844-ты дзень вайны. УСУ перахопліваюць ініцыятыву ў Харкаўскай вобласці

Вайна ва Украіне працягваецца, а сярод апошніх навін з фронту ёсць і станоўчыя.

Фота УСУ

Фота УСУ

Усяго за мінулыя суткі адбылося 118 баявых сутыкненняў, паведамляе Генеральны штаб УСУ. Учора акупанты нанеслі па ўкраінскіх пазіцыях і населеных пунктах тры ракетныя ўдары з ужываннем васьмі ракет, 47 авіяцыйных удараў (у прыватнасці, скінуў 66 КАБаў), здзейсніў больш за 4000 абстрэлаў, 102 з іх — з рэактыўных сістэм залпавага агню.

Паводле звестак Генштаба, з пачатку чэрвеня расійскія акупанты ўжо ўжылі па вайсковых аб'ектах і грамадзянскай інфраструктуры больш за 1050 кіраваных авіяцыйных бомбаў.

Адзначаецца, што ў цэлым абстаноўка на фронце складаная, але кантраляваная.


Глядзіце таксама

УСУ стабілізавалі абстаноўку ў Харкаўскай вобласці. На двух адрэзках, дзе РФ перайшла мяжу, вядзецца актыўная праца, каб выбіць акупантаў з пазіцый, паведаміў камандзір батальёна ўдарных беспілотных авіяцыйных комплексаў «Ахілес» 92-й АШБр Юрый Федарэнка ў эфіры «Эспрэса”.

Паводле яго слоў, ёсць канкрэтныя поспехі на адрэзку Стралечча — Глыбокая і ў самім горадзе Ваўчанск. «Ідуць актыўныя баі, але яшчэ трэба трохі часу, каб сілы абароны ў поўнай меры перахапілі тактычную ініцыятыву сабе на карысць», — падкрэсліў ён.

Федарэнка адзначыў, што пасля прадастаўлення дазволу на прымяненне заходняй зброі па тэрыторыі ворага беспілотнікі, а таксама высокадакладная зброя дастаткова эфектыўна, магутна працуюць па РФ.

«Гэта вельмі моцна ідзе на карысць сіл абароны — праціўнік страціў магчымасць максімальна блізка набліжацца да лініі дзяржаўнай мяжы і адчуваць сябе там беспакараным. Калі казаць пра беспілотнікі, то да дазволу мы ўжывалі іх досыць эфектыўна па розных катэгорыях ваенных цэляў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, але гэтага было мала для таго, каб у поўнай меры даваць зразумець суперніку, што ён цяпер не мае ні аднаго квадратнага метра паблізу дзяржаўнай мяжы, дзе ён мог бы адчуваць сябе ў бяспецы», — сказаў Федарэнка.

Паводле яго слоў, прымяненне высокадакладнай зброі партнёраў «разбурыла суперніку хуткае плячо лагістыкі ля лініі дзяржаўнай мяжы». Пры гэтым ён растлумачыў, што ёсць лінія дзяржаўнай мяжы, каля якой расійцы назапашваюць рэзервы, каб потым хутка і манеўрана перайсці на ўкраінскую тэрыторыю. «Ужыванне высокадакладнай зброі дало магчымасць, каб праціўнік ад лініі дзяржаўнай мяжы вымушаны быў выцягваць асноўныя сілы і сродкі ў тыл», — адзначыў ён. Пры гэтым дадаў, што захопнікам прыйшлося ўжываць іншую тактыку — меншай колькасці груп, менш насычэння, што істотна ўдарыла па яго ўдарна штурмавым магчымасцям.

«А сілы абароны, у прыватнасці, у рамках пакета ваеннай дапамогі пры падтрымцы сродкамі БПЛА атрымалі магчымасць дастаткова эфектыўна і шчыльна паражаць ворага. Такім чынам і адбылася гэтая паэтапная не проста стабілізацыя сітуацыі, а перахоп тактычнай ініцыятывы на поле бою», — падкрэсліў Федарэнка. Ён заявіў, што ўпэўнены ў далейшым поспеху.


Глядзіце таксама

У Серабранскім лясніцтве на Луганшчыне ёсць прасоўванне УСУ, паведамляецца на афіцыйнай старонцы 12-й брыгады спецыяльнага прызначэння «Азоў» Нацыянальнай гвардыі Украіны ў фэйсбуку.

У паведамленні сказана, што «Азоў» сумесна з 1-й брыгадай аператыўнага прызначэння «Бурэвій» Нацгвардыі правялі наступальныя дзеянні ў Серабранскім лясніцтве. «У выніку сумесных дзеянняў падраздзяленні брыгад прасунуліся на 1 км у глыбіню і на 2 км па фронце, чым завяршылі адзін з этапаў наступальных дзеянняў на сваім кірунку», — адзначаюць у «Азове».

Намеснік камандзіра «Азоў» Святаслаў Паламар у напісаў у фэйсбуку, што расійскія акупанты ў Серабранскім лясніцтве страцілі свае пазіцыі.

«Акупанты адступілі ў Серабранскім лясніцтве! Так пішуць некаторыя СМІ. Можна і па-чалавечы напісаць — страцілі свае пазіцыі, або сілы абароны выбілі оркаў з іх пазіцый, калі не хочаце называць падраздзяленне, якое за гэтым адступленнем стаіць», — адзначыў ён.


