Макрон і Стармер прапануюць перамір’е ва Украіне цягам месяца
Пакуль «мірны план Трампа» (якога ніхто не бачыў) пастаўлены на паўзу, лідары Еўропы распрацоўваюць свой план заканчэння вайны ва Украіне. Але ў той жа час разумеюць: «Хочаш міра — рыхтуйся да вайны». Ідзе 1104-ты дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расі супраць Украіны, пры падтрымцы і саўдзеле ў гэтай агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі на франтах ва Украіне зафіксавана 109 баявых сутыкненняў, піша Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 сакавіка. Расійскія войскі «прамацваюць» украінскую абарону ў многіх кірунках.
На Пакроўскім кірунку наступ расійцаў, імаверна, выдыхаецца — абаронцы Украіны спынілі ўсяго 18 расійскіх атак. Гэта мінімальная колькасць атак з пачатку года.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 15 разоў, спрабуючы рушыць наперад непадалёк ад Ямпалаўкі і Новаміхайлаўкі.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 14 атак у раёнах Тарэцка і Шчарбінаўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі пяць варожых штурмаў, на Краматорскім кірунку — чатыры штурмы, на Купянскім і Прыдняпроўскім кірунках — па тры атакі.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі абаронцы Украіны адбілі 30 атак расіян.
* * *
У ноч на 3 сакавіка аналітычны праект DeepState паведаміў пра прасоўванне расійскіх войскаў на Харкаўшчыне, Данеччыне і ў Курскай вобласці Расіі. Паводле інфармацыі праекта, расійскія войскі прасунуліся ў Пяшчаным у Данецкай вобласці, ля Паграбоўкі Курскай вобласці, Загрызава ў Харкаўскай вобласці.
* * *
Уначы 3 сакавіка ўдарныя беспілотнікі атакавалі Уфімскі нафтаперапрацоўчы завод у Расіі, які знаходзіцца больш чым у 1500 км ад мяжы з Украінай. Расійскі Telegram-канал SHOT заявіў, што пажар на НПЗ ахапіў 100 квадратных метраў.
Уфімскі НПЗ з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Расіі. Магутнасць гэтага нафтаперапрацоўчага комплексу, які складаецца з некалькіх прадпрыемстваў, у цэлым складае каля 20 мільёнаў тон нафты на год.
* * *

* * *
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў спрабуе выкарыстаць дыскусіі паміж ЗША і ЕС адносна магчымага разгортвання еўрапейскіх міратворчых сіл ва Украіне для прасоўвання патрабаванняў Крамля аб змене палітычнага рэжыму ва Украіне. Расія сцвярджае, што менавіта ўкраінскі ўрад з'яўляецца «першапрычынай» вайны, і спрабуе абвастрыць рознагалоссі паміж заходнімі хаўруснікамі, пішуць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Лаўроў заявіў, што планы ўвядзення еўрапейскіх міратворчых сілаў ва Украіну з’яўляюцца часткай намаганняў Захаду, накіраваных на «падбухторванне» Украіны да вайны супраць Расіі. Ён сцвярджаў, што Захад прывёў да ўлады прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага «штыкамі» і плануе выкарыстоўваць міратворчыя сілы для падтрымкі «ягонага рэжыму».
Лаўроў у чарговы раз паўтарыў крамлёўскія наратывы, сцвярджаючы, што першапрычынамі вайны сталі пашырэнне NATO на ўсход і нібыта дыскрымінацыя рускамоўнага насельніцтва ва Украіне.
«Крэмль, імаверна, спрабуе ўбіць клін паміж Злучанымі Штатамі і Еўропай, каб дамагчыся саступак на карысць Расіі на будучых мірных перамовах і іншых перамовах», — адзначаюць у ISW.
* * *
Украіне патрэбны менавіта мір. Гарантыі бяспекі з'яўляюцца ключом да гэтага, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце. «Менавіта мір нам патрэбны, а не вечная вайна. І менавіта таму мы кажам, што гарантыі бяспекі з'яўляюцца ключом да гэтага», — сказаў Зяленскі.
Ён паведаміў, што ў бліжэйшы час у Еўропе будуць сфармуляваныя «нашы моцныя пазіцыі». Гаворка ідзе пра лініі, «якіх павінны дасягнуць» і, лініі, з «якіх не можам адступіць». Пасля гэтага пазіцыі будуць прадстаўлены партнёрам у Злучаных Штатах.
Украінскі лідар падкрэсліў, што надзейнасць, працягласць міру і правільнае пагадненне аб заканчэнні вайны — гэта «сапраўды наш агульны прыярытэт».
* * *
Уладзімір Зяленскі сказаў заходнім журналістам, што ён гатовы пайсці ў адстаўку, калі Украіну прымуць у NATO і будзе скончаная вайна. Адказваючы на пытанне аднаго з прадстаўнікоў СМІ, Зяленскі заявіў, што змена кіраўніка дзяржавы будзе складаным працэсам. «Мала проста правесці выбары, трэба яшчэ і не дапусціць мяне. То бок, гэта крыху больш складана. Атрымаецца, што трэба дамаўляцца са мной. А я сказаў, што я мяняюся на NATO. Калі ёсць NATO і вайна скончылася, значыць, я выканаў сваю місію», — сказаў кіраўнік Украіны.
Таксама Зяленскі выказаўся пра ціск з боку міжнародных партнёраў, якія могуць спрабаваць уплываць на рашэнні Украіны. «Гэта выглядае так, што людзі распавядаюць украінцам, якім у іх павінен быць прэзідэнт. Асабліва калі гэтыя людзі займаюць афіцыйныя пасады. Гэта, калі шчыра, выглядае неканструктыўна і недэмакратычна. Можа быць, гэта выйсце для ўсіх — і для Пуціна, і для ўсіх, калі я не такі гнуткі, як яны кажуць. Ну, так, я мяняюся на NATO, шчыра кажу», — рэзюмаваў Зяленскі.
* * *
Французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам рыхтуюць сумесны план па дасягненні міру ва Украіне, піша Le Figaro. Макрон не верыць у пагадненне аб спыненні агню, заключанае паміж амерыканцамі і расійцамі, перакананы, што Пуцін будзе спрабаваць зняважыць Украіну, у прыватнасці шляхам яе дэмілітарызацыі, піша выданне.
Таму для пачатку Макрон і Стармер прапануюць «перамір'е ў паветры, на моры і ў энергетычнай інфраструктуры» цягам месяца. Па словах выдання, такі план мае перавагу, паколькі дазволіць кантраляваць выкананне перамір'я. «Трэба разумець, што фронт сёння — гэта эквівалент лініі Парыж-Будапешт. У выпадку ўсеагульнага спынення агню было б вельмі складана праверыць, ці выконваецца перамір'е па ўсёй лініі фронту», — падкрэсліў Макрон.
* * *
Прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што тэрмінова трэба пераўзброіць Еўропу. На наступным тыдні яна прапануе план з гэтай нагоды, піша The Guardian.
«Цяпер надзвычай важна павялічыць інвестыцыі ў абарону на працяглы перыяд часу. Гэта дзеля бяспекі ЕС. У геастратэгічным асяроддзі, у якім мы жывем, нам трэба рыхтавацца да горшага, а значыць, умацоўваць абарону», — падкрэсліла фон дэр Ляен па выніках саміту ў Лондане.