Энтузіязм, смеласць і салідарнасць свабодных людзей
Без «Салідарнасці» камуністычны свет таксама распаўся б, але дзякуючы ёй
камуністычная ідэя была разбіта ўшчэнт у імя барацьбы за правы працоўных,
дэмакратычныя вартасці і пачуццё нацыянальнага адзінства.
У 1981 годзе разам з Аленам Турэнам і Мішэлем Вавёркам мы шмат разоў былі на Гданьскай суднаверфі. Таксама ў снежні, напярэдадні ўвядзення ваеннага становішча. У Францыі і наогул на Захадзе “Салідарнасць” была вельмі папулярнай. Аднак падтрымлівалі яе па розных прычынах. Левыя бачылі ў гэтым уздыме рабочых шанс для ўкаранення ў Польшчы “сапраўднага” камунізму, кансерватары лічылі “Салідарнасць” нацыянальна-каталіцкім рухам, а дэмакраты падкрэслівалі яго антытаталітарызм. Таму з самага пачатку мы вырашылі, што для таго, каб зразумець прыроду гэтага феномена, трэба наладзіць сувязі з дзеячамі са шматлікіх невялікіх польскіх гарадоў.
Сіла і арыгінальнасць “Салідарнасці” вынікала з таго факта, што забастоўкі ў вялікіх цэнтрах (Гданьск, Катавіцы, Шчэцін, Новая Гута) надалі гэтаму руху ўсеагульнае вымярэнне. Таму што “Салідарнасць” аб’ядноўвала тры віды пратэсту.
Яна была, па-першае, “класічным” працоўным рухам, які імкнуўся палепшыць працоўныя адносіны (павелічэнне зарплат, існаванне незалежных ад камуністычнай партыі прафсаюзаў).
Па-другое, яна была дэмакратычным рухам, які змог аб’яднаць пад адным сцягам пратэсты рабочых, дэмакратычныя пастулаты, выказвальнікамі якіх былі інтэлектуалы, а таксама пачуццё нацыянальнай супольнасці, якая глыбока атаясамлівалася з каталіцызмам.
I нарэшце, па-трэцяе, “Салідарнасць” была нацыянальным рухам, які ўпісваўся ў доўгую польскую гістарычную традыцыю. Яна супрацьстаяла залежнасці ад чужых дзяржаў, у гэтым выпадку Расіі. У сваіх дзеяннях яна магла лічыць на падтрымку Каталіцкай царквы і папы рымскага.
Сілай “Салідарнасці” было менавіта аб’яднанне гэтых розных памкненняў і выступленне ад імя грамадства, рабочых, патрыётаў і дэмакратаў. Мае значэнне той факт, што гэты рух з самага пачатку выказваў тэндэнцыю да “самаабмежавання”, адкідваючы логіку непасрэднага сутыкнення з уладай, якую ў любую хвіліну маглі падтрымаць расійскія танкі. Гісторыя “Салідарнасці” з’яўляецца таксама аповедам пра ўзмацненне напружанасці паміж прафсаюзнымі дзеячамі, кансерватыўнымі патрыётамі (“сапраўднымі палякамі”) і інтэлектуаламі.
“Салідарнасць” не разбурыла ні камуністычнага ладу, ні савецкага свету. Абодва існавалі яшчэ дзесяць год, пасля чаго разваліліся самі, знутры. У большасці выпадкаў грамадскія нізавыя рухі адлюстроўвалі толькі крызіс эліт і крызіс улады. Аднак пры “Салідарнасці” распалася камуністычнае грамадства і ўсе яго міфы. Польскі рух паказаў, што камуністычная партыя душыць рабочы клас, што народная дэмакратыя не з’яўляецца ні дэмакратычнай, ні народнай, што ўся гэта сістэма трымаецца на расійскай ваеннай сіле. Без “Салідарнасці” камуністычны свет таксама распаўся б, але дзякуючы ёй камуністычная ідэя была разбіта ўшчэнт у імя барацьбы за правы працоўных, дэмакратычныя вартасці і пачуццё нацыянальнага адзінства. Ярузэльскі не лічыў сябе камуністам; ён называў сябе чалавекам, які не дапусціў увядзення расійскіх танкаў.
