Дзесяць тысяч за вуха пісьменніка
Партыя «Сучасны Мусават» прыняла рашэнне даць узнагароду таму, хто адрэжа вуха пісьменніку Акраму Айліслі, аўтару рамана «Каменныя сны». І гэта толькі адзін эпізод маштабнага цкавання, якое распачалося ў Азербайджане.
Акрам Айліслі на прэс-канферэнцыі
«Каменныя сны» — гэта другая частка трылогіі. Першая частка — «Емен» — была напісана яшчэ ў 1990 годзе. Трэцяя часткай трылогіі пад назвай «Грандыёзны корак» пакуль знаходзіцца ў рукапісе. Сутнасць кнігі палягае ў выкладзе лёсу бакінскага інтэлігента і яго разважанняў пра армяна-азербайджанскі канфлікт і адносіны двух суседніх народаў.
«Айліслі ў сваім рамане абразіў 4,5 мільёна выхадцаў з Заходняга Азербайджана (сучасная Арменія), прадставіўшы іх дзікунамі. Таму прынята рашэнне, што ўсіх пакаранняў для Айліслі будзе мала і неабходна адрэзаць яму вуха. Выкананне гэтага рашэння даручана чальцам моладзевага аддзялення партыі. Той, хто гэта зробіць, атрымае прэмію ў 10 000 манатаў (амаль 10 тысяч еўра — рэд.)», — сказаў лідар партыі Хафіз Гаджыеў агенцтву «Turan».
Хафіз Гаджаеў
Цікава, што на ініцыятыву Гаджыева ніяк не адрэагавалі праваахоўныя органы. Ніякага пераследу лідара «Сучаснага Мусавата» не назіраецца. Затое ёсць сапраўднае цкаванне яшчэ нядаўна народнага пісьменніка.
Спачатку прадстаўнікі праўладнай моладзевай арганізацыі Партыі «Ені Азербайджан» (ПЕА) правялі акцыю перад домам пісьменніка. Удзельнікі акцыі скандавалі: «Акрам, прэч з краіны!», палілі фатаграфіі пісьменніка і яго кнігі. Такія акцыі сталі праводзіцца рэгулярна.
Акцыя ля дома пісьменніка
Пасля свой праведны гнеў пачалі выказваць работнікі культуры. «Адкрыўшы сайт часопіса «Сяброўства народаў», прачытаў раман-рэквіем Акрама Айліслі «Каменныя сны». Прачытаў у два прыёмы, адразу не змог, не хапіла душэўных сіл, і дагэтуль не магу адкараскацца ад адчування таго, што выпацкаўся ў чымсьці брудным, ад чаго цяжка адмыцца», — піша на адным з афіцыйных сайтаў Акіф Мелікаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Азербайджана.
Рашуча асудзіў аўтара рамана і Саюз пісьменнікаў Азербайджана, адзначыўшы нізкую мастацкую вартасць кнігі. А дзяржаўны драматычны тэатр адмовіўся ставіць п’есы Айліслі.
Далей — болей. Вясновая сесія азербайджанскага парламента пачалася з абмеркавання сітуацыі вакол рамана. Тэму амаральнасці літаратара дэпутаты вышэйшага заканадаўчага органа абмяркоўвалі амаль гадзіну. «Гэты чалавек не заслугоўвае звання народнага пісьменніка Азербайджана за зневажэнне і абразу азербайджанскага народа, яго веры і звычаяў», — сказаў дэпутат Муса Гуліеў. Яшчэ адзін дэпутат, Алі Ахмедаў, папрасіў пазбавіць пісьменніка ордэна «Шохрат». А дэпутат Ахмед Веліеў прапанаваў вызначыць генетычны код такіх людзей, як пісьменнік Акрам Айліслі.
Ад словаў перайшлі да дзеянняў. Нацыянальная акадэмія навук Азербайджана (НАНА) пачала даследаванні ў сувязі з творам. «Гэтыя даследаванні будуць праводзіцца ў інстытутах гісторыі, археалогіі і этнаграфіі, філасофіі, сацыялогіі і права. У творы шмат памылак і не адпаведных праўдзе фактаў. Мы на навуковай аснове выкрыем гэтыя памылкі і звернем увагу грамадскасці на іх», — паведаміў прэзідэнт НАНА Махмуд Керымаў.
У інтэрв’ю Радыё «Азадлыг» сам Акрам Айліслі падкрэсліў, што выказаў у рамане свае погляды і ўражанні, а не арыентаваўся на факты: «Хто можа даказаць, правы я ці не? Ці можна сказаць якому-небудзь пісьменніку, што ты ў сваім творы абразіў народ? Я і калі пісаў думаў, і цяпер думаю, што не меў намераў ачарніць азербайджанскі народ, нашкодзіць яму».
Пераследам самога пісьменніка ўлады не абмежаваліся. Сына Акрама Айліслі палкоўніка-лейтэнанта Мытнай службы Наджафа Наібава (Айліслі), які 12 гадоў узначальваў аддзел у фінансавым упраўленні Дзяржаўнага мытнага камітэта Азербайджана, без тлумачэння прычын звольнілі з працы.
Жонка пісьменніка Галіна Айліслі, якая шмат гадоў узначальвала дзіцячую бібліятэку імя Назыма Хікмета ў Сабаілаўскім раёне Баку, таксама нечакана была звольненая.
