Пацверджана адсутнасць пёраў у тыраназаўра
З тых часоў, як навукоўцы даведаліся, што шэраг відаў дыназаўраў, быў пакрыты пер'ем, яны спрабавалі вызначыць, ці мелася пёравае покрыва ў знакамітых тыраназаўраў (Tyrannosaurus rex).
Падазраваць гэта прымушала наяўнасць пёраў ці ніткападобных структур — протапер'яў — у некалькіх сваякоў тыраназаўра. Покрыва з прымітыўных ніткападобных пёраў мелася, напрыклад, у Dilong paradoxus — прадстаўніка групы тыраназаўравых, які жыў на 60 млн. год раней, чым Tyrannosaurus rex. Але канчаткова адказаць на пытанне, луска ці пёры меліся ў тыраназаўра рэкса, дазволіла толькі вывучэнне закамянелай скуры гэтых жывёл.
Аўтары гэтага даследавання праверылі адзіныя вядомыя на дадзены момант закамянелыя фрагменты скуры Tyrannosaurus rex. Яны належаць тыраназаўру, які атрымаў імя Вірэкс (Wyrex), шкілет якога ў дадзены момант выстаўлены ў Музеі натуральных навук Х'юстана. Закамянелыя кавалкі скуры належалі шыі, тазавай вобласці і хвасту жывёлы. Як аказалася, на іх маюцца толькі сляды лускавінак, але ніякіх прыкмет пёраў. Таксама былі выяўленыя і вывучаны ўзоры закамянелай скуры двух блізкіх сваякоў тыраназаўра: альбертазаўра (Albertosaurus) і горгазаўра (Gorgosaurus). Гэтыя старажытныя рэптыліі, як высветлілася, таксама былі пакрытыя лускай.
Аўтары працы лічаць, што калі гэтыя гіганты і насілі на сабе пер'е або протапер'я, то толькі на спіне ўздоўж пазваночніка — узоры скуры адтуль не патрапіліся палеантолагам. Паколькі ў больш ранніх прадстаўнікоў групы пёры меліся, даследчыкі мяркуюць, што буйныя тыраназаўравыя іх страцілі ў ходзе эвалюцыі, бо з-за свайго памеру ўжо не мелі патрэбу ў такім спосабе цеплаізаляцыі.
Паводле Science pro