Яшчэ больш за 400 зняволеных саратаўскай калоніі паведамілі пра катаванні, збіццё і вымагальніцтва, — адвакат

Яшчэ больш за 400 зняволеных саратаўскай калоніі №13 у Расіі напісалі заявы, у якіх распавялі пра катаванні, збіццё і вымагальніцтва, паведаміла адвакатка пацярпелых Сняжана Мунцян.

Заснавальнік Gulagu.net Уладзімір Асечкін і яго інфарматар Сяргей Савельеў

Заснавальнік Gulagu.net Уладзімір Асечкін і яго інфарматар Сяргей Савельеў


Паводле слоў адвакаткі, гаворка ідзе як пра катаванні ў саратаўскім турэмным шпіталі №1, так і пра збіццё і вымагальніцтва ў самой калоніі.
Праваабарончы праект Gulagu.net 6 кастрычніка апублікаваў запісы катаванняў, здзекаў і згвалтаванняў зняволеных у туберкулёзным шпіталі Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСВП) у Саратаўскай вобласці. Пазней СМІ паведамілі, што начальнік упраўлення ФСВП па Саратаўскай вобласці, палкоўнік унутранай службы Аляксей Фядотаў падаў прашэнне аб адстаўцы. ФСВП пацвердзіла гэтую інфармацыю, а таксама паведаміла пра звальненне начальніка саратаўскай турэмнай бальніцы Паўла Гаценкі і яшчэ некалькіх чалавек. Заведзена некалькі крымінальных спраў.
Gulagu.net 4 кастрычніка паведаміў, што атрымаў 40 гігабайт відэазапісаў катаванняў і згвалтаванняў вязняў у расійскіх турмах. Архіў быў атрыманы дзякуючы былому вязню Саратаўскай турмы, беларускаму грамадзяніну Сяргею Савельеву, які таксама падвяргаўся жорсткаму абыходжанню. Яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай службай, на працягу гэтага часу ён кіраваў кампутарнай сеткай турмы і забяспечваў доступ да відэафайлаў з усёй расійскай пенітэнцыярнай сістэмы. Пры вызваленні ён змог вынесці флэшку з запісамі катаванняў. Цяпер ён знаходзіцца ў Францыі, дзе сустракаецца з журналістамі, працуе з адвакатам і накіроўвае звароты ў праваахоўныя органы Еўропы.