955-ты дзень вайны. Стала вядома, колькі сваіх салдат паклала Расія пад Вуглядарам
Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, якую развязаў Крэмль пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
Паводле звестак Генштаба УСУ, Сілы абароны Украіны працягваюць аперацыю ў Курскай вобласці РФ. А на самых «гарачых» напрамках фронту ў Украіне сітуацыя была наступная.
На Харкаўскім кірунку адбылося чатыры баявыя сутыкненні ў раёнах Старыцы, Ваўчанска і Ціхага.
На Купянскім кірунку колькасць атак узрасла да 22. Акупанты штурмавалі каля Сінькоўкі, Навасёлаўкі, Пясчанага, Стэльмахоўкі і Лазовай.
На Ліманскім кірунку ўкраінскія войскі спынілі 15 нападаў акупантаў недалёка ад Неўскага, Грэкоўкі, Макееўкі, Навасадавага і Торскага.
На Северскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі тры штурмавыя дзеянні.
На Краматорскім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі дзевяць спробаў праціўніка прарваць абарону.
На Тарэцкім кірунку акупанты 14 разоў праводзілі атакі на пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў у раёнах Тарэцка і Шчарбінаўкі.
На Пакроўскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы адбілі 15 штурмаў і нападаў.
На Курахоўскім кірунку расійцы 28 разоў спрабавалі прарваць абарону УСУ.
На Арэхаўскім кірунку адбылося чатыры баявыя сутыкненні ў раёнах Рабоціна, Малых Шчарбакоў і Каменскага.
У баях за горад Вуглядар Данецкай вобласці войска РФ страціла тысячы вайскоўцаў. Як паведамляе расійская служба BBC, з улікам цяжкапараненых, загінулых і зніклых без вестак толькі 155-я і 40-я брыгады марской пяхоты маглі страціць пад Угледарам больш за 2100 чалавек.
Акцэнтуецца, што пры гэтым страты Расіі ў ходзе зацяжных штурмаў Вуглядара не абмяжоўваюцца толькі ваеннымі дадзеных брыгад. У прыватнасці, баі за Вуглядар таксама нанеслі сур'ёзны ўрон расійскаму мотастралковаму батальёну «Алга» — па меншай меры 27 вайскоўцаў загінулі, больш за 60 былі параненыя і больш за дзесятак лічацца зніклымі без вестак.
У публікацыі адзначаецца, што на аснове адкрытых звестак атрымалася пацвердзіць, што 155-я брыгада марской пяхоты страціла прынамсі 211 марпехаў забітымі і 42 зніклымі без вестак, а 40-я брыгада «чорных берэтаў» страціла 72 жаўнераў і афіцэраў забітымі. Пры гэтым устаноўлена, што сярод загінулых ёсць 19 афіцэраў, у тым ліку камандзір аднаго з батальёнаў Цырэн Лубсанаў.
«Устаноўленая намі колькасць страт 155-й і 40-й брыгад уключае толькі тых вайскоўцаў, пра смерць якіх паведамлялася і чыё месца службы мы змаглі пацвердзіць. Рэальная колькасць «чорных берэтаў», якія загінулі пры штурме Вуглядара, можа быць прыкладна ўдвая вышэйшай — блізу 570 чалавек. З улікам зніклых без вестак, большасць з якіх, хутчэй за ўсё, загінулі, рэальная лічба загінулых у штурмах Вуглядара марпехаў можа вырасці да 700 чалавек», — гаворыцца ў публікацыі.
У выданні акцэнтавалі ўвагу, што цяжкапараненых салдат 155-й і 40-й брыгад марской пяхоты пэўна ўстанавіць немагчыма, а таму з улікам усіх наяўных даных лік выбыўшых з шэрагаў па раненні ў 155-й і 40-й брыгадах можа складаць прыкладна 1400 чалавек, а агульная колькасць страт «чорных берэтаў» пад Вуглядарам — да 2100 чалавек, і гэта да 40% штатнага складу падраздзяленняў.
