Ландсбергіс: Грамадзянскую супольнасць Беларусі трэба запрасіць да супрацоўніцтва ў фармаце Люблінскага трохкутніка

Кіраўнік МЗС Літвы абмеркаваў гэтую ініцыятыву з украінскім калегам.

gabrielius_landsbergis_79103937.jpg


Літва выступае за супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў фармаце Люблінскага трохкутніка, заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс 23 лютага ў Кіеве на сумеснай прэс-канферэнцыі з украінскім калегам Дзмітрыем Кулебам. Відэазапіс прэс-канферэнцыі апублікаваны на старонцы МЗС Украіны ў Facebook, паведамляюць naviny.online.

«Люблінскі трохкутнік — добрая ініцыятыва, — сказаў Ландсбергіс. — Я лічу, што мы павінны працягнуць працу ў гэтым фармаце, і, дзе гэта магчыма, мы маглі б паспрабаваць уцягнуць у яе грамадзянскую супольнасць Беларусі. У цяперашні час існуе не так шмат падобных палітычных фарматаў для грамадзянскай супольнасці Беларусі, якая змагаецца за магчымасць правядзення дэмакратычных выбараў».

У сваю чаргу, Кулеба заявіў, што на сустрэчы з міністрам замежных спраў Літвы яны «абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і апошнюю сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі».

«Нас абодвух турбуе, безумоўна, сітуацыя ў Беларусі, гэта наш сусед, не чужая нам краіна», — сказаў кіраўнік украінскай дыпламатыі.

Люблінскі трохкутнік — трохбаковы фармат узаемадзеяння Украіны, Літвы і Польшчы, створаны міністрамі замежных спраў у ліпені 2020 года на аснове прызнання шматвекавых гістарычных і культурных сувязей паміж трыма народамі. Фармат падкрэслівае ролю трох дзяржаў у працэсе фарміравання сучасных палітычных, культурных і сацыяльных рэалій Цэнтральнай Еўропы.

12 жніўня 2020 года міністры замежных спраў краін Люблінскага трохкутніка выступілі з сумеснай заявай, у якой выказалі глыбокую занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў і заклікалі ўлады ўстрымацца ад прымянення сілы. «Павага асноўных свабод і правоў чалавека, уключаючы дэмакратыю і вяршэнства права, з'яўляецца неабходнай для далейшага развіцця незалежнай і суверэннай Беларусі, якую мы цалкам падтрымліваем, — гаварылася ў заяве. — Мы ўпэўненыя, што толькі шляхам дыялогу бягучую сітуацыю можна вырашыць на карысць народа і дзяржавы Беларусь. Пры неабходнасці мы адкрытыя да любой дапамогі для садзейнічання гэтаму дыялогу».