546-ты дзень вайны. Масква зноў пад ударам, а генерал Суравікін — усё
«За што змагаліся, на тое і нарваліся»: падобна на тое, што Расія страціла манаполію на абстрэл украінскіх гарадоў дронамі, і цяпер прылятае ёй. Чацвёрты дзень запар беспілотнікі атакуюць Маскву. У той жа час у Расіі вызначыўся лёс генерала Суравікіна — яго адправілі ў адстаўку.
Фронт у пазіцыйных баях
УСУ працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім напрамку, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць меры контрбатарэйнай барацьбы, піша ў ранішняй зводцы Генштаб УСУ. На Аўдзееўскім кірунку сілы абароны паспяхова адбілі атакі расійскіх войскаў у раёне Аўдзееўкі, на Мар'інскім — працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне Мар'інкі Данецкай вобласці.
На фронце адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў, паведаміў Генеральны штаб.
Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што на Купянскім і Ліманскім кірунках расійскія войскі перакінулі больш за 45 тысяч вайскоўцаў, 500 танкаў, 500 БМП, 300 артылерыйскіх сістэм і 150 рэактыўных сістэм залпавага агню. Расійскія войскі 22 жніўня правялі наступальныя дзеянні на рубяжы Купянск-Сватава-Краменная і крыху прасунуліся наперад. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 22 жніўня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на паўднёвы захад ад Альшан (15 км на паўночны ўсход ад Купянска).
Украінскія войскі 22 жніўня здзейснілі наступальныя дзеянні ў раёне Бахмута і, як паведамляецца, прасунуліся. Расійскі вайсковы блогер сцвярджаў, што ўкраінскія сілы дасягнулі абмежаваных поспехаў паблізу Андрэеўкі (10 км на паўднёвы захад ад Бахмута).
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны лічаць, што наступ украінскіх вайскоўцаў у раёне Рабоціна Запарожскай вобласці набліжае УСУ да пачатку аперацый супраць другой лініі абароны расійскіх войск, якая можа быць адносна слабейшай за першую лінію ў гэтым раёне.
Эксперты не заўважылі прыбыцця якіх-небудзь новых расійскіх злучэнняў або частак у заходнюю Запарожскую вобласць, за выключэннем бакавога перакідання частак 7-й дывізіі ПДВ і прыбыцця элементаў батальёна «Ахмат-поўдзень» у жніўні. Адсутнасць назіраных расійскіх злучэнняў і частак на другарадных рубяжах абароны на захадзе Запарожскай вобласці можа сведчыць, што гэтыя пазіцыі могуць заняць элементы частак і злучэнняў, якія ўжо ўдзельнічалі тут ў баявых дзеяннях. Але, верагодна, гэтыя часткі знясіленыя.
«Імаверны недахоп расійскіх аператыўных рэзерваў, а таксама абмежаваныя гарызантальныя перакідкі ў заходнюю Запарожскую вобласць і назіраныя асобныя незадзейнічаныя падраздзяленні на другой лініі абароны дазваляюць выказаць здагадку, што другая лінія расійскай абароны можа быць значна менш абароненая», — распавялі аналітыкі.
У той жа час расійскія злучэнні і часткі, якія займаюць цяпер другарадныя лініі абароны, у значнай ступені невядомыя, адзначаюць у ISW, і дадаюць, што эксперты даюць гэтую ацэнку «з нізкай ступенню дакладнасці».
Дроны атакуюць Маскву
Міністэрства абароны Расіі абвясціла, што на Маскву гэтай ноччу ляцелі тры беспілотнікі. Два былі збітыя пад Масквой, трэці нібыта быў «падаўлены і страціў кіраванне, але зноў прыляцеў у «Масква-Сіці».
«Два з украінскіх БПЛА, якія атакавалі сталіцу, знішчаныя сродкамі СПА ў паветры над тэрыторыяй Мажайскага і Хімкінскага раёнаў Маскоўскай вобласці. Трэці БПЛА падаўлены сродкамі РЭБ і, страціўшы кіраванне, здзейсніў сутыкненне з будынкам комплексу Масква-Сіці», — цытуюць паведамленне Міністэрства расійскія агенцтвы.
Украіна афіцыйна не прызнае, што гэта яе дроны атакуюць Маскву. Гэтыя атакі адбываюцца ўжо некалькі начэй запар.
Кіраўніца Міністэрства замежных спраў Германіі Аналена Бербок заявіла, што атакі беспілотнікаў на расійскую сталіцу Маскву законыя. «Расія напала на Украіну, і Украіна абараняецца ў рамках міжнароднага права», — заявіла яна на прэс-канферэнцыі са сваім эстонскім калегам Маргусам Цахкном у Берліне, адказваючы на пытанне журналіста аб павелічэнні колькасці беспілотнікаў у небе над Масквой.
Уначы ва Украіне
Расійскія войскі ўначы ўдарылі беспілотнікамі па збожжасховішчах і вытворча-перагрузачным комплексе ў Адэскай вобласці. Білі дронамі з усходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора, было дзве хвалі нападаў. Сілы СПА Украіны знішчылі 9 дронаў тыпу Shahed-136/131, але ёсць і трапленні ў збожжасховішчы і вытворча-перагрузачных комплекс у Падунаў’е. У складскіх памяшканнях адбылося ўзгаранне, пажар аператыўна лакалізаваны. Сярод цывільнага насельніцтва пацярпелых няма.
Расійскія войскі зноў наносілі ўдары па Нікапалю Днепрапятроўскай вобласці. Горад трапіў пад варожыя атакі двойчы. Увечары ў горад прыляцеў беспілотнік, а ўжо пасля паўночы быў абстрэл з цяжкай артылерыі. Пацярпелых няма.
Расія здзейсніла 20 абстрэлаў па населеных пунктах Сумскай вобласці ў памежных раёнах на працягу дня, 22 жніўня. У выніку варожых удараў былі параненыя грамадзянскія, а таксама зафіксавана пашкоджанне шматпавярхоўкі.
Уначы расійскія вайскоўцы скінулі дзве кіраваныя авіябомбы на дзіцячы сад і жылыя дамы ў Херсоне. Пацярпелі шэсць чалавек. Раніцай 23 жніўня абстрэльваюць цэнтральную частку горада Херсон.
Суравікін — усё?
Расійскае дзяржаўнае агенцтва РІА «Навіны» паведаміла са спасылкай на «інфармаваную крыніцу», што часова выконваючым абавязкі галоўнакамандуючага паветрана-касмічнымі сіламі Расіі замест Сяргея Суравікіна прызначаны начальнік штаба ВКС генерал Віктар Афзалаў.
Крыніца РІА Навіны пацвярджае, такім чынам, паведамленні расійскіх журналістаў, што генерал арміі Сяргей Суравікін звольнены з пасады галоўнакамандуючага ВКС.
Суравікіна лічаць хаўруснікам Яўгена Прыгожына, і генерал знік з публічнай прасторы пасля чэрвеньскага бунту ПВК «Вагнер».