Малдова: Рэванш не адбыўся

Мясцовыя выбары ў Малдове ў міжнароднай прэсе разглядаліся як своеасаблівы тэст на праеўрапейскі курс Малдовы. Малдова, здаецца, гэты тэст прайшла.  



large_5be811eb17_650x410.jpg

Прадстаўнік прарасійскіх сілаў ад партыі сацыялістаў Зінаіда Грэчаный, якая разглядалася як фаварыт у Кішынёве, заняла другое месца, саступіўшы дзеючаму мэру Дарыну Кіртаакэ. Праўда, у Бельцах (другім буйным горадзе Малдовы) кіраваць зараз будзе Рыната Усатый, які лічыцца крэатурай Крамля.

Сітуацыя напярэдадні выбараў ускладнялася тым, што па краіне гулялі чуткі пра падрыхтоўку Майдану. «З’явілася шмат размоў пра майданаўскі сцэнар. Маўляў, пасля таго, як кандыдат сацыялістаў стане мэрам у Кішынёве, пачнуцца студэнцкія акцыі пратэсту. Хадзілі чуткі, што, у сваю чаргу, у Прыднястроўі рыхтуюцца вайсковыя часткі, якія павінны ў выпадку хваляванняў у Кішынёве падтрымаць абранага мэра. Не думаю, што справа дойдзе да падобных правакацый. Прынамсі, тыя ж сацыялісты падкрэсліваюць, што з’яўляюцца прыхільнікамі еўрапейскага вектару і зацікаўленыя ў пашырэнні выключна эканамічнай кааперацыі з Масквой. Іншымі словамі, у выпадку спробаў дэстабілізацыі яны будуць, хутчэй, спрабаваць шукаць падтрымку ў Еўропе, а не ў Расіі»,— так напярэдадні выбараў пракаментаваў сітуацыю малдаўскі грамадскі актывіст Оцел Васіле.

Па словах Васіле, шмат у чым такія плёткі стварае непрадказальная сітуацыя ў суседняй Украіне. Напрыклад, прызначэнне на пасаду адэскага губернатара Міхаіла Саакашвілі, які мае вопыт адміністратара ў час вайны, шмат хто лічыць фазай падрыхтоўкі да адкрыцця другога фронту (асабліва з улікам намераў Кіева заблакаваць транзіт расійскіх войскаў у Прыднястроўе).

«На маю думку, характар падзей ва Украіне абсалютна непрадказальны — хто яшчэ год таму мог уявіць сабе, што Расія захопіць частку гэтай краіны? І гэта дало волю народнай фантазіі. Ходзяць нават чуткі, што Бельцы ў выпадку перамогі Рыната Усатый будуць патрабаваць ад Кішынёва статуса аўтаномнай рэспублікі. Я думаю, што Саакашвілі стаў губернатарам толькі таму, што Парашэнку ў Адэсе была патрэбная фігура, аўтарытэт якой не мог аспрэчыць яго канкурэнт, алігарх Каламойскі, які раней кантраляваў гэты горад. Пакуль мілітарызацыі ў яго ўчынках няма», — кажа малдаўскі актывіст.

Оцел Васіле таксама адзначыў, што, за выключэннем Кішынёва, сітуацыя на месцах дастаткова спакойная, а менавіта вынікі галасавання на месцах будуць вызначыць агульны вынік. Па сутнасці, так і адбылося. Нягледзячы на добры вынік прарасійскіх сілаў у сталіцы і Бельцах, большасць мэрый пакуль што дасталася партыям, якія ўваходзяць ва ўрадавы «Альянс за еўрапейскую інтэграцыю».

Праеўрапейскія партыі перамаглі ў 348 населеных пунктах, у той час як прарасійскія — у 56 населеных пунктах, а незалежныя кандыдаты — у 34-х. Другі тур адбудзецца ў 458 населеных пунктах, дзе ніводзін з кандыдатаў не набраў больш за 50 працэнтаў галасоў.

