Акцыі салідарнасці з Украінай ідуць па ўсім свеце. Фота
У гадавіну ўварвання Расіі ва Украіну ўвесь свет выказвае салідарнасць з ахвярай вайны. Шмат дзе ў свеце праходзяць акцыі ў падтрымку Украіны. У іх удзельнічаюць і актывісты-беларусы.
Беларусь
Сёння на адной з высотак ў Мінску з'явіўся ўкраінскі сцяг у знак салідарнасці.
Грузія
У сталіцы Тбілісі прайшоў вялікі мітынг у падтрымку Украіны з шэсцем ад помніка Руставелі да парламента Грузіі.
У Батумі прайшлі дзве акцыі. Адна з іх пачалася ўдзень у парку 6 траўня. На ёй прысутнічала каля 400 чалавек. Акцыя афіцыйна пачалася гімнамі Украіны, Грузіі і Беларусі. У якасці беларускага гімну выступіла «Пагоня». Вядучыя падкрэслілі, што перамога Украіны дазволіць вызваліць Беларусь ад рэжыму, а Грузіі — вярнуць акупаваныя Расіяй у 2008 годзе тэрыторыі.
Арганізатары акцыі ў прамовах згадвалі, што Украіну бароняць і грузіны, і беларусы. І зазначалі, што міру не будзе без перамогі Украіны. «Мы кажам не пра мір, а пра перамогу Украіны, бо без перамогі міру не будзе», — казалася ў выступах.
Другая акцыя прайшла ўвечары на плошчы Еўропы — галоўнай плошчы Батумі. Там адбылася фотавыстава са сведчаннямі злачынстваў краіны-агрэсара ва Украіне — разбураныя і знішчаныя гарады, зламаныя лёсы, а таксама мемарыял загінулых ва Украіне. Былі і мастацкія інсталяцыі — «Мы не турысты, мы ўцекачы».
Кіраўнік беларускай дыяспары ў Аджарыі Аляксей Балашоў адзначыў, што беларусы год таму выказваліся, каб Украіне далі зброю. «Гэтага патрабуем і зараз, патрабуем, каб над Украінай закрылі неба, каб Расію выключылі з ААН. Над Беларуссю цемра, людзям даюць вялізныя тэрміны, але беларусы не здаюцца, — сёння на шматпавярховіку ў спальным раёне, у Зялёным Лузе быў узняты ўкраінскі сцяг», — адзначыў ён.
Расія
Тэлеграм-канал «Можам патлумачыць» распавядае пра шматлікія акцыі, прымеркаваныя да гадавіны расійскага ўварвання.
Жыхары Пецярбурга неслі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку, паліцыя затрымлівала і актывістаў, і мінакоў.
У Пермі павесілі банеры са словамі «Год поZора».
У Ханты-Мансійску да мемарыялу ўсклалі кветкі са словамі «Дзеля чаго?» і «Х*й вайне».
У некаторых расійскіх гарадах сілавікі процідзейнічалі акцыям у падтрымку Украіны. У Екацярынбургу паліцэйскія ачапілі помнік ахвярам палітычных рэпрэсій, а ў цэнтры Масквы сілавікі даглядалі сумкі мінакоў.
Паведамляецца аб затрыманні не менш за трох жанчын у Маскве каля помніка Лэсі Украінцы. Пры гэтым паліцыя сказала дворніку прыбіраць адтуль кветкі.
Казахстан
Жыхары Алматы неслі кветкі да помнікаў Тарасу Шаўчэнку. У Астане ўскладалі букеты да амбасады Украіны. А ў Актау актывістам перашкаджала паліцыя. «Стаіць паліцэйскі і забараняе ўскладаць кветкі да помніка Шаўчэнкі», — распавяла мясцовая жыхарка.
Сусвет
Праект United 24 апублікаваў відэазварот, які вядомыя акцёры, музыкі і пісьменнікі запісалі ў падтрымку Украіны да гадавіны вайны. Сярод іх — Джулія Робертс, Морган Фрыман, Цімаці Снайдэр, Марк Хэміл — агулам 30 сусветных зорак мастацтва.
«Мы публікуем гэта відэа з удзячнасцю кожнаму, хто падтрымлівае Украіну ў найскладанейшы перыяд нашай гісторыі і верыць у вялікую ўкраінскую перамогу», – гаворыцца ў паведамленні праекта United24.
Латвія
У ноч на 24 лютага, у гадавіну расійскага ўварвання ва Украіну, у парку Кронвалда перад амбасадай Расіі ў Латвіі ўсталявалі расійскі танк Т-72Б, знішчаны Узброенымі сіламі Украіны. Згодна з таблічкай каля экспаната, гэты танк быў падбіты 31 сакавіка 2022 года падчас баёў у Бучы.
Танк з'яўляецца экспанатам Нацыянальнага ваенна-гістарычнага музея Украіны, экспазіцыю якога замовіў Латвійскі ваенны музей.
Акрамя Рыгі, расійскія танкі «адправіліся» і ў некалькі іншых сталіц Еўропы, уключаючы Берлін. Пра гэта напярэдадні заявілі ў Мінабароны краіны. «Сёння ўвечары чатыры расійскія танкі “ўварваліся” у краіны ЕС і НАТА. Але, як гаворыцца, ёсць нюанс. Дзякуй украінскім салдатам», — гаварылася ў заяве міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава.
Вялікабрытанія
Вуліца ля амбасады Расіі ў Лондане атрымала назву Кіеўская. Пра такое рашэнне абвясціў сёння гарадскі савет Вэстмінстэра. Kyiv Road стане часткай Бейсуотэр роўд, на якой знаходзіцца консульскі аддзел пасольства Расіі.
У гарадской радзе сказалі, што пайшлі насустрач просьбе ўкраінскай абшчыны Лондана аб такім перайменаванні. Цікава, што Бейсуотэр роўд праходзіць паралельна Москоў роўд.
Лідар гарадскога савета Вэстмінстэра Адам Хуг сказаў, што «мы хочам паказаць народу Украіны, што яго барацьба значная і ў нашым горадзе». А змена назваў — гэта частка даўняй традыцыі Лондана адзначаць «важныя моманты або фігуры ў гісторыі».
Нідэрланды
У Бруселі актывісты з амерыканскай некамэрцыйнай арганізацыі Avaaz запалілі свечкі побач з плюшавымі мішкамі ў знак пратэсту супраць гвалтоўнага вывазу ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расіі.
Польшча
Антываенны мітынг прайшоў у Варшаве літаральна цяпер. Удзел у ім прымалі беларусы, украінцы і палякі.
Фота Е*рарадыё
Літва
Вялікае шэсце ў падтрымку Украіны прайшло ў Вільні.
Падобныя акцыі праходзяць у розных гарадах па ўсім свеце, а таксама ва ўкраінскіх гарадах — напрыклад, у Кіеве і Львове. Вядомыя будынкі ў розных гарадах свету таксама афарбаваліся ў сіне-жоўтыя колеры ў знак падтрымкі Украіне.
Паводле Е*рарадыё, «НЧ», ВВС, тэлеграм-каналаў