Пуцін адпрэчвае мірныя перамовы па Украіне бліжэйшым часам. Што адкажа Трамп?

У інтэрв'ю крамлёўскаму прапагандысту Паўлу Зарубіну Пуцін даў зразумець расійскаму грамадству, што вайна будзе працягвацца. Ён падкрэсліў, што Расія наўрад ці будзе ўдзельнічаць у мірных перамовах у найбліжэйшай будучыні. Трамп пагражае абваліць цэны на нафту. Ідзе 1067-мы дзень вайны, развязанай Расіяй супраць Украіны пры саўдзеле Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрайцыйнае фота

Ілюстрайцыйнае фота

Сілы абароны Украіны адбілі раней страчаныя пазіцыі пад Тарэцкам. Разам з тым фіксуецца прасоўванне расійскіх войскаў паблізу Часавага Яра, Пакроўска, Курахава, Вялікай Навасёлкі і Тарэцка, а таксама ў Курскай вобласці, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 23 студзеня, паказваюць, што расійцы дасягнулі паўночнай ускраіны Свердлікава і прасунуліся ў межах паўднёвай часткі Махноўкі, на паўночны захад і поўдзень ад Суджы (Курская вобласць Расіі). Расійскі блогер распавядаў, што сілы абароны Украіны працягвалі контратаку па ўсім плацдарме ў Курскай вобласці.

Войскі РФ нядаўна прасунуліся ў раёне Часавага Яра. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 24 студзеня, паказалі, што расійцы прасунуліся на поўдзень ад горада. Украінская брыгада, якая дзейнічала на Часаваярскім кірунку, 23 студзеня апублікавала кадры, на якіх відаць, як яны адбіваюць расійскі механізаваны наступ памерам у роту паблізу Часавага Яра, і знішчае 4 бронемашыны.

Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся на Тарэцкім кірунку. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 21 студзеня, паказваюць, што УСУ нядаўна адбілі раней страчаныя пазіцыі ў заходняй частцы Шчарбінаўкі (на захад ад Тарэцка).

Таксама на гэтым кірунку фіксуецца і прасоўванне расійскіх акупантаў. Геалакацыйныя кадры ад 8 і 17 студзеня паказваюць на тое, што захопнікі прасунуліся на поўдзень Тарэцка.

Войскі РФ нядаўна прасунуліся на Пакроўскім кірунку. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 23 студзеня, паказваюць, што расійцы акупавалі Котліна (на захад ад Пакроўска). Расійская крыніца сцвярджала, што УСУ контратакавалі паблізу Удалага і Котліна.

* * *

У ноч на 25 студзеня аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў у Тарэцку і яшчэ трох населеных пунктах у Данецкай вобласці — ля Надзіеўкі, Дачнага і Сухіх Ялаў. Расійскія войскі публікуюць кадры з цэнтральных вуліц вялікай Навасёлкі. Аналітыкі DeepState лічаць, што бітва за населены пункт падыходзіць да канца.

* * *

_25_sicznja_2025.jpg

* * *

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) заўважаюць, што Уладзімір Пуцін спрабуе адгаварыць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ад намераў знізіць сусветныя кошты нафты. У такім выпадку Расія не зможа фінансаваць вайну супраць Украіны.

У справаздачы нагадалі заяву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб тым, што кошты нафты цяпер «дастаткова высокія», каб Расія магла працягваць ваенныя дзеянні ва Украіне і заклікаў АПЕК «знізіць кошт нафты». Пуцін падчас інтэрв'ю 24 студзеня адказаў Трампу і заявіў, што Расія і ЗША з'яўляюцца буйнымі вытворцамі і спажыўцамі нафты, і што «занадта нізкія кошты» падарвуць інвестыцыйныя магчымасці энергетычных кампаній.

Такім чынам Пуцін спрабаваў выявіць больш сучасную і дыверсіфікаваную эканоміку ЗША, як падобную на эканоміку Расіі, якая з'яўляецца нафтагазавай дзяржавай, у значнай ступені залежыць ад даходаў ад экспарту энерганосьбітаў.

У ISW перакананыя, што падзенне коштаў нафты прывядзе да памяншэння даходаў федэральнага бюджэту Расіі і рызыкі дэстабілізацыі стабільнасці расійскага рэжыму, а таксама да памяншэння долі Расіі на сусветным нафтавым рынку і яе эканамічнага ўплыву на сусветнай арэне.

«Спроба Пуціна прадставіць зніжэнне коштаў на нафту як супярэчную інтарэсам ЗША сведчыць, што Пуцін баіцца шкоды, якую такая палітыка можа нанесці Расіі. Ён спрабуе пераканаць Трампа адмовіцца ад гэтых прапаноў, не саступаючы пры гэтым на патрабаванні Трампа па змястоўных перамовах па спыненні вайны», — лічаць у ISW.

* * *

Таксама ISW адзначае, што ў інтэрв'ю крамлёўскаму прапагандысту Паўлу Зарубіну Пуцін даў зразумець расійскаму грамадству, што вайна будзе працягвацца. Ён падкрэсліў, што Расія наўрад ці будзе ўдзельнічаць у мірных перамовах у найбліжэйшай будучыні, а вайна ва Украіне з'яўляецца часткай больш шырокага канфлікту паміж Расіяй і Захадам.

Аналітыкі мяркуюць, што гэтым інтэрв'ю Пуцін таксама імкнуўся паўплываць на расійскія эліты, якія імкнуцца да заканчэння вайны. Яго мэсэдж павінен пераканаць іх у тым, што ніякіх хуткіх шляхоў дасягнення міру не будзе.

Гэтая заява ў чарговы раз дэманструе нязменную пазіцыю Пуціна, які прасоўвае наратыў, што Украіна з'яўляецца марыянеткай Захаду, а канфлікт з'яўляецца часткай глабальнага супрацьстаяння вялікіх дзяржаў. Акрамя таго, расійскі прэзідэнт мяркуе, што перамовы аб вайне ва Украіне могуць быць дасягнутыя толькі паміж ЗША і Расіяй, без наўпроставага ўдзелу Украіны, пішуць у сваёй справаздачы аналітыкі.

* * *

Дональд Трамп у першы дзень пасля сваёй інаўгурацыі падпісаў указ, які прыпыняе ўсе праграмы замежнай дапамогі ЗША на 90 дзён. Будзе праведзены аналіз іх адпаведнасці мэтам палітыкі Амерыкі. Таму ЗША спыняюць фінансаванне гуманітарных праектаў ва Украіне. Адпаведнае ўказанне атрымала Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID), паведамляе Reuters.

«Прадстаўнік USAID, які пажадаў застацца неназваным, паведаміў, што супрацоўнікам, адказным за праекты ва Украіне, было загадана спыніць усю працу. Сярод замарожаных праектаў-падтрымка школ і дапамога ў сферы аховы здароўя, у прыватнасці, неадкладная дапамога маці і вакцынацыя дзяцей», — гаворыцца ў паведамленні.

Канчатковае рашэнне аб працягу, змяненні або спыненні праграм будзе прынята дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіа пасля перагляду на працягу наступных 85 дзён.