Выбары 14 чэрвеня сталі рэквіемам па партыі камуністаў, якая згубіла давер у Маскве і пачала фліртаваць з малдаўскім алігархатам, які падтрымлівае «Альянс за еўрапейскую інтэграцыю». Камуністы атрымалі толькі два месцы ў мэрыі Кішынёва. Уладзімір Варонін — лідар камуністаў, каб не згубіць твар, заявіў, што прычына ўсяму — спякота, якая, быццам, кепска ўплывае на выбарчы энтузіязм камуністычнага выбаршчыка.

Сціплыя вынікі апазіцыі прымусілі прарасійскіх палітолагаў зрушыць акцэнты ў сваіх каментарах. Цяпер яны звяртаюць увагу на кантраст палітычных сімпатый на вёсцы і ў буйных гарадах. Калі верыць некаторым расійскім экспертам, гэта з часам прывядзе да фактычнага падзелу краіны.

Сцэнарысты хуткага апакаліпсіса праеўрапейскага курсу Малдовы таксама чэрпаюць натхненне ў тым, што 16 чэрвеня пайшоў у адстаўку малдаўскі ўрад — следства адстаўкі прэм’ера Кірыла Габурыча ў сувязі з пытаннямі аб сапраўднасці яго дыплома аб адукацыі.

Цяпер парламенцкая большасць павінна вызначыцца з кандыдатурай на пасаду кіраўніка ўрада, аднак тую большасць яшчэ трэба стварыць. Для гэтага ў парламента будзе 45 дзён. Інакш краіну чакаюць датэрміновыя выбары.

Хаця сфармаваць урад будзе няпроста, у тым, што кааліцыя паўстане на базе партый праўрадавага «Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю», большасць аналітыкаў не сумняваюцца. Па-першае, Еўропа, якая не зацікаўленая ў дэстабілізацыі Малдовы, мае сродкі ціску на амбіцыйных палітыкаў. Па-другое, патэнцыйна кааліцыю могуць падтрымаць камуністы, якія, як адзначалася вышэй, моцна пасварыліся з Масквой.

Галоўнымі фаварытамі на пасаду прэм’ера называюць «малдоўскага Саакашвілі», цяперашняга кішынёўскага мэра, ліберала Дарына Кіртаакэ (калі Кіртаакэ не стане мэрам, лібералы могуць звязаць свой удзел у кааліцыі з прызначэннем яго на пасаду кіраўніка ўрада). Магчымай кандыдатурай з’яўляецца таксама спікер Андрыян Канду, і не выключана вяртанне ў прэм’ерскае крэсла ліберал-дэмакрата Юрыя Лянкэ.

Можна прагназаваць, што цяперашняя напружанасць у краіне пойдзе на спад пасля другога туру мясцовых выбараў 28 чэрвеня. Праўда, трэба будзе яшчэ перажыць гэты дзень. Справа ў тым, што гэтая дата сімвалічная для абодвух кандыдатаў на пасаду мэра Кішынёва. 28 чэрвеня 1940 года, адпаведна пакту Молатава — Рыбентропа, Чырвоная Армія захапіла Малдову, якая належала на той час Румыніі. Таму для Партыі сацыялістаў 28 чэрвеня — дзень вызвалення Малдовы ад румынскай акупацыі. У той жа час для лібералаў гэты дзень — кропка адліку савецкай акупацыі.

Праўда, Оцел Васіле асцярожна ставіцца да думкі пра тое, што тэма інкарпарацыі Румыніі здольная мабілізаваць як прыхільнікаў, так і праціўнікаў гэтага праекту. «Хутчэй, гэта гульня на нервах прыхільнікаў еўразійскай інтэграцыі. Пакуль што ніякай канкрэтыкі ў лозунгах за ўнію з Румыніяй няма. Дастаткова сказаць, што ў самой Румыніі гэта тэма агучваецца час ад часу. Некаторыя палітыкі выказваюць такую ідэю, аднак гэта хутчэй самапіяр».