450-ты дзень вайны: Страты РФ ва Украіне значна выраслі

РФ рыхтуе ўкраінцаў да новых дэпартацый і ўжо пагражае «падваламі».

Фота з сацсетак Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Фота з сацсетак Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Начная атака РФ — новымі ракетамі

Сілы СПА Украіны ўначы знішчылі 16 расійскіх дронаў Shahed з 22 запушчаных РФ і тры з шасці ракет «Калібр», паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны. У ноч на 19 траўня Расія атакавала Украіну з паўночнага і паўднёва-ўсходняга кірункаў ударнымі дронамі і крылатымі ракетамі з караблёў у Чорным моры.

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Расіяне ўначы абстралялі Купянскі раён Харкаўскай вобласці, у сяле Петрапаўлаўка загінуў адзін чалавек, паведаміў офіс украінскага генпракурора.

У выніку начнога расійскага абстрэлу ў Днепрапятроўскай вобласці пашкоджаная пажарная частка, пацярпеў ратавальнік.

Уначы расіяне ўдарылі па прыватным прамысловым прадпрыемстве ў Крывым Рогу, адзін чалавек паранены, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак. Ёсць істотныя разбурэнні цэхаў, знішчанае абсталяванне. Таксама з-за атакі ўзнік пажар у чатырохпавярховым адміністратыўным будынку, пацярпеў адзін чалавек.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі (у Канстанцінаўцы і Вялікай Навасёлцы), яшчэ дзевяць атрымалі раненні.

У Харкаўскай вобласці ў выніку ракетнага ўдару па вёсцы Цыркуны загінуў адзін чалавек, двое параненыя. У Херсонскай вобласці два чалавекі параненыя, паведамляе АВА.

Уначы расіяне атакавалі дронамі Львоў, цэліліся ў аб'ект крытычнай інфраструктуры горада. Спрацавала СПА, пацярпелых няма, паведаміў мэр Андрэй Садовы.

Далей — закон, які афіцыйна апраўдвае генацыд украінцаў?

Расійскія ўлады на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях прапануюць дэпартаваць жыхароў раёнаў, дзе абвешчанае «ваеннае становішча», а нязгодных адправіць «у падвал» на 30 сутак. Пра гэта мэр Мелітопаля Іван Фёдараў напісаў у сваім Telegram-канале. Ён адзначыў, што акупанты «легалізуюць дэпартацыю жыхароў».

«Спачатку яны абвясцілі «ваеннае становішча» на акупаваных тэрыторыях, каб даць сваім сілавікам практычна неабмежаваную свабоду выкрадаць, катаваць і забіваць жыхароў. Цяпер яны прапануюць «прымусова і кантралявана» адсяляць, то-бок дэпартаваць жыхароў. абласцей, дзе аб'яўлена ваеннае становішча», — сказаў ён.

Пры гэтым акупанты плануюць адправіць нязгодных «у падвал» на 30 сутак.

«Што далей? Закон, які афіцыйна апраўдвае генацыд украінцаў? Расія — краіна-тэрарыстычная. Спыніць гэта — задача ўсяго цывілізаванага свету», — падкрэсліў Фёдараў.

З канвеера — на вайну

Аналіз абломкаў расійскіх ракет, выпушчаных па Украіне, сведчыць аб тым, што яны былі вырабленыя зусім нядаўна — у першым квартале 2023 года, распавёў РБК-Украіна намеснік начальніка ГУР Мінабароны Вадзім Скібіцкі.

Паводле яго, расіяне прынамсі двойчы на месяц завозяць «Калібры» ў Крым. Цяпер РФ можа вырабляць каля 25 «Калібраў» на месяц, 35 адзінак Х-101, а «Кінжалаў» — толькі дзве адзінкі ў месяц, балістычных ракет 9М723 да Іскандэр-М — пяць адзінак.

Навіны вайны

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 19 траўня: асабовага складу — каля 201 760 (+660) чалавек.

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua


Армія РФ засяроджвае асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — за мінулыя суткі адбылося 29 баявых сутыкненняў на гэтых участках фронту. Самыя гарачыя баі вядуцца за Бахмут і Мар'інку, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

У Крыме дрон атакаваў чыгунку пад Джанкоем, недалёка ад станцыі Салёнае Возера, пішуць мясцовыя паблікі. Беспілотнік абарваў кантактныя драты і ўпаў непадалёк ад чыгуначнага палатна, аднак не пашкодзіў яго. «Кіраўнік» Крыма Аксёнаў заявіў, што чатыры БПЛА былі збітыя ў паўночнай частцы паўвострава.

