Дональд Трамп не можа вызначыцца, хто хоча вайны ва Украіне
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў чарговую заяву, якая пярэчыць яго ранейшым словам — ён зноў лічыць, што ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі гатовы да мірных перамоваў. Прыпыненая вайсковая дапамога ЗША не абваліць украінскі фронт. А Лукашэнка зноў прапануе Беларусь у якасці пляцоўкі для перамоў. Ідзе 1106-ты дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расі супраць Украіны, пры падтрымцы і саўдзеле ў гэтай агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі, 4 сакавіка, на фронце адбылося 108 баявых сутыкненняў. Больш за ўсё расіяне ціснулі на Курскім кірунку, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 17 атак расійцаў у бок населеных пунктаў Прамень, Лісоўка, Улаклы, Андрэеўка, Аляксееўка.
На Ліманскім кірунку расійцы 14 разоў спрабавалі прасунуцца недалёка ад населеных пунктаў Наоваміхайлаўка, Грэкаоўка, Ямпалоўка і Дзіброва.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 12 атак у раёнах Дачнага і Тарэцка.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны адбілі 11 штурмаў у раёнах Канстанцінопаля і Раздольнага. На Арэхаўскім кірунку расійцы здзейснілі дзевяць бескарысных атак на пазіцыі УСУ.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі адбіта 30 нападаў арміі РФ.
* * *
Паводле звестак аналітыкаў праекта DeepState, украінскія абаронцы адкінулі расійцаў ля Заходняга на Купянскім кірунку на Харкаўшчыне і Успенаўкі на Пакроўскім кірунку Данецкай вобласці.
* * *
Лінія фронту вайны ва Украіне не знаходзіцца пад пагрозай непазбежнага калапсу праз прыпыненне вайсковай дапамогі з боку ЗША, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). Аднак наступствы паўзы з часам стануць больш вострымі.
Двое амерыканскіх чыноўнікаў адзначылі выданню ABC News, што каля 90% узбраенняў, якія ЗША абавязаліся даць Украіне ў рамках мінулых пакетаў абароннай падтрымкі, ужо прыбылі ў краіну. У прыватнасці, у іх уваходзяць боепрыпасы і супрацьтанкавыя сістэмы.
Паводле звестак выдання, астатнія 10% узбраенняў усё яшчэ павінны прыбыць ва Украіну да жніўня 2025 года. Прыватныя кантракты на пастаўку ўзбраенняў паміж Украінай і амерыканскімі кампаніямі, многія з якіх Кіеў ужо аплаціў, хутчэй за ўсё, будуць спрыяць хоць бы невялікай плыні ўзбраенняў ва Украіну, «прынамсі на бліжэйшыя гады».
Па словах галоўнага рэдактара ўкраінскага абароннага выдання Defense Express Алега Каткова, Злучаныя Штаты пастаўляюць каля 30% узбраенняў для УСУ, еўрапейскія партнёры пастаўляюць яшчэ 30%, а астатнія 40% узбраенняў Украіна вырабляе ўласнымі намаганнямі.
У ISW адзначылі, што Украіна будзе працягваць ваяваць з тым узбраеннем, якое яна мае цяпер, з тым узбраеннем, якое далі і ў далейшым будуць прадастаўляць еўрапейскія партнёры, а таксама з той зброяй, якое вырабляе самастойна.
«Паўза ў наданні дапамогі з боку адміністрацыі Трампа негатыўна паўплывае на здольнасць Украіны абараняцца і праводзіць наступальныя аперацыі ў цяперашніх тэмпах. Аднак гэта не прывядзе да поўнага развалу фронту ў бліжэйшыя месяцы», — гаворыцца ў справаздачы.
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны таксама адзначылі, што расійскія войскі, імаверна, скарыстаюцца дэфіцытам украінскай тэхнікі, як яны гэта зрабілі падчас папярэдняга прыпынення вайсковай дапамогі ЗША ў пачатку 2024 года, для далейшага прасоўвання на ўсходзе і поўдні Украіны і каб абгрунтаваць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на ўсю тэрыторыю Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, гаворыцца ў справаздачы ISW.
