976-ты дзень вайны. Расія ўдарыла па Кіеве і Дняпры — сярод загінулых дзеці
Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
Расія ноччу ўдарыла ракетамі па Дняпры, па стане на раніцу колькасць пацярпелых павялічылася, вядома, што сярод загінулых дзіця.
Як паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Сяргей Лысак, у выніку атакі вядома пра 19 пацярпелых, з іх чацвёра — дзеці. Восем-шпіталізаваныя. Тры чалавекі загінулі, сярод іх —дзіця.
«Знішчаны жылы двухпавярховік і гараж. Пашкоджаныя 13 шматкватэрных і два прыватныя дамы, 30 аўто, карпусы бальніцы», — адзначыў ён.
Як паведамілі ў мясцовым аддзяленні МНС, у выніку расійскіх абстрэлаў Дняпра выратаваныя два чалавекі, з іх адно дзіця. Працягваюцца пошукава-выратавальныя работы.
Мэр горада Барыс Філатаў, каментуючы ракетную атаку на горад, адзначыў, што ўдар быў па звычайным жылым доме на восем кватэр, побач не было ніякіх ваенных цэляў. Побач яшчэ адзін такі ж жылы дом разбураны.
«Ёсць загінулыя. У дзіцяці адарваная рука... Яны хочуць нас знішчыць. Памятайце пра гэта кожны дзень», — падкрэсліў ён.
Напярэдадні вечарам Расія таксама нанесла ўдар па Кіеве. У шматпавярховіку ў Саломенскім раёне ў выніку пачаўся пажар, загінуў адзін чалавек, яшчэ чацвёра пацярпелі.
Спачатку мэр сталіцы Віталь Клічко ў сваім паведаміў, што пацярпелі два чалавекі, медыкі аказалі ім дапамогу на месцы. Пазней ён напісаў, што ў доме, паводле папярэдняй інфармацыі, загінуў адзін чалавек, яшчэ чатыры пацярпелі. Пажар удалося лакалізаваць.
Ноччу паведамлялася, што ў доме пашкоджаныя кватэры з 17 па 21 паверхі. У выніку атакі загінула дзяўчынка 2009 года нараджэння, яшчэ пяць чалавек пацярпелі (аднаго з іх шпіталізавалі).
Расійскія акупанты працягваюць прасоўвацца на ўсходзе Украіны, ажыццяўляючы вялікі ціск на Сілы абароны. За мінулыя суткі ім удалося дасягнуць пэўных дасягненняў. Так, паводле звестак DeepState, расійцы прасунуліся ў Селідаве і яшчэ пяці населеных пунктах.
«Вораг прасунуўся ў Селідаве, Кацярынаўцы, Вішнёвым, каля Шахцёрска, Навадзмітрыроўкі і Богаяўленкі», — гаворыцца ў паведамленні.
Раней аналітыкі праекта паведамлялі пра вельмі цяжкі дзень для ўкраінскіх абаронцаў на лініі Шахцёрскае — Богаяўленка.
Адзначалася, што расійскія захопнікі здзейснілі прынамсі два «накаты» ў раёне Шахцёрска. Днём калона з васьмі адзінак тэхнікі даехала да пасёлка і спрабавала прарвацца ў Вялікую Навасёлку. Адну баявую браніраваную машыну ўдалося падбіць, а астатнія адкаціліся.
«Вораг ужо ўсё ўбачыў і ў бліжэйшыя дні ўзмоцніць ціск», — прагназуюць аналітыкі.
Украінскія марскія пяхотнікі і дэсантнікі пры падтрымцы танкаў М-1 стварылі ў ваколіцах Зялёнага Шляху ў Курскай вобласці «дарогу смерці» для расійскіх войскаў, у прыватнасці, для расійскай 155-й брыгады марской пяхоты. Як піша аналітык Forbes Дэвід Акс, гэта вынік аперацыі адплаты УСУ за расстрэл дзевяцярых украінскіх аператараў БПЛА.
