаючы дзеянні кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна, паведамляе The New York Times.
Гаворка ідзе пра Міжнародны цэнтр пераследу за злачынства агрэсіі супраць Украіны (ICPA), які стварылі для прыцягнення кіраўніцтва Расіі, а таксама яе хаўруснікаў у Беларусі, Паўночнай Карэі і Іране да адказнасці за агрэсію, якая парушае суверэнітэт іншай краіны і не распачатая ў мэтах самаабароны.
Паводле звестак суразмоўцаў NYT, знаёмых з сітуацыяй, аб выхадзе ЗША з гэтай групы Міністэрства юстыцыі ЗША ўжо праінфармавала еўрапейскіх чыноўнікаў.
Акрамя таго, паводле звестак NYT, адміністрацыя Трампа таксама скарачае працу групы па расследаванні вайсковых злачынстваў, створанай у 2022 годзе тагачасным генпракурорам Марыкам Гарландам і ўкамплектаванай дасведчанымі пракурорамі. Гэтая група павінна была каардынаваць намаганні Міністэрства юстыцыі ЗША ў прыцягненні да адказнасці расійцаў, вінаватых у зверствах, учыненых пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
* * *
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа заявіў аб плане А і плане Б з амерыканскага боку адносна завяршэння вайны Расіі супраць Украіны. Паводле яго слоў, план А — гэта спыніць агонь, каб можна было перайсці да плана Б — пасадзіць усіх за стол перамоваў, магчыма, з дапамогай чаўночнай дыпламатыі. У выніку, па словах Рубіа, павінен знайсціся «спосаб назаўжды пакласці канец гэтай вайне такім чынам, каб гэта было доўгачасовым, улічвала патрэбы кожнага і гэтак далей».
Рубіа назваў «шматабяцальнай» сустрэчу спецпрадстаўніка Трампа Стыва Уіткафа з Пуціным 13 сакавіка. Нагадаем, Уіткаф заявіў, што ў рамках перамоваў аб спыненні агню ва Украіне павінна абмяркоўвацца Запарожская АЭС, доступ да партоў, сітуацыя ў Курскай вобласці.
Раней Уіткаф выказаў меркаванне, што цягам наступных тыдняў амерыканскаму боку ўдасца дасягнуць прагрэсу ў дачыненні да ўрэгулявання вайны Расіі супраць Украіны.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра намер правесці перамовы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным у аўторак, 18 сакавіка. Гутарка адбудзецца ў рамках патрабаванняў амерыканскага лідара адносна спынення вайны РФ супраць Украіны, піша Associated Press.
Са слоў Трампа, за выходныя было зроблена «шмат працы», цяпер амерыканскі бок хоча «ўбачыць, ці зможам мы пакласці канец гэтай вайне».
Прэзідэнт ЗША заявіў, што пытанне тэрыторыі і электрастанцый стануць часткай размовы аб завяршэнні расійска-ўкраінскай вайны. Пра якія менавіта тэрыторыі ішла гаворка, ён не ўдакладніў.
* * *
Пуцін наўрад ці адмовіцца ад сваіх амбіцый на далейшую акупацыю Украіны нават пасля спынення агню, лічаць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW).
У справаздачы аналітыкі адзначылі, што расійскія войскі знаходзяцца на левым беразе Дняпра насупраць Херсона, прыкладна за 25 кіламетраў ад Запарожжа і за 30 кіламетраў ад Харкава. Расійскія войскі на Дняпры маглі б выкарыстоўваць перамір'е для падрыхтоўкі да надзвычай складанага бесперашкоднага фарсіравання ракі, што значна павысіла б верагоднасць поспеху ў гэтай аперацыі.
«Прыпыненне добра падрыхтаванага буйнога механізаванага наступу на марозе — надзвычай рэдкая з'ява на вайне. Гэта азначае, што аднаўленне расійскага наступу, хутчэй за ўсё, стане сур'ёзнай пагрозай для Харкава, Запарожжа, і ключавых гарадоў Данецкага "пояса крэпасцяў" (50-кіламетровая лінія з чатырох буйных гарадоў Данецкай вобласці: Канстанцінаўка, Славянск, Краматорск і Дружкоўка)», — перакананыя ў ISW.
У справаздачы адзначаецца, што Расія будуе вялікую аўтамагістраль і чыгунку, якія павінны злучыць буйныя гарады ў акупаваных раёнах Украіны і Расіі. Гэта павінна ўзмацніць расійскі кантроль на акупаваных тэрыторыях і здольнасць камандавання агрэсара перавозіць і абсталёўваць свае войскі ў выпадку будучага наступу на поўдні Украіны.
У ISW нагадалі, што кіраўніцтва Расіі захоўвае свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на ўсе акупаваныя тэрыторыі Украіны — і нават на значную неакупаваную частку краіны. Пра гэта сведчаць патрабаванні чыноўнікаў Крамля і Уладзіміра Пуціна персанальна аддаць усю тэрыторыю Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, уключаючы тыя раёны, якія яшчэ не акупаваныя войскамі РФ.
Нядаўна Пуцін заявіў, што «Наваросія» з'яўляецца неад'емнай часткай Расіі, а прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў вызначыў «Наваросію» як усю Усходнюю і Паўднёвую Украіну, у прыватнасці Харкаўскую, Днепрапятроўскую, Адэскую і Мікалаеўскую вобласці.
«Пастаянныя заявы Крамля з патрабаваннем да Украіны саступіць неакупаваныя ўкраінскія тэрыторыі сведчаць, што Крэмль і Пуцін застаюцца адданымі гэтым тэрытарыяльным мэтам, нягледзячы на перамовы, якія працягваюцца», — лічаць у ISW.