* * *

* * *
У той жа час рашэнне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа спыніць ваенную дапамогу Кіеву ў першую чаргу гэта адаб'ецца на абароне ўкраінскіх гарадоў ад расійскіх ракет. У гэтым Украіна ў значнай ступені спадзяецца менавіта на амерыканскія сістэмы «Патрыёт», лічаць аналітыкі ISW.
Украінскі чыноўнік пасля спынення паставак зброі заявіў CNN, што артылерыйскія снарады, прадастаўленыя ЗША, могуць скончыцца да мая або чэрвеня 2025 года, а вось ракет СПА «Патрыёт» можа не стаць ужо «за лічаныя тыдні». «Украіна ў значнай ступені спадзяецца на амерыканскія сістэмы СПА «Патрыёт» для абароны ад расійскіх ракетных удараў па тылавых раёнах Украіны. Дэфіцыт і, урэшце, адсутнасць ракет «Патрыёт», верагодна, акажа сур'ёзны ўплыў на бяспеку крытычна важнай, прамысловай і грамадзянскай інфраструктуры Украіны, паколькі іншыя саюзнікі Украіны не маюць аналагічнай сістэмы, здольнай абараніць ад расійскіх ракетных удараў, у прыватнасці, балістычных.
Калі ва Украіне не будзе хапаць ракет «Патрыёт», Кіеву прыйдзецца прымаць складаныя рашэнні адносна таго, якім населеным пунктам прадастаўляць прыярытэт у абароне СПА. Калі ўсе «Патрыёты» скончацца, то ўкраінскія гарады стануць адкрытымі для расійскіх балістычных ракет» — піша ISW.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, выступаючы ў зале Кангрэса, заявіў, што ўкраінскі калега Уладзімір Зяленскі гатовы да перамоваў аб міры. Амерыканскі лідар дадаў, што РФ нібыта гатовая да спынення вайны, і сігналізуе пра гэта.
Як заявіў Трамп, ён «атрымаў важны ліст ад прэзідэнта Зяленскага, што Украіна гатовая сесці за стол перамоваў, каб наблізіць працяглы мір». «Я цаню, што ён даслаў гэты ліст», — адзначыў прэзідэнт ЗША.
Ён таксама распавёў, што «мы мелі сур'ёзныя размовы з расійцамі, мы атрымалі сур'ёзныя сігналы, што яны гатовыя да міру». Якія гэта сігналы, Трамп не сказаў.
* * *
Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Мінск гатовы арганізаваць перамовы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна. Пра гэта ў аўторак, 4 сакавіка, ён сказаў у інтэрв'ю амерыканскаму блогеру Марыё Навуфалу.
«Не трэба Зяленскага цяпер нагінаць, якім бы ён ні быў. Трэба пераканаць, дамовіцца і з Зяленскім, бо за Зяленскім стаіць вялікая частка ўкраінскага грамадства. Таму трэба дамаўляцца», — сказаў ён. Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа стаць месцам «дамоваў». «Прыязджайце, тут сядзем, спакойна, без шуму, без крыкаў дамовімся. Таму перадайце Трампу: я яго чакаю тут разам з Пуціным і Зяленскім, сядзем і спакойна дамовімся», — сказаў ён.
У той жа час ён заявіў, што толькі беларускія міратворцы маглі б забяспечыць нармальныя адносіны паміж Украінай і Расіяй, але Мінск не мае намеру накіроўваць іх на лінію фронту.
Варта адзначыць, што ў Беларусі сапраўды ёсць міратворчая рота, і яе склад — 100 чалавек асноўны, і 200 — у рэзерве. Разам — 300 чалавек. Не дзіўна, што Лукашэнка не хоча іх накіроўваць на лінію фронту — каб не зганьбіцца, бо агульная працягласць лініі фронту ва Украіне складае каля 3700 кіламетраў. Гэта азначае, — па адным беларускім міратворцы на 12 кіламетраў.