Калі замест закона была інтуіцыя
У 1933 годзе, 90 гадоў таму, адначасова з будаўніцтвам дыктатуры ў гітлераўскай Германіі быў запушчаны працэс стварэння нацысцкай прававой сістэмы, якая па сутнасці дазваляла асуджаць людзей без спасылкі на закон.
Нацысты і раней з правам асабліва не цырымоніліся і, дарэчы, гэтага не хавалі. Ужо праз некалькі месяцаў ва ўладзе, 24 сакавіка 1933 года, кабінет Гітлера паведаміў, што «законы Рэйха, прынятыя яго ўрадам, могуць адхіляцца ад канстытуцыі Рэйха».
Аднак нейкім чынам адхіленні ад Канстытуцыі, грэбаванне прававымі працэдурамі трэба было тлумачыць. Менавіта таму была прапанавана арыгінальная тэорыя права.
У аснове канцэпцыі новага права была пакладзена ідэя аб тым, што існуе нейкі асаблівы нямецкі закон, вытокі якога трэба шукаць у звычайным праве старажытных германцаў. Тыя законы нібыта знаходзіліся ў нейкай гармоніі з духам народа. Пасля ўключэння старажытных германцаў у цывілізацыю Рыма раннія прававыя нормы паступова аказаліся знішчаны і забыты. Замест гэтага ўзнікла фармальнае статуснае права, якое, як лічылі нацысты, не пасуе «нямецкаму духу і прававым перакананням нямецкага народа».
Адраджэнне нямецкага закона азначала перш за ўсё дыстанцыяванне ад абстракцыі і фармальнасці статутнага права і пастуляванне закона, які «блізкі да народа». Пры гэтым тым жа суддзям дазвалялася адчуваць той «інтуітыўна». «Закон — гэта не зямная рэч, якой можна навучыцца з законаў чалавечых, а вечны парадак жыцця, які заўсёды павінен быць у гармоніі з маральным законам у нашых сэрцах», — пісала выданне правазнаўцаў-нацыстаў.
Па ходу рэалізацыі ўстаноўкі стала зразумела, што за прыгожымі фразамі пра «душу народа» хаваецца жаданне знішчыць любую апазіцыю. У якасці прыкладу можна згадаць перагляд нацыстамі юрыдычнага прынцыпу «Няма пакарання без закона». Іншымі словамі, раней юрысты зыходзілі з пастулату, што ніхто не можа быць пакараны за дзеянне, якое на момант здзяйснення не было прама забаронена канкрэтным пісаным законам.
Гэтае становішча нацысцкія правазнаўцы актыўна крытыкавалі, называючы яго «Вялікая Хартыя вольнасцяў для злачынцаў». На іх думку, норма «Няма пакарання без закона» дазваляла злачынцам знаходзіць прававыя шчыліны і пазбягаць турмы. Замест гэтага пачаў укараняцца прынцып «Няма злачынства без пакарання». Абноўлены 2-гі параграф крымінальнага кодэкса Германіі з гэтага часу абвяшчаў: «Той, хто зрабіў учынак, за які нельга пакараць па закону, усё роўна заслугоўвае пакарання паводле асноўных паняццяў крымінальнага права і прынцыпаў разумнай нацыянальнай свядомасці». Калі адносна дзеяння нельга прымяніць ні адзін крымінальны закон, яно караецца згодна з тым законам, асноўныя палажэнні якога больш за ўсё адпавядаюць дадзенаму выпадку.
Таксама нацысты скасавалі прынцып, калі закон не мае зваротнай сілы. Гэты прыём увайшоў у прававую гісторыю як «Закон ван дэр Люббе». Гаворка пра нідэрландскага камуніста Марыюса ван дэр Люббе, які 27 лютага 1933-га падпаліў Рэйхстаг. Люббе арыштавалі, аднак учынены ім дэлікт не заслугоўваў паводле існуючых законаў смяротнага пакарання.
Такая дробязь гітлераўцаў не спыніла. Быў аператыўна прыняты закон аб тым, што падпальшчыкі могуць карацца смяротным пакараннем. Неўзабаве на падставе гэтага закона ван дэр Люббе быў адпраўлены на гільяціну.
Нарэшце, акрамя аб'ектыўных прыкмет складу злачынства, суддзі былі абавязаны ўлічваць псіхічныя характарыстыкі правапарушальніка. Суддзям было загадана падчас працэсаў ацэньваць не толькі дзеянне злачынца, але і яго асабістыя якасці, якія, быццам, могуць паўплываць на яго паводзіны ў будучым. Іншымі словамі, нацысты каралі не толькі за ўчынак, але нават і за магчымы намер.
Для таго, каб замацаваць новыя прававыя дагматы ў мазгах нямецкіх юрыстаў, для іх былі арганізаваны спецыяльныя лагеры паўмілітарнага тыпу. Кожны выпускнік юрфака быў абавязаны два месяцы праходзіць спецыяльны курс у падобным лагеры. Прычым курсы ўяўлялі сабой не толькі лекцыі па новым тлумачэнні права. Будучым юрыстам належала прайсці спартыўныя і ваенныя заняткі. Выключна тыя, хто прайшоў курсы, дапускаліся да здачы іспытаў на дыплом.
Спачатку такія лагеры функцыянавалі на базе кожнага ўніверсітэта або адміністратыўнай кропкі. Аднак з цягам часу было вырашана цэнтралізаваць падрыхтоўку юрыстаў. У горадзе Ютэрберг (цяперашняя зямля Брандэнбург) быў створаны агульнанацыянальны лагер для юрыстаў-выпускнікоў з усяго Рэйха. Агулам праз курсы ў Ютэрбергу прайшло 20 тысяч чалавек. Праўда, лагер праіснаваў літаральна 3-4 гады. З прычыны пачатку вайны яго вырашылі аддаць пад юрысдыкцыю Вермахта.
Застаецца дадаць, што нягледзячы на такую актыўную прамыўку мазгоў, практычных вынікаў было мала. Нават у часы зеніту нацысцкай дыктатуры юрысты і судзі намагаліся працаваць па-старому. Таму гісторыкі не ставяць пад сумнеў тэзу, што нацысцкая прававая сістэма аказалася эфемернай фікцыяй, якую ўжывалі хіба што для маніпуляцыі масамі і ў якасці алібі для манаполіі ўлады.