«Іх да гэтага часу выцягваюць з-пад абломкаў». Жонка мабілізаванага — пра абстрэл у Макееўцы
«Мазгі з чаравікаў здымаем», — жонка вайскоўца РФ, які быў у Макееўцы, пераказала журналістам «Важных гісторый» расповед мужа.
Сярод мабілізаваных, якія загінулі ў акупаванай Макееўцы Данецкай вобласці, былі вайскоўцы з Самарскай вобласці. Пра гэта паведаміў губернатар рэгіёна Дзмітрый Азараў. Журналісты «Важных гісторый» кажуць, што гэтую інфармацыю ім пацвердзілі сваячкі двух мабілізаваных, якія знаходзіліся ў будынку прафтэхвучэльні № 19 (ПТВ), што трапіў пад абстрэл. Будынак цалкам знішчаны.
Адна з суразмоўніц, чый мабілізаваны муж быў дыслацыраваны ў макееўскай ПТВ, распавяла, што яму ўдалося выбегчы з будынка пасля таго, як туды трапіў першы снарад, а ўсяго траплянняў было чатыры. Паводле яе слоў, у ПТВ знаходзіліся вайскоўцы з двух палкоў, 44-га і 45-га.
Жанчына сцвярджае, што інфармацыя ад расійскага Мінабароны аб 63 загінулых няправільная: «Загінула нашмат больш. Іх да гэтага часу выцягваюць з-пад абломкаў». «Як толькі яны прыехалі туды, адразу сталі снарады прылятаць побач. Можа, мясцовыя жыхары [здалі размяшчэнне]. Яны там атрутай дыхалі на іх», — распавяла яна.
Яшчэ адна жанчына, чый сын быў дыслацыраваны ў ПТВ, распавяла журналістам, што выратавацца ўдалося артылерыстам: «Яны ў падвальным памяшканні былі, паспелі выбегчы». Яе сын уратаваўся, бо ў момант удару са сваім узводам знаходзіўся не на тэрыторыі ПТВ. Па словах жанчыны, у будынку было каля 400 чалавек — з улікам узвода, які пакінуў ПТВ.
«Мазгі з чаравікаў здымаем», — перадала другая суразмоўніца «Важных гісторый» словы свайго мужа, які пасля мабілізацыі быў дыслацыраваны ў Макееўцы. Яшчэ дзве жанчыны пацвердзілі, што іх сваякі з 44-га палка таксама дыслацыраваны ў Макееўцы, але не ўдакладнілі, ці знаходзіліся мужчыны ў будынку ПТВ.
Увечары 1 студзеня прарасійскі вайсковы блогер Уладзімір Раманаў напісаў, што ў будынку ПТВ размяшчаліся мабілізаваныя з Саратаўскай вобласці. У панядзелак ён паведаміў пра 200 загінулых.
Паводле даных расійскага Мінабароны, у выніку ўдару па Макееўцы загінулі 63 чалавекі. Упраўленне стратэгічных камунікацый УСУ паведамляла пра прыкладна 400 забітых і 300 параненых і выкладвала відэа наступстваў абстрэлу. Там бачна, што ад будынку нічога не засталося.
Паводле storage.googleapis.com