«Квартэт украінскіх фарміраванняў — 36-я брыгада марской пяхоты, 47-я механізаваная брыгада і 82-я і 95-я дэсантна-штурмавыя брыгады — ператварылі кароткі ўчастак шашы ў Курскай вобласці Расіі ў «дарогу смерці», — гаворыцца ў артыкуле.
Так, 18 кастрычніка дэсантнікі 95-й паветрана-штурмавой брыгады разбілі групу расійцаў на БТРах, знішчыўшы тры БТР і забіўшы 30 расійцаў. На мінулым тыдні 47-я механізаваная брыгада атакавала расійскіх марскіх пяхотнікаў у Наваіванаўцы, каля Зялёнага Шляху з дапамогай танкаў М-1 і баявых машын М-2. Тым часам украінскія сілы ўвайшлі ў Зялёны Шлях з поўдня калонай танкаў Т-64 і БТР М-113 і падрывалі расійскія машыны на хаду, а таксама атакавалі з захаду, забіўшы сем сапёраў 155-й марской пяхотнай брыгады, адзначае Акс.
«Вынікам за апошнія два тыдні сталі «могілкі знішчанай расійскай тэхнікі коштам дзясяткі мільёнаў долараў» на галоўнай дарозе праз Зялёны Шлях... Аналітыкі выявілі не менш за 17 знішчаных расійскіх браняваных грузавікоў, БТР і танкаў у раёне Зялёнага Шляху», — адзначаецца ў артыкуле.
Пры гэтым украінцы, падобна, не страцілі ніводнай адзінкі бронетэхнікі ў сваіх нядаўніх контратаках, піша Акс.
У той жа час ён адзначае, што да расійскіх войскаў у Курску неўзабаве прыйдзе падмацаванне, у прыватнасці, з дня на дзень прыбудзе першая з многіх партый паўночнакарэйскіх салдат.
Краіны «Вялікай сямёркі» дасягнулі пагаднення аб прадастаўленні Украіне крэдыту на 50 мільярдаў долараў за кошт прыбытку, атрыманага ад замарожаных актываў расійскага Цэнтральнага банка. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве краін G7.
«Гэтыя крэдыты будуць абслугоўвацца і пагашацца за кошт будучых патокаў надзвычайных даходаў, атрыманых за кошт імабілізацыі расійскіх суверэнных актываў... Наша мэта — пачаць выплату сродкаў да канца года», — гаворыцца ў заяве G7.
Як паведамляе Reuters, у суправаджальнай заяве міністраў фінансаў «Вялікай сямёркі» гаворыцца, што крэдыты будуць выплачвацца праз серыю двухбаковых пазык, пачынаючы з 1 снежня і да канца 2027 года «часткамі, якія будуць адлюстроўваць тэрміновыя патрэбы Украіны ў фінансаванні».
У заяве не паказваюцца канкрэтныя сумы двухбаковых пазык, але гаворыцца, што дадатковыя дэталі будуць апублікаваныя ў бліжэйшыя дні.
ЗША заявілі, што дадуць 20 млрд долараў, яшчэ адзін крэдыт у памеры 20 мільярдаў долараў паступіць ад ЕС, а астатнія 10 мільярдаў долараў размяркуюць паміж Канадай, Вялікабрытаніяй і Японіяй.
Нагадаем, у чэрвені «Вялікая сямёрка» правяла саміт у Італіі, падчас якога краіны-ўдзельніцы дамовіліся выдзеліць Украіне крэдыт у памеры 35 млрд еўра, які будзе забяспечаны даходамі ад замарожаных расійскіх актываў.
Пасля стала вядома, што ЗША дадуць Украіне 20 млрд долараў крэдыту, нягледзячы на тое, што ЕС не пагадзіўся на просьбу Вашынгтона аб гарантыях таго, што актывы Расіі застануцца заблакаванымі на даўжэй.
23 кастрычніка Рада ЕЗ канчаткова зацвердзіла пакет фінансавай дапамогі Украіне ў форме пазыкі 35 млрд еўра.