Экс-прэзідэнт Егіпта памёр у зале суда
Мухамед Мурсі сказаў у звароце да суда, што ў яго ёсць "шмат сакрэтаў", якія ён можа раскрыць. Праз некалькі хвілін ён страціў прытомнасць.
Былы прэзідэнт Егіпта Мухамед Мурсі памёр ва ўзросце 67 гадоў. Пра гэта паведамляе Associated Press са спасылкай на егіпецкае тэлебачанне.
Экс-прэзідэнт страціў прытомнасць падчас судовага пасяджэння па абвінавачванні ў шпіянажы і памёр проста ў будынку суда.
"Мурсі звярнуўся да суда са шкляной загародкі, у якой ён змяшчаецца ў час пасяджэнняў, і папярэдзіў, што ў яго ёсць "шмат сакрэтаў", якія ён можа раскрыць... Праз некалькі хвілін ён упаў", — гаворыцца ў паведамленні.
Мухамед Мурсі — першы прэзідэнт Егіпта, які быў абраны на ўсенародным галасаванні, — знаходзіўся ва ўладзе ў краіне каля года, у перыяд з 2012 па 2013 год. Ён быў зняты з гэтай пасады ў выніку масавых пратэстаў вайскоўцаў на чале з цяперашнім кіраўніком дзяржавы Абдэлем Фатахам ас-Сісі. На наступны дзень Мурсі змясцілі пад варту.
У Егіпце прайшлі масавыя дэманстрацыі прыхільнікаў Мурсі, падчас якіх загінулі сотні чалавек. З таго моманту ў Егіпце было арыштавана амаль 16 тысяч чалавек.
У 2015 годзе суд у Егіпце прысудзіў Мурсі да пажыццёвага зняволення за шпіянаж на карысць Катара, а пазней — да пакарання смерцю за планаванне ўцёкаў з турмы. У 2016 годзе смяротны прысуд Мурсі быў адменены.
У кастрычніку 2016 года суд пакінуў у сіле прысуд у дачыненні да Мурсі, згодна з якім яму трэба будзе правесці 20 гадоў у турме за расправу над пратэстоўцамі ў снежні 2012 года. А ў лістападзе 2016 года касацыйны суд у Егіпце адмяніў смяротны прысуд у дачыненні да Мурсі і пяці чальцоў кіраўніцтва руху забароненай у краіне арганізацыі “Браты-мусульмане”.
У снежні 2017 года Мурсі быў прысуджаны судом да трох гадоў пазбаўлення волі па справе аб абразе суддзяў.
Паводле korrespondent.net