966-ты дзень вайны. Шольц гатовы да перамоваў з Пуціным. Зяленскі прадставіў план перамогі Украіны
Распавядаем галоўнае, што адбылося падчас чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Расійскія войскі ў ноч на 16 кастрычніка выпусцілі па тэрыторыі Украіны 136 беспілотнікаў
Пра гэта паведамілі ў Паветраных сілах ВСУ. Сілы СПА збілі 51 дрон над Сумскай, Чаркаскай, Кіраваградскай, Цярнопальскай, Херсонскай, Харкаўскай, Жытомірскай, Данецкай, Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай, Кіеўскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай і Чарнавіцкай абласцямі.
Яшчэ 60 беспілотнікаў "лакацыйна страчаныя" ў розных рэгіёнах Украіны ў выніку працы сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.
Сумскую вобласць за суткі абстралялі больш за 50 разоў
Расейскія войскі ў аўторак 51 раз абстралялі Сумскую вобласць, паведамляе абласная ваенная адміністрацыя ў штодзённай зводцы.
«На працягу дня расейцы здзейснілі 51 абстрэл прымежных тэрыторый і населеных пунктаў Сумскай вобласці. Зафіксаваны 72 выбухі. Абстрэлам падвергліся Хоцінская, Юнакаўская, Мірапольская, Белапольская, Краснапольская, Вялікапісараўская, Новаслабодская, Глухаўская, Шалыгінская, Эсманьская, Дружбоўская, Свесская, Зноб-Наўгародская грамады», — гаворыцца ў паведамленні.
Вобласць абстрэльвалі з мінамётаў і артылерыі, а таксама запускалі дроны і скідалі авіябомбы, паведамілі ўлады.
Сырскі абмеркаваў з брытанскім камандуючым сітуацыю на фронце і ваенную дапамогу
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі правёў размову з камандуючым Узброеных сілаў Вялікабрытаніі адміралам сэрам Энтані Радакінам і распавёў «аб актуальных стратэгічных абставінах» і «арганізацыі адпору» расійскай агрэсіі «на пэўных участках фронту», піша «Інтэрфакс-Украіна».
"Асобна абмеркавалі магчымасці паражэння ваенных аб'ектаў праціўніка ў аператыўнай і стратэгічнай глыбіні", - напісаў Сырскі ў тэлеграме.
Паводле яго слоў, Брытанія прапрацоўвае прапановы ў рамках практычнай рэалізацыі "плана перамогі" Уладзіміра Зяленскага.
Паводле слоў Сырскага, ён таксама абмеркаваў з Радакінам пастаўкі ваеннай тэхнікі і ўзбраенняў, падрыхтоўку асабовага складу, а таксама пытанне павышэння эфектыўнасці прымянення высокатэхналагічных сродкаў паражэння.
Уладзімір Зяленскі прадставіў план перамогі Украіны ў вайне
Ён складаецца з 5 пунктаў і 3 патаемных дадаткаў.
Зяленскі зноў абвінавачвае ў падтрымцы расійскай агрэсіі Паўночную Карэю, Іран і Кітай
У сваім выступе ў Радзе прэзідэнт Зяленскі не абышоў увагай падтрымку, якую Расія атрымлівае ад Паўночнай Карэі, Ірана і Кітая, перадае Бі-бі-сі.
У самых жорсткіх выразах ён выказаўся пра КНДР: «У кааліцыі злачынцаў разам з Пуціным па стане на зараз ужо ёсць Паўночная Карэя — сям'я Кім, якая трымае ў рабстве больш за дваццацімільённую частку Карэйскага народа. Наша разведка фіксуе не толькі перадачу зброі з Паўночнай Карэі ў Расію, але і перадачу людзей. Гэта працоўныя для расейскіх заводаў – замест забітых на вайне расейцаў. І асабісты склад для расійскага войска».
Пра Кітай Зяленскі сказаў так: "Нягледзячы на заявы — Пекін устрымліваецца ад сапраўды дзейсных крокаў для таго, каб спыніць агрэсію і парушэнне Расіяй Статута ААН".
"І мы павінны шчыра казаць — украінцы і ўсе нашы партнёры — калі мы не ўзмоцнімся цяпер, Пуцін паспее ўзмацніцца ў наступным годзе так, каб назаўжды адкінуць дыпламатыю", — падкрэсліў Зяленскі.
Шольц: трэба дапамагаць Украіне, але пры гэтым шукаць шляхі скончыць вайну
Канцлер Германіі Олаф Шольц выступіў у Бундэстагу і заявіў аб неабходнасці пошуку шляхоў заканчэння вайны ва Украіне.
"Разам з дакладнай падтрымкай Украіны, час зрабіць усё, што мы можам, каб даследаваць, як мы можам прыйсці да такой сітуацыі, калі гэта вайна не будзе працягвацца бестэрмінова", – цытуе канцлера агенцтва AFP.
У сувязі з гэтым Шольц зноў заявіў аб сваёй гатоўнасці размаўляць з Уладзімірам Пуціным. "Менавіта таму правільна таксама і тое, што, калі нас папросяць, мы будзем размаўляць і з расійскім прэзідэнтам", — цытуе DPA.