Іран не выпускае сям'ю Махсы Аміні атрымаць прэмію Сахарава

Бацькоў і брата Махсы Аміні не выпускаюць з Ірана, каб атрымаць прысуджаную ёй пасмяротна прэмію Еўрапарламента імя Сахарава. Сваякам не дазволілі сесці на самалёт, нягледзячы на наяўнасць дзеючай візы, а іх пашпарты былі канфіскаваныя.

solidarity_with_the_people_of_iran__52394248943_.jpg

Фота Махсы Аміні з акцыі ў  Мельбурне, дзе тысячы людзей сабраліся на мітынг у знак салідарнасці з пратэстамі ў Іране. Фота matthrkac.com.au

Улады ў Тэгеране не дазваляюць сваякам іранскай курдкі Махсы Аміні, якая была пасмяротна ўганараваная прэміяй Еўрапарламента «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава, выехаць з Ірана для атрымання ўзнагароды, паведамляе «Нямецкая хваля».

Гэта галоўная праваабарончая прэмія Еўрасаюза ўручаецца асобам, якія ўнеслі «выключны ўклад у барацьбу за свабоду думкі, правы чалавека па ўсім зямным шары».

Бацькам Аміні і яе брату «не дазволілі сесці на самалёт, які павінен быў даставіць іх у Францыю для атрымання прэміі Сахарава», паведаміў у суботу, 9 снежня, адвакат сям'і ў Францыі Шырын Ардакані агенцтву AFP.

Паводле яго слоў, сям'і было забаронена пакідаць Іран. Нягледзячы на наяўнасць дзеючай візы, іх пашпарты канфіскаваныя. Цяпер узнагароду ад імя сям'і прыме адвакат Салех Нікбахт, які ўжо знаходзіцца ў Парыжы.

Кіраўнік Еўрапарламента Раберта Метсола заклікала Тэгеран «скасаваць сваю пастанову аб забароне на выезд маці, бацькі і брата Махсы Аміні»

Метсола напісала ў сэрвісе мікраблогаў X, што ў наступны аўторак іх чакаюць у Страсбургу, дзе яны павінны «атрымаць прэмію Сахарава разам з мужнымі жанчынамі з Ірана». «Праўду нельга хаваць», — падкрэсліла Роберта Метсола.

Масавыя пратэсты пасля смерці Махсы Аміні

Махса Аміні памерла 16 верасня 2022 года пасля затрымання паліцыяй нораваў па абвінавачанні ў няправільным нашэнні галаўнога ўбору. Яе сям'я сцвярджае, што Махса памерла з-за жорсткага абыходжання з ёй у паліцыі. Улады ў Тэгеране адмаўляюць гэта.

Смерць Аміні выклікала па ўсім Іране масавыя акцыі пратэсту пад лозунгам: «Жанчына, жыццё, свабода!». 

Акцыі ішлі шмат месяцаў. Паводле звестак няўрадавых арганізацый, падчас пратэсных акцый загінулі больш за 550 дэманстрантаў, сем мужчын былі пакараныя.


Прэмія Еўрапарламента імя Сахарава

solidarity_with_the_people_of_iran__52394248943_.jpg

Прэмія «За свабоду думкі» (Sakharov Prize for Freedom of Thought), названая ў гонар савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, была заснаваная Еўрапарламентам у 1988 годзе, яе прысуджаюць людзям або грамадскім арганізацыям, якія вызначыліся ў справе абароны правоў чалавека і асноватворных свабодаў. Прэмія «За свабоду думкі» — галоўная праваабарончая ўзнагарода Еўрапейскага саюза. 

Памер прэміі складае 50 тысяч еўра.

У 2022 годзе прэміі былі ўдастоены ўкраінскі народ і Уладзімір Зяленскі. У 2021 годзе ўзнагароду атрымаў расійскі апазіцыянер Аляксей Навальны, які знаходзіўся ўжо тады ў калоніі. У 2020 годзе прэмію атрымала беларуская апазіцыя.   

У 2018 годзе — украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, якога ў той час утрымлівалі ў турме ў Расіі. 

Беларусы атрымлівалі прэмію таксама ў 2006 годзе — калі ёй быў уганараваны беларускі палітык Аляксандр Мілінкевіч, і ў 2004 годзе — яе атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, якую цяпер прызналі экстрэмісцкай.