Дональд Трамп хоча выкарыстаць супраць Расіі расійскую «зброю»
Доўгі час Расія выкарыстоўвала свае нафту і газ, каб ціснуць на краіны, залежныя ад яе энергарэсурсаў. Цяпер Дональд Трамп паказвае, што «энергетычная зброя» працуе ў абодва бакі. Галоўнае, каб да яго прыслухаліся партнёры. А пакуль ва Украіне ідзе 1069-ты дзень узброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
За мінулыя суткі, 26 студзеня, на фронце адбылося 166 баявых сутыкненняў. Амаль палова баёў зафіксавана на Пакроўскім кірунку, паведамляе Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны (УСУ) у ранішняй зводцы 27 студзеня.
На Пакроўскім кірунку сілы абароны спынілі 78 штурмавых і наступальных дзеянняў расійцаў. На Краматорскім кірунку зафіксавана 21 боесутыкненне ў раёнах Часавага Яра, Ступачак і Белай Гары.
На Ліманскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 15 атак праціўніка. На Новапаўлаўскім кірунку расійцы 12 разоў штурмавалі пазіцыі УСУ. На Купянскім кірунку адбылося 11 атак арміі РФ.
* * *
У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) паказваюць, што расійскае Мінабароны надае анамальна шмат увагі захопу Вялікай Навасёлкі, што можа сведчыць, што РФ такім чынам хоча сфармаваць у Захада адпаведнае ўяўленне аб сітуацыі на полі бою і аслабіць міжнародную падтрымку Украіны.
Некаторыя расійскія крыніцы, уключаючы Міністэрства абароны Расіі, сцвярджалі 26 студзеня, што расійскія войскі цалкам захапілі населены пункт, аднак, паводле геалакацыйных звестак, ISW мяркуе, што расійскія войскі займаюць 89 адсоткаў пасёлка.
«Міністэрства абароны Расіі надае анамальна шмат увагі захопу Вялікай Навасёлкі расійскімі войскамі, што, хутчэй за ўсё, з'яўляецца часткай інфармацыйных намаганняў, накіраваных на фармаванне ў Захаду ўяўлення аб сітуацыі на полі бою ва Украіне і паслабленне міжнароднай падтрымкі для Украіны», — піша ISW.
Эксперты адзначаюць, што расійскія поспехі на захадзе Данецкай вобласці працягваюць быць паступовымі і значна ніжэйшымі за тэмпы, якія з'яўляюцца нармальнымі для сучаснай механізаванай вайны.
Акрамя таго, гаворыцца ў справаздачы, застаецца незразумелым, ці змогуць расійскія войскі хутка рушыць далей Вялікай Навасёлкі, паколькі незразумела, колькі баявой моцы яшчэ захоўваюць элементы Усходняй вайсковай акругі расійскай арміі пасля некалькіх месяцаў цяжкіх бесперапынных наступальных аперацый.
«Вялікая Навасёлка размешчаная побач з некалькімі рэкамі, што, імаверна, абцяжарыць і перашкодзіць далейшаму тактычнаму прасоўванню расійскіх войскаў у гэтым раёне. Расійскія войскі мелі праблемы з пераправамі праз рэкі... што, імаверна, абцяжарыць здольнасць расійскіх войскаў выкарыстоўваць захоп Вялікай Навасёлкі для аператыўна значнага прасоўвання ў заходняй частцы Данецкай вобласці», — гаворыцца ў справаздачы.
Эксперты мяркуюць, што захоп і зачыстка Вялікай Навасёлкі, верагодна, прадаставіць расійскаму ваеннаму камандаванню магчымасці і стане пунктам адліку для прыняцця рашэння аб перадыслакацыі падраздзяленняў Усходняй ваеннай акругі (УВА) Расіі з раёна Вялікай Навасёлкі ў іншыя прыярытэтныя аператыўныя раёны. Любая перадыслакацыя войскаў з гэтага раёна цягам бліжэйшых тыдняў пакажа на прыярытэтныя аперацыйныя раёны для правядзення наступальных аперацый Расіі вясной і летам 2025 года, лічаць эксперты ISW.
* * *
* * *
Уначы Расія атакавала дронамі Івана-Франкоўскую вобласць, там прагрымела серыя выбухаў — пад ударам расійцаў была крытычная інфраструктура рэгіёну; у выніку атакі ўспыхнуў пажар.
У выніку расійскай дронавай атакі пашкоджаныя інфраструктурныя аб'екты ў Сумах і на Сумшчыне, абышлося без пацярпелых.
У ноч на 27 студзеня ў выніку атакі беспілотнікаў у Дняпры пашкоджаны шматпавярховы дом, у прыватнасці тэхнічны паверх, вокны і дзверы верхніх паверхаў, а таксама выбуховая хваля і абломкі пашкодзілі аўтамабілі. Параненых і загінулых, папярэдне, няма.
* * *
У Мінабароны Расіі заявілі, што ў ноч на 27 студзеня пяць абласцей РФ атакавалі 32 беспілотнікі. Генеральны штаб УСУ паведамляе, што Сілы абароны нанеслі ўдар па складах захоўвання ўдарных БпЛА ў Арлоўскай вобласці РФ, абясшкоджана больш за 200 «Шахедаў».
Расійскія паблікі паведамілі, што дроны атакавалі НПЗ у расійскай Цвярской вобласці.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мае намер завяршыць вайну ва Украіне вясной на ўмовах, якія будуць выгадныя Украіне, піша The Independent са спасылкай на «дасведчаныя крыніцы». Новы кіраўнік Белага дома будзе цесна супрацоўнічаць з Зяленскім, а афіцыйная сустрэча лідараў можа адбыцца ў найбліжэйшыя тыдні.
«Тым, хто занепакоены сітуацыяй ва Украіне, варта звярнуць увагу на прысутнасць Давіда Арахаміі (лідара фракцыі “Слуга народа”) на інаўгурацыі Трампа. Гэта знакавы жэст, які падкрэслівае імкненне прэзідэнта ЗША забяспечыць Украіне добрае пагадненне», — сказаў адзін з суразмоўцаў выдання.
Арахамія была адным з нямногіх замежных высокапастаўленых гасцей, што былі дапушчаныя ў ратонду Капітолія на інаўгурацыю Трампа. Крыніца выдання падкрэсліла, што на мерапрыемстве да лідара фракцыі «Слуга народа» паставіліся «з вялікай павагай».
* * *
Кошты на нафту знізіліся пасля адпаведнага закліку Дональда Трампа да АПЕК. Ф'ючэрсы нафты маркі Brent упалі на 0,7%, да 78 долараў за барэль. Цана на амерыканскую сырую нафту маркі WTI склала 74,15 долара за барэль, знізіўшыся на 0,7%.
Трамп 24 студзеня паўтарыў свой заклік да арганізацыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) знізіць кошты нафты, каб нанесці шкоду фінансам Расіі і дапамагчы пакласці канец вайне супраць Украіны. «Адзін са спосабаў хутка гэта (вайну – рэд.) спыніць — гэта каб АПЕК перастала зарабляць так шмат грошай і знізіла кошты на нафту... Гэтая вайна спыніцца неадкладна», — сказаў Трамп.
Трамп таксама прыгразіў ударыць па Расіі «і іншым краінам-удзельніцам» падаткамі, тарыфамі і санкцыямі, калі найбліжэйшым часам не будзе дасягнутае пагадненне аб спыненні вайны Расіі супраць Украіны.