791-шы дзень вайны. Ракетны ўдар па Адэсе. Украінскія дроны атакуюць расійскія нафтабазы

Члены кангрэса ЗША ухвалілі законапраект аб ваеннай дапамозе Украіне. Агульная сума вылучаных сродкаў складзе амаль 61 мільярд долараў.

Адэса пасля ракетнага ўдару ўначы 24 красавіка

Адэса пасля ракетнага ўдару ўначы 24 красавіка

Сенат ЗША ухваліў законапраект аб ваеннай дапамозе Украіне

Сенат ЗША ухваліў выдзяленне дадатковай фінансавай дапамогі Украіне, Ізраілю і Тайваню на суму больш за 95 мільярдаў долараў. На дапамогу Украіне прызначаны амаль 61 мільярд з гэтай сумы.

Пакет падтрымалі 79 сенатараў, 18 прагаласавалі супраць. Цяпер для ўступлення гэтага рашэння ў сілу патрэбны толькі подпіс прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Сам прэзідэнт паведаміў, што зробіць гэта 24 красавіка,« каб пачаць адпраўку ўзбраенняў Украіне на гэтым тыдні».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў сенату кангрэса ЗША за ўхваленне законапраекта аб ваеннай дапамозе Украіне:

«Дзякуй лідэру большасці Чаку Шумеру і лідэру рэспубліканцаў Мітчу Маканэлу за іх рашучае лідэрства ў прасоўванні гэтага двухпартыйнага закона, а таксама ўсім амерыканскім сенатарам ад абедзвюх партый, якія прагаласавалі за яго.

Гэтае галасаванне ўмацоўвае ролю Амерыкі як маяка дэмакратыі і лідэра вольнага свету.

Я таксама ўдзячны ўсім амерыканцам, якія працягваюць падтрымліваць Украіну і ўсведамляюць, што гістарычнае значэнне гэтага законапраекта выходзіць за межы палітыкі. Я таксама цаню падтрымку прэзідэнта Байдэна і з нецярпеннем чакаю хутчэйшага падпісання законапраекта і прадастаўлення наступнага пакета ваеннай дапамогі, што будзе адпавядаць рашучасці, якую я заўсёды адчуваю ў нашых перамовах.

Дальнабойныя здольнасці Украіны, артылерыя і СПА з'яўляюцца вельмі важнымі інструментамі для больш хуткага аднаўлення справядлівага свету».

Украінскія беспілотнікі па-над Расіяй

Мінабароны РФ паведамляе, што дзяжурныя сродкі СПА збілі або перахапілі восем украінскіх беспілотнікаў над чатырма расейскімі рэгіёнамі.

Паводле заявы расійскага боку, тры беспілотнікі знішчылі над Курскай вобласцю, два — над Белгарадскай, два — над Варонежскай і адзін — над тэрыторыяй Смаленскай вобласці.

У Смаленскай вобласці ў выніку атакі ўкраінскіх дронаў загарэліся грамадзянскія аб'екты паліўна-энергетычнага комплексу ў Смаленскім і Ярцаўскім раёнах, паведаміў губернатар рэгіёну Васіль Анохін. Паводле інфармацыі кіраўніка рэгіёну, у выніку атак ахвяр і пацярпелых няма.

У Ліпецкай вобласці, паводле звестак кіраўніка рэгіёна Ігара Артамонава, збіты беспілотнік упаў у прамысловай зоне Ліпецка.

Крыніцы ўкраінскіх СМІ сцвярджаюць, што дроны Службы бяспекі Украіны атакавалі дзве нафтабазы ў Смаленскай вобласці.

Па словах крыніц «РБК-Украіна» і «Супільне», беспілотнікі атакавалі дзве базы захоўвання і перапампоўвання гаруча-змазачных матэрыялаў «Раснафты» у населеных пунктах Ярцава і Раздарова Смаленскай вобласці.

Выданне зазначае, што на гэтых базах захоўвалася 26 тысяч кубаметраў расійскай нафты. Пасля выбухаў на аб'ектах пачаўся маштабны пажар і эвакуацыя персанала.

Уначы Расія абстраляла Харкаў. Шэсць чалавек пацярпелі

Пра гэта паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў. Паводле яго слоў, расійскія вайскоўцы ў 00:57 нанеслі ўдар па Шаўчэнкаўскі раёне горада ракетай, выпушчанай з комплексу С-300.

У выніку атакі пашкоджаныя тры шматкватэрныя дамы, два офісныя будынкі, тры нежылыя дамы, газавая магістраль і 33 аўтамабілі.

Пацярпелі трое мужчын ва ўзросце 33, 45, 53 гадоў і тры жанчыны 24, 45 і 54 гадоў.

Ракетны ўдар па Адэсе

Па словах кіраўніка Адэскай абласной адміністрацыі Алега Кіпера, войскі РФ нанеслі ракетны ўдар каля 7 раніцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, параненая 43-гадовая жанчына, яна знаходзіцца ў шпіталі ў стане сярэдняй ступені цяжкасці.

Ударнай хваляй пашкоджаныя каля 30 дамоў: выбіта шкло, у некаторых дамах упалі столі.

«РБК-Украіна» паведамляе, што пасля ракетнага ўдару частка Адэсы засталася без электрычнасці. «Супільне» са спасылкай на свайго карэспандэнта ў Адэсе піша, што над горадам падымаецца дым.

Крыніца: telegram

Расія ўвечары 23 красавіка і ў ноч на 24 красавіка пяць разоў атакавала Нікапольскі раён Днепрапятроўскай вобласці

Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной рады Мікалай Лукашук. Паводле яго слоў, расійскія войскі выкарыстоўвалі два робаты-камікадзэ і каля 20 артылерыйскіх снарадаў.

У выніку атакі пашкоджаны аграфірма і сельгаспрадпрыемства, а таксама дзве лініі электраперадачы. Без святла засталіся 2,1 тысячы спажыўцоў.

Па ўдакладненай інфармацыі, у выніку нападаў пацярпелі дзве жанчыны 51 і 61 гадоў. Ім была аказаная ўся неабходная медыцынская дапамога. Вядома, што пашкоджаны два прыватныя дамы, аўтамабілі і гаспадарчая пабудова.

Крыніца: telegram

Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Галоўнае

  • За мінулыя суткі па стане на 6.00 24 красавіка адбылося 101 баявое сутыкненне.
  • Узброеныя сілы РФ нанеслі пяць ракетных і 77 авіяцыйных удараў, учынілі каля 76 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
  • На працягу мінулых сутак пад авіяўдары патрапілі населеныя пункты Чарнігаўскай, Луганскай, Данецкай і Херсонскай абласцей.
  • Пад артылерыйскім агнём аказаліся больш за 120 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
  • Узброеныя сілы Украіны адбілі на купянскім напрамку пяць атак ВС РФ, на ліманскім —19 атак, на бахмуцкім — 21 атаку, на аўдзееўскім — таксама 21 атаку, на новапаўлаўскім — 24, на арэхаўскім — пяць, на херсонскім — тры.
  • За мінулыя суткі авіяцыя Сіл абароны Украіны нанесла ўдары па 17 раёнах засяроджвання асабовага складу і па адным зенітна-ракетным комплексе УС РФ.
  • Падраздзяленні ракетных войскаў уразілі адну наземную станцыю ўпраўлення БПЛА, адзін раён засяроджвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі, два раёны засяроджвання асабовага складу, адзін сродак СПА і тры іншыя істотныя аб'екты УС РФ.