У 2024 годзе Расія не спыніць наступ на фронце ва Украіне, але ўсё, што адбываецца, намякае на тое, што ў 2025-м расійцы не змогуць наступаць у прыкладна такім жа тэмпе і нават утрымліваць захопленыя тэрыторыі. Упэўненасць у гэтым выказаў ваенна-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка.
«Усё паказвае на тое, што пры досыць сціплым наборы мэтаў, ніводнага абласнога цэнтра ў іх (расійскіх войска) спісе няма, расійскія акупацыйныя войскі не маюць магчымасці іх упэўнена рэалізаваць. Пры гэтым, маючы татальную колькасную перавагу ў зоне баявых дзеянняў, — больш за 550 тысяч чалавек. А гэта намякае на відавочнае знясіленне ўдарных і наступальных магчымасцяў», — адзначыў эксперт.
Паводле яго слоў, пасля Угледара расійцы будуць спрабаваць рухацца на Богаяўленку і Новаўкраінку, але «гэта этап вельмі доўгатэрміновых баёў у палях».
«Расійскія войскі хочуць хуткай перамогі са спектру асноўных задач. Але гэта дакладна не Пакроўск, для наступу на які павінен быць сфарміраваны паўднёвы фланг, а па стане на сёння нават не зачыненая Левабярэжная кішэня па рэчцы Ваўчыная. Акрамя таго, Селідава як костка ў горле ў расійцаў на Пакроўскім кірунку, і баі за яго для іх стануць не менш выматвальнымі, чым за Угледар», — упэўнены Каваленка.
Таксама аглядальнік перакананы, што і ў Тарэцку для акупантаў баі праходзяць цяпер у куды больш складаных умовах, і што самай балючай тэмай для іх становіцца Часаў Яр, а ў Ваўчанску яны не толькі не пашырылі свой «поспех», але і страцілі кантроль над агрэгатным заводам.
Расійскія акупанты абстралялі сяло Малая Такмачка Запарожскай вобласці (знаходзіцца ў Полагаўскім раёне). Ахвярамі атакі сталі два чалавекі, паведаміў кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў: «Двое мужчын загінулі ў выніку варожага абстрэлу Малой Такмачкі».
Паводле звестак чыноўніка, ахвярамі сталі мясцовыя жыхары, якім 46 і 44 гады. «Целы... Некалькі гадзін не маглі забраць з месца гібелі з-за шчыльнага артабстрэла вёскі», — дадаў кіраўнік АВА.
Расійскія акупанты ўжо шмат разоў абстрэльвалі з рознага ўзбраення розныя населеныя пункты Запарожскай вобласці, у тым ліку сам абласны цэнтр — горад Запарожжа.
У прыватнасці, у канцы верасня стала вядома, што расійцы ўдарылі па Запарожжы авіяцыйнымі бомбамі, былі разбурэння ў Камунарскім, Шаўчэнкаўскім і Аляксандраўскім раёнах.
Расійцы накіравалі на горад больш за 10 КАБаў. Паведамлялася аб 13 пацярпелых у выніку атакі, сярод іх быў адзін непаўнагадовы. Некалькі чалавек былі шпіталізаваныя.
Расійскія акупанты ў ноч на 5 кастрычніка з Курскай вобласці і часова акупаванага Крыма запусцілі па Украіне тры кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-69/59, а таксама 13 ударных беспілотнікаў з крымскага мыса Чауда і Курска.
Ракеты не дасягнулі сваіх цэляў дзякуючы працы сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, а тры дроны былі збітыя ў Адэскай вобласці, паведамілі Паветраныя сілы УСУ: «Да адбіцця паветранага нападу праціўніка прыцягваліся зенітныя ракетныя войскі, мабільныя агнявыя групы і падраздзяленні РЭБ Сіл абароны Украіны. 10 варожых БПЛА лакальна страчана на поўначы і поўдні краіны, інфармацыя аб пацярпелых і разбурэннях не паступала».
Кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі
Віталь Кім паведаміў, што ў пятніцу 4 кастрычніка каля 22:27
акупанты атакавалі інфраструктурны аб'ект, размешчаны ў Мікалаеве. Паводле папярэдніх звестак, праціўнікі запусцілі ракеты тыпу Х-69/59.
Абыйшлося без
пацярпелых.