Брытанская выведка піша, што тое, што з рэек у выніку дыверсіі ўчора сышоў цягнік у Крыме, заблакавала адзіны чыгуначны шлях у порт у Севастопалі, дзе базуецца Чарнаморскі флот. Гэты інцыдэнт сарве пастаўкі, магчыма, у тым ліку і ўзбраення, у тым ліку крылатых ракет «Калібр», у Чарнаморскі флот, прагназуюць эксперты. Таму Расія пастараецца хутка паправіць дарогу, дзе з-за выбуху пашкоджана пад 75 метраў чыгуначных шляхоў.

На думку аналітыкаў, любыя дыверсіі ў гэтым адчувальным раёне павялічаць асцярогі Крамля адносна яго здольнасці абараніць ключавую інфраструктуру Крыма. Выведка адзначае, што паўвостраў захоўвае крытычную псіхалагічную і лагістычную ролю ў падтрымцы вайны Расіі супраць Украіны.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ўкраінскія сілы перахапілі тактычную ініцыятыву і дамагліся тактычна значных поспехаў у раёне Бахмута падчас контрнаступальных аперацый 18 траўня. Аналітыкі адзначаюць, што гэтыя аперацыі з'яўляюцца працягам лакальных контрудараў, якія ўкраінскія сілы праводзяць ужо некалькі дзён, і гэта не з'яўляецца пачаткам новай буйной аперацыі.

Украінскія сілы збілі расійскі самалёт з дапамогай ЗРК Patriot, паведамляе CNN са спасылкай на неназваных прадстаўнікоў Пентагона і супрацоўнікаў Кангрэса ЗША. Адзначаецца, што падзея адбылася «ў апошнія тыдні», — украінскім СПА з дапамогай Patriot атрымалася збіць варожы бамбавік, які збіраўся запусціць ракеты па ўкраінскіх цэлях.

Навіны замежных партнёраў Украіны: зброя і санкцыі

Санкцыі ЕС прывялі да скарачэння экспарту з Еўрасаюза ў Расію на 55%, імпарту — на 60%, паведаміла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Вялікабрытанія ўнесла ў санкцыйны спіс звязаныя з «Расатамам» кампаніі, якія вырабляюць сучасныя матэрыялы і тэхналогіі, у тым ліку лазеры. Таксама Лондан увёў санкцыі ў дачыненні да прэзідэнта і гендырэктара канцэрна «Калашнікаў» і супраць «Металінвестбанка». Санкцыі ўведзеныя супраць 86 чалавек і кампаній, звязаных з Пуціным, у тым ліку і тых, хто актыўна абыходзіць існуючыя абмежаванні, паведаміў брытанскі МЗС.

Прэм'ер Вялікабрытаніі Рышы Сунак абвясціў аб эмбарга на ўвоз у краіну алмазаў, медзі, алюмінію і нікелю з Расіі. Кіраўнік Еўрарады Шарль Мішэль заявіў, што ЕС таксама плануе абмежаваць гандаль расійскімі дыяментамі.

Адміністрацыя Байдэна паведаміла еўрапейскім саюзнікам, што ЗША дазволяць ім перадаваць Украіне амерыканскія знішчальнікі F-16, паведамляе CNN са спасылкай на крыніцы. Такое рашэнне Белы дом гатовы прыняць на фоне ўзрастання ціску з боку прадстаўнікоў Кангрэса ЗША і саюзнікаў з-за ўзмацнення расійскіх паветраных нападаў на Украіну.

Венгрыя гатовая даць пляцоўку для перамоваў Масквы і Кіева, заявіў кіраўнік МЗС Петэр Сіярта ў інтэрв'ю прапагандысцкім расійскім СМІ.


Зяленскі і саміт G7 у Японіі

Bloomberg паведаміў са спасылкай на ўласныя крыніцы, што Зяленскі наведае Саудаўскую Аравію для ўдзелу ў саміце Лігі арабскіх дзяржаў, пасля чаго на вайсковым самалёце ЗША паляціць у Японію, каб асабіста далучыцца да саміту лідараў краін G7.

Зяленскі возьме ўдзел у саміце G7 у Японіі. «Там будуць прымацца вельмі важныя рэчы, і таму прысутнасць нашага прэзідэнта абсалютна важная для адстойвання нашых інтарэсаў», —сказаў сакратар РНБА Данілаў.

Галоўнай тэмай трохдзённага саміту, які пачаўся 19 траўня ў Хірасіме, будзе вайна ва Украіне. Чакаецца, што лідары зробяць сумесную заяву аб падтрымцы Украіны і апублікуюць новыя абмежаванні супраць Расіі.

Спачатку паведамлялася, што Зяленскі збіраўся быць на саміце асабіста, пазней прэс-служба РНБА паведаміла, што Зяленскі возьме ўдзел у сустрэчы лідараў G7 у Японіі ў анлайн-рэжыме.