Канец камунізму не азначаў, канечне, пераходу да капіталістычнага і ліберальнага рая. Aднак “Салідарнасць” адыграла гістарычную ролю, таму што рабочы люд, грамадзяне і патрыёты знішчылі ідэалогію і міфы камунізму. З гэтага моманту ўжо ніхто не мог у іх паверыць – камуністычны кароль аказаўся голы.
У гісторыі чалавецтва няма такога масавага, працяглага і цэласнага руху, як “Салідарнасць”.
Аднак трэба помніць, што яна не была рэвалюцыйным рухам у традыцыйным значэнні гэтага слова. Яна не хацела захапіць уладу сілай, хоць і магла. Гэты рух змагаўся за лад, у якім грамадства можа існаваць аўтаномна: незалежныя прафсаюзы, свабодныя СМІ, патрыятычныя памкненні і грамадзяне, якія выказваюць розныя погляды. Нягледзячы на напружанне ў самой “Салідарнасці”, яна заўсёды трымалася ідэі кампрамісу і памяркоўнасці.
Сёння ўсе рухі, якія супрацьстаяць дэспатычным уладам і знешняму дамінаванню, могуць нагадваць пра “Салідарнасць”. Аднак можна заўважыць, што гэтыя рухі хутка распадаюцца знутры пад націскам напружання паміж нацыяналістамі і касмапалітамі, паміж дэмакратамі і рэлігійнымі інтэгрыстамі, паміж традыцыяналістамі і мадэрнізатарамі … Хоць варта таксама помніць, што гэтыя рухі змагаюцца з карумпіраванай і неэфектыўнай уладай па розных прычынах, часта спрэчных паміж сабой, а таксама што іх унутраны распад магчымы толькі там, дзе ўлада яшчэ не расправілася з імі сілай. Большасць дэмакратычных “вёснаў” у свеце скончылася фарміраваннем слабых рэжымаў, ахопленых карупцыяй, часта аўтарытарных, якія разрываюць канфлікты паміж нацыяналістычнымі, рэлігійнымі інтэгрыстамі і патрыятычнымі памкненнямі. Нават калі “Салідарнасць” таксама ў рэшце рэшт была пераможана, ніводзін рух не меў такой сілы і цэласнасці.
“Салідарнасць”, безумоўна, была найбольш буйной забастоўкай рабочых у гісторыі; забастоўкай, якая несла сцягі з дэмакратычнымі і нацыянальнымі лозунгамі. Нягледзячы на напружанне, у ёй не дайшло да распаду на нацыяналістаў і дэмакратаў, на радыкалаў і памяркоўных. Яна змагла захаваць неверагодную маральную сілу, аб’яднаўшы рабочых, студэнтаў, інтэлектуалаў (як ліберальных, так і больш кансерватыўных), аграрыяў, інжынераў, значную частку святароў, a нават некаторых членаў камуністычнай партыі. “Салідарнасць” была аб’яднаным “грамадствам” i, узняўшыся над унутранымі супярэчнасцямі, змагалася з уладай, моцнай толькі дзякуючы расійскім танкам. Пятнаццаць месяцаў карнавала “Салідарнасці” былі часам энтузіязму, смеласці, мудрасці, духу свабоды і салідарнасці.
Для даведкі:
Прафесар Франсуа Дзюбэ:
Выдатны французскі сацыёлаг. Былы дырэктар Вышэйшай школы
сацыяльных навук. Сааўтар разам з Аленам Турэнам, Мішэлем Вавёркам і Янам
Стралецкім “Solidarité”. Выдавецтва
“Фаяр”, 1982.