А 7 лютага прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў пазбавіў Акрама Айліслі звання «Народны пісьменнік» і прэзідэнцкай стыпендыі. Зрабіў ён гэта таму, што пісьменнік «злоўжыў аказаным яму народам даверам», здзейсніў спробу «ачарніць далёкае і блізкае гістарычнае мінулае» і «ўлічваючы шматлікія звароты дзяржаўных, грамадскіх структур і грамадзян».
Ільхам Аліеў
«Мне нават сасніцца не магло, што прэзідэнт падпіша такое распараджэнне і пазбавіць мяне ганаровага звання», — пракаментаваў пісьменнік рашэнне Аліева сайту Qafqazinfo.az.
Пасля таго, як паўсюль на арганізаваных уладай акцыях пачалі паліць кнігі пісьменніка, ён звярнуўся ў замежныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы Азербайджана — пасольствы ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Расіі, Нарвегіі, Швецыі, Швейцарыі, Аўстрыі, Нідэрландаў, Бельгіі, а таксама ў прадстаўніцтвы Еўрасаюза, АБСЕ і Рады Еўропы — з просьбай азнаёміцца з яго раманам і выказаць да яго стаўленне.
«Ужо больш за два тыдні падкантрольныя азербайджанскай уладзе СМІ вядуць супраць мяне кампанію маральнага тэрору. Перад маім домам праводзяць няўзгодненыя масавыя акцыі, спальваюцца мае кнігі, адбываецца несправядлівы ціск на маіх сямейнікаў, — гаворыцца ў заяве Айліслі. — Я расцэньваю гэта як беспрэцэдэнтны прыклад нецярплівасці ўладных кругоў да свабоды слова».
Трэба адзначыць, што далёка не ўсе ў Азербайджане ўключыліся ў кампанію цкавання пісьменніка. Дэмакратычная грамадскасць і апазіцыйныя СМІ выказалі яму сваю падтрымку і асудзілі пераслед.
Няўрадавы ліберальны Інстытут правоў медыя (ІПМ) выступіў з адпаведнай заявай, дзе адзначаецца, што ганенні на пісьменніка і яго сям’ю «сведчаць пра нецярплівасць улад да людзей з альтэрнатыўнай пазіцыяй і мысленнем, а таксама пра адсутнасць у грамадстве свабоды выказванняў і вяршэнства закона».
«Грамадская палата», якая з’яўляецца аб’яднаннем шэрагу вядучых празаходніх апазіцыйных партый нацыянал-ліберальнага кшталту, заявіла пра прызнанне права Айліслі як грамадзяніна на свабоду выказванняў і асудзіла «псеўдапатрыятычную істэрыю», разгорнутую ўладамі вакол рамана Айліслі, і палічылі недапушчальным пераслед пісьменніка і яго сям’і.
У абарону аўтара рамана выступіла група маладых пісьменнікаў. Літаратар Эльнур Астанбейлі, выступаючы на акцыі ў скверы перад помнікам Сабіру ў Баку, зазначыў: «Канстытуцыя гарантуе права кожнага на свабоду выказванняў, ніхто не мае права шантажаваць ці пагражаць сваім суайчыннікам».
Сваю падтрымку Акраму Айліслі выказаў і Інстытут свабоды і бяспекі рэпарцёраў (ІСБР). Акрамя таго, ІСБР асабліва занепакоены заявай пра ўзнагароду за вуха пісьменніка: «Такія заклікі шкодзяць рэпутацыі Азербайджана. Той факт, што гэтыя заклікі былі зробленыя старшынёй кантраляванай дзяржавай партыяй, паказвае, што яна служыць інтарэсам пэўных груп унутры кіруючых колаў». Кіраўнік ІСБР Эмін Хусейнаў заклікаў праваахоўныя органы прыняць неабходныя прававыя меры супраць Хафіза Гаджыева, дзеянні якога падпадаюць пад артыкул 134 Крымінальнага кодэкса (пагроза смерці або цяжкай шкоды здароўю).
Эмін Хусейнаў. Фота аўтара
Пра тое, што ў Азербайджане могуць арыштаваць за крытычны артыкул у газеце, вольную думку ў блогу і нават за інфармацыю пра антыпрэзідэнцкую акцыю, мы ўжо ведаем. Цяпер аказалася, што за мастацкі твор у гэтай краіне дазволена адрэзаць вуха.
Вядомы рускі пісьменнік Барыс Акунін з нагоды цкавання азербайджанскага калегі ў сваім блогу напісаў: «Знайшоўся мужны чалавек, які ўпершыню за доўгі час заклікаў зрабіць крок да прымірэння. Заклікаў гэтак, як павінен заклікаць пісьменнік, — праз мастацкі твор. Крок да прымірэнне — гэта калі кажуць: паслухайце, у тым, што здарылася, ёсць і наша віна. І за гэта вы абрынулі на Акрама Айліслі гнеў дзяржавы, грамадскіх арганізацый і народных мас. На аднаго чалавека. Сямідзесяціпяцігадовага пісьменніка. За раман…»
Знайсці раман "Каменныя сны" можна па спасылцы: http://magazines.russ.ru/druzhba/2012/12/aa5.html