Глядзіце таксама

Расійцы адкінутыя ад населенага пункта Ліпцы ў Харкаўскай вобласці, але пастаянна наносяць авіяўдары кіраванымі авіябомбамі па пазіцыях сіл абароны. Пра гэта сказаў афіцэр аддзялення выведкі брыгады «Рубеж» Нацгвардыі Украіны, герой Украіны Віталь Літвін у эфіры тэлемарафона.

Паводле яго слоў, паблізу Ліпцоў ініцыятыва ў руках сіл абароны: «Мы цяпер паляпшаем там тактычнае становішча. Сумесна з 13-й брыгадай «Хорціца» праводзяцца штурмавыя дзеянні. Ворага мы цяпер трохі адкінулі ад населенага пункта Ліпцы, сітуацыя стабільная, кантралюемая, але цяжкая, таму што праціўнік пастаянна наносіць авіяўдары кіраванымі авіябомбамі па пазіцыях сіл абароны, углыб лагістычных шляхоў», — падкрэсліў Літвін.

Паводле яго слоў, вораг перагрупоўваецца, паляпшае свае інжынерна-фартыфікацыйныя збудаванні і пастаянна падцягвае рэзервы. «Але цяпер на тым напрамку ініцыятыва ў нашых руках», — адзначыў афіцэр.


Глядзіце таксама

Расійцам удалося прасунуцца ў Пакроўскім раёне Данецкай вобласці. Гэта адбылося каля вёскі Сокал, паведамілі аналітыкі DeepState. Акрамя таго, паводле звестак экспертаў, захопнікі маюць поспех у адным з населеных пунктаў. Эксперты таксама абнавілі карту баявых дзеянняў. На карце відаць, што на Сокал захопнікі рухаліся з аднаго кірунку.


Глядзіце таксама

Украінскія вайскоўцы навучыліся знішчаць расійскія выведвальныя БПЛА з дапамогай мадыфікаваных FPV-дронаў.

«Украінцы пачалі часта збіваць нашыя крылы. Гэта занадта трывожны сігнал. Ад такіх дзеянняў не гінуць людзі, але наступствы могуць быць больш сур'ёзнымі, чым ад пастаўкі дзясяткаў «Абрамсаў», — напісаў расійскі ваенкар Аляксандр Харчанка ў сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго слоў, гэта можа адкінуць расійцаў на пакаленне назад, калі УС РФ будуць змагацца ў «двухмернай прасторы», тады як украінцы будуць весці вайну ў 3D. Дапамагае УСУ і тое, што FPV-дроны таннейшыя за выведвальныя беспілотнікі і імі можна замяніць іншую зброю.

Харчанка распавёў, што FPV-дроны разганяюцца да 500 км/г, у выніку чаго расійскія БПЛА, у тым ліку «Герань» у небяспецы. Паскардзіўся ваенкар і на тое, што ўкраінскія абаронцы плануюць збіваць варожыя ўдарныя верталёты, калі тыя будуць падлятаць блізка да перадавой.

«Яшчэ адной перавагай дронаў-знішчальнікаў з'яўляецца іх мабільнасць і незаўважнасць. Для іх прымянення не патрэбныя шматтонныя машыны, якія ў сучасных умовах немагчыма схаваць. Два чалавекі на матацыклах — гэта ўжо сродак СПА, які вельмі цяжка выявіць», — растлумачыў ён.

На думку Харчанкі, самым небяспечным з'яўляецца тое, што ўкраінцы наладзілі сістэму выяўлення і паражэння расійскіх дронаў. Пры гэтым самім расійцам няма чым абараніць свае «крылы».


Глядзіце таксама

Знішчальнікі F-16 ад Даніі прыбудуць ва Украіну найбліжэйшым часам, заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

«Удзячны прэм’ер-міністру Метэ Фрэдэрыксен за ўдзел у саміце міру і актыўнае садзейнічанне Даніі ў прыцягненні краін глабальнага поўдня да рэалізацыі формулы міру. Падчас сустрэчы ў нас была магчымасць абмеркаваць ход падрыхтоўкі да перадачы дацкіх самалётаў F-16, якія паступяць ва Украіну найбліжэйшым часам», — адзначыў ён.

Зяленскі дадаў, што асобна абмеркаваў з прэм'ер-міністрам Даніі зацвярджэнне перамоўнай рамкі і пачатак перамоваў аб уступленні Украіны ў ЕС ужо ў чэрвені.

Нагадаем, на днях выданне Politico паведаміла, што Украіна і яе заходнія саюзнікі вядуць дыскусіі адносна хуткасці і маштабу падрыхтоўкі пілотаў знішчальнікаў F-16. Адзначалася, што ў Кіеве патрабуюць ад партнёраў пашырыць праграму, аднак саюзнікі кажуць, што ўкраінскія пілоты яшчэ не гатовыя масава лётаць на F-16.

Паводле слоў украінскіх чыноўнікаў, Украіна мае 30 пілотаў, якія гатовыя пачаць навучанне на гэтых самалётах, аднак з-за недастатковай колькасці месцаў у навучальных цэнтрах у ЗША і Даніі яны не могуць гэтага зрабіць.