Каталікам паўсюль цяпер дарога
Аказваецца, Джо Байдэн стаў другім у гісторыі ЗША прэзідэнтам-каталіком пасля Джона Кенэдзі. Літаральна пару-тройку дзесяцігоддзяў таму ў такі сцэнар было цяжка паверыць — з улікам папулярнасці ў Злучаных Штатах антыкаталіцкіх стэрэатыпаў.
На фоне цяперашняй бітвы за Белы дом можа застацца не заўважнай вельмі важная гістарычная дата. Роўна 300 гадоў таму, 21 лістапада 1520 года, у Паўночную Амерыку прыбылі першыя каланісты з Брытаніі. Можна ўпэўнена казаць, што перасяленцы, якія былі фанатычнымі пратэстантамі, прынеслі ў Новы свет і антыкаталіцкія забабоны.
Галоўным чынам гэта з’ява тлумачыцца тэалагічнай спадчынай Рэфармацыі, лідары якой крытыкавалі Рым, называючы каталіцкую царкву нават «вавілонскай блудніцай». Пазней рэлігійныя фобіі на адрас каталікоў узмацніла звычайная бытавая ксенафобія, выкліканая прыбыццём у Злучаныя Штаты мігрантаў з Лацінскай Амерыкі.
Усё гэта знайшло адлюстраванне ў палітычным працэсе ЗША, тон у якім задавалі выключна белыя пратэстанты. Многія палітыкі ахвотна выкарыстоўвалі антыкаталіцкія клішэ — ды прыпісвалі ўсім кліентам Касцёлу таемную сувязь з Ватыканам. Не дзіўна, што штотыднёвая антыкаталіцкая газета The Menace, якая выходзіла ў ХІХ стагоддзі ў штаце Місуры, мела наклад 1,5 мільёна асобнікаў.
Відавочна, што мясцовым каталікам, якія спрабавалі пайсці ў вялікую палітыку, было няпроста. Сваёй кульмінацыі антыкаталіцкая агітацыя дасягнула ў 1928 годзе, калі нечакана някепскія шанцы стаць прэзідэнтам атрымаў каталік, былы губернатар Нью-Ёрку Альфрэд Сміт. Ён быў абраны намінантам ад дэмакратычнай партыі.
Апаненты Сміта ператварылі яго веравызнанне ў чорны піяр. Па ўсёй краіне пратэстанцкія святары заклікалі падтрымаць рэспубліканца Герберта Гувера, які быў квакерам, і галасаваць супраць дэмакрата. Укаранялася думка пра «асаблівыя адносіны» кожнага шчырага каталіцкага верніка да ўраду дзяржавы, дзе той жыве. Маўляў, на самай справе ў душы кожны каталік падпарадкоўваецца выключна Папе Рымскаму. Каталіцкая царква, як сцвярджалася ў адным з маніфестаў рэспубліканцаў, варожая амерыканскім прынцыпам. У ход пайшла нават байка, што каталікі — спрэс аматары рому — абавязкова адменяць «сухі закон».Прадстаўнікам штабу Сміта даводзілася даваць клятву, што яны не з’яўляюцца шпіёнамі Ватыкана.
У выніку клерыкальная тэматыка і стала прычынай буйной паразы Сміта на выбарах. Ён атрымаў 40,8% галасоў, яго супернік Герберт Гувер — 58,2%. Зрэшты, нават сярод дэмакратаў было шмат тых, хто баяўся трансфармацыі арганізацыі ў партыю каталікоў.
«Антыкаталічкай» лічылася Элеанор Рузвельт — жонка Франкліна Рузвельта. Некаторыя чальцы амерыканскай адміністрацыі выступалі супраць стварэння NАТО, паколькі яго кіраўніцтва могуць захапіць еўрапейскія каталікі, нібыта схільныя да вайсковых канфліктаў у абарону веры.
Не дзіўна, што Джону Кенэдзі пра яго каталіцтва пачалі нагадваць яшчэ падчас праймерыз на выбарах 1960 года. Калі ж пачалася асноўная фаза кампаніі, рэспубліканцы дасталі напрацоўкі кампаніі супраць Сміта. Група святароў заявіла, што ў выпадку перамогі Кенэдзі прэзідэнцкая адміністрацыя будзе падпарадкоўвацца Рыму.
Аднак часы крыху змяніліся — і прэса раскрытыкавала спробы выкарыстаць рэлігію ў палітычнай антырэкламе. У сваю чаргу, Кенэдзі трымаў дыстанцыю ад службовых асоб каталіцкай царквы. У шырока разрэкламаванай прамове перад групай святароў-пратэстантаў ён казаў: «Я не каталіцкі кандыдат у прэзідэнты. Я — дэмакрат. Я не кажу ад імя маёй царквы па грамадскіх пытаннях — і царква не гаворыць за мяне».
У выніку антыкаталіцкая мабілізацыя рэспубліканцаў правалілася. Затое яна выклікала групавую салідарнасць каталікоў, якія шляхам галасавання за Кенэдзі заклікалі да палітычнай роўнасці. У выніку на ўчасткі прыйшлі (і галасавалі за прадстаўніка дэмакратаў) 80 працэнтаў каталікоў, што ў тым ліку забяспечыла Кенэдзі перамогу.
Парадаксальна, аднак канчатковы прысуд забабонам наконт каталікоў дазволіла падпісаць моладзевая рэвалюцыя 1960–1970-х гадоў. Рэвізія культурных і сямейных каштоўнасцяў, альтэрнатыўны лад жыцця маладых амерыканцаў не падабаўся ні каталікам, ні пратэстантам. Таму на выбарах 1980-га абедзве рэлігійныя групы аб’ядналіся вакол кандыдата-рэспубліканца Рональда Рэйгана, які ў выпадку перамогі абяцаў кансерватыўны рэванш. Гэты трэнд працягнуўся і ў далейшым. Прыкладна з 2000 года палова электарату рэспубліканскай партыі, якая ў свой час актыўна прасоўвала антыкаталіцкую тэму, складаюць наведвальнікі касцёлу.
Сітуацыя трошкі змянілася ў нулявых гадах праз серыю сексуальных скандалаў з удзелам каталіцкіх святароў. У красавіку 2008 года Gallup выявіў, што колькасць амерыканцаў, якія станоўча ставяцца да амерыканскіх каталікоў, скарацілася да 45%. Аднак кампанія Джо Байдэна сведчыць, што гэта быў, хутчэй, эпізод. Падчас выбараў тэма таго, што Байдэн — каталік, увогуле не гучала. Хаця той рэгулярна наведвае прыход у штаце Дэлавэр і любіць падкрэсліць факт свайго веравызнання на аўдыторыі. Увогуле, хутчэй за ўсё, сваёй прыхільнасцю да каталіцтва Байдэн абавязаны ірландскім караням сваіх бацькоў, якія і прывялі яго ў царкву.
Цікава, аднак, што пра каталіцтва Байдэна падчас выбараў згадвалі біскупы. Некаторыя адкрыта выказвалі сумневы ў тым, што Байдэн — «сапраўдны каталік», паколькі выступае за тое ж права на аборты і шлюбы для геяў. А нейкі святар са штату Тэнэсі нават пагражаў палітыку «божай карай». Зрэшты, гэта ўсё гучала хутчэй як кур’ёз. Перамога Джо Байдэна давяла, што эра антыкаталіцкіх настрояў у Злучаных Штатах засталася ў мінулым.