Фактар Удальцова
Бліжэйшым часам у Расіі на свабоду выходзіць Сяргей Удальцоў — адзін з лідараў «балотнага руху», у якім шматлікія палітолагі бачаць новага лідара антыпуцінскай апазіцыі.
Нягледзячы на сумны характар расійскага палітычнага працэсу часоў Пуціна, час ад часу тут узнікаюць вельмі яскравыя фігуры, і Сяргей Удальцоў, безумоўна, адзін з іх. На авансцэну Удальцоў прарваўся на пачатку 2000-х, калі кіраваў групоўкай «Авангард чырвонай моладзі» (АКМ), якая славутая радыкальнымі (і нават дзёрзкімі) акцыямі супраць рэжыму Пуціна. Актыў АКМ штурмаваў прыёмныя кіраўніка дзяржавы, біўся з АМАПам на Цвярской, перакрываў у Піцеры Неўскі праспект і гэтак далей.
Пры гэтым сам Удальцоў заўжды быў у першых шэрагах пратэстоўцаў. Ён больш за сто разоў затрымліваўся паліцыяй на мітынгах і дэманстрацыях, атрымаў багата адміністрацыйных арыштаў і правёў «на сутках» агулам некалькі месяцаў. Будучы за кратамі, ён трымаў сухую галадоўку аж да шпіталізацыі.
Радыкальны антыпуцінізм Удальцова міжволі прымусіў яго стварыць агульны фронт з ліберальнай апазіцыяй, адным з фронтмэнаў якога ён стаў падчас так званых «балотных пратэстаў» 2012-га. У выніку яго асудзілі за арганізацыю масавых беспарадкаў на чатыры з паловай гады. У зняволенні Удальцоў падтрымаў пуцінскі курс ва Украіне і выказаў жаданне выправіцца на Данбас, аднак на яго статусе гэта не адбілася. Толькі зараз, пасля адбыцця поўнага тэрміну, Удальцова выпускаюць з-за кратаў, што выклікала ў расійскай прэсе шмат спекуляцый.
Справа ў тым, што Удальцоў мае абсалютны аўтарытэт сярод расійскіх левых і адначасова вядомы ўсёй Расіі. Такім чынам, ёсць унікальны шанец злучыць ліберальную пратэстную аўдыторыю Навальнага з новым пакаленнем «сацыяльных» пратэстоўцаў — прафсаюзнікамі, «дальнабойшчыкамі», моладдзю, якая працуе па найме.
Такая мадэль апазіцыі, на думку палітолагаў, магла б стаць сур'ёзнай пагрозай пуцінскаму рэжыму, паколькі простаму чалавеку відавочна цікавей сацыяльныя тэмы, чым абяцанкі Навальнага змяніць «дрэнных, карумпаваных алігархаў» на «добрых капіталістаў». Як следства, расійская апазіцыя магла б выглядаць як прывабны для шырокай аўдыторыі сацыял-дэмакратычны праект. Дарэчы, сам Навальны сапраўды станоўча згадвае пра Удальцова. «Сяргей Удальцоў, які з'яўляецца палітычным вязнем і быў адным з лідараў левых арганізацый, безумоўна, ёсць маім паплечнікам», — кажа Навальны.
Аднак ёсць і думка, што такі сцэнар фармавання шырокай апазіцыі рэалізаваць немагчыма. Па-першае, існуюць моцныя ідэалагічныя нестыкоўкі паміж сімпатыкамі Навальнага і Удальцова. Навальны робіць стаўку на малады сярэдні клас ліберальных поглядаў, а Удальцоў заўжды працаваў з радыкальнай часткай расійскіх камуністаў, для якіх постаць Сталіна амаль сакральная. Не цураецца «Бацькі народаў» і сам Удальцоў. Пра гэты феномен згадвае, напрыклад, расійскі прапагандыст Сяргей Салаўёў. «Калісьці на перадачы я яго (Удальцова) спытаў: «Прыйдзеш да ўлады — расстрэльваць будзеш?» Ён вочы адвёў. Але было відавочна, што расстрэльваць пры Удальцовы будуць», — адзначыў Салаўёў.
Па-другое, Аляксей Навальны, які «прыватызаваў» пратэсты супраць Пуціна, наўрад ці пагодзіцца проста так падзяліцца штурвалам з Удальцовым. Наступствы гэтага могуць быць вельмі драматычныя для дысідэнтаў. Выданне «Новые ведомости» адзначае: «Навальны не захоча аддаваць лідарскія пазіцыі Удальцову, а Сяргей наўрад ці пагодзіцца на другія ролі. У сувязі з гэтым мы станем сведкамі канфлікту паміж двума лідарамі, а пасля пабачым і дэфрагментацыю пратэсту, што, вядома, будзе вітацца пуцінскімі чыноўнікамі».
Прычым, канфрантацыя на прыватным узроўні — яшчэ не самае кепскае. Самае кепскае, калі Удальцоў уступіць з Навальным у адкрыты канфлікт. Такі варыянт будзе азначаць дыскрэдытацыю ўсёй апазіцыі, паколькі без узаемнага зліву кампрамату наўрад ці абыдзецца. Напрыклад, раней жонка Удальцова сцвярджала, што Навальны мае дачыненне да фінансавых махінацый з фондам «балотнай» апазіцыі. У сваю чаргу, узгадваюць эпізод, калі Удальцоў вёў перамовы з людзьмі Саакашвілі, якія абяцалі яму падтрымку расійскіх алігархаў з Лондану. Некаторыя пракрамлёўскія палітолагі нават не хаваюць, што чакаюць менавіта такога развіцця падзей.
Існуе і трэці варыянт. На думку некаторых экспертаў, Удальцоў — чалавек з мінулага, і сітуацыю ён кардынальна не зменіць. «Касцяк таго пакалення, якое зараз ходзіць на акцыі Навальнага, пра яго (Удальцова) нічога не ведае, паколькі былі яшчэ дзецьмі, калі Сяргея «закрылі». Дый памяць тых, хто старэйшы, таксама кароткая. Таму сёння Сяргей Удальцоў — гэта нейкі прывід з мінулага жыцця», — піша «Московский Комсомолец».
Палітычныя перспектывы Удальцова «НЧ» пракаментаваў маскоўскі журналіст Дзмітрый Кастэнка:
— На жаль, расійская палітыка — як тэлевізар. Калі ты надоўга з яго знікаеш, то «сыходзіш у тыраж». Пра яго будуць пісаць некаторы час пасля вызвалення, але да ўзроўню Навальнага ён не дарасце. Ва Удальцова няма нават сваёй структуры. У Навальнага ўкладваюцца, і ён ведае, як знайсці тэму і нішу. Сяргею прыгатаваны лёс героя ўчарашніх дзён, на жаль.
Праўда, існуе версія, паводле якой Удальцоў сыходзіць да Зюганава, які, дзякуючы харызматычнаму Удальцову быццам бы збіраецца вярнуць сабе прывабнасць. Аднак у такім выпадку ў асноўным Удальцоў будзе змагацца з канкурэнтамі на левым фланзе. Так ці інакш, амаль усе каментатары пагаджаюцца, што перамены ў Расіі наспелі. Калі ў Сяргея Удальцова не атрымаецца стварыць шырокі апазіцыйны фронт, гісторыя агучыць іншае імя.