412-ты дзень вайны. Бахмут не здаецца, расійцы лезуць наперад, нягледзячы на страты
Больш за год ва Украіне працягваецца вайна, якую развязаў Крэмль пры дапамозе Лукашэнкі. Сабралі апошнія звесткі з франтоў.
У нядзелю і панядзелак 9-10 красавіка расійскія акупанты
працягнулі прасоўвацца наперад пад горадам Бахмут Данецкай вобласці і ў самым
населеным пункце.
Верагодна, захопнікі па-ранейшаму нясуць сур'ёзныя страты,
гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Паводле яго даных, у
прыватнасці, апублікаваныя відэа, на якіх адзначана геалакацыя, сведчаць аб
тым, што ворагі трохі змаглі прабіцца наперад на паўночны захад ад пасёлка
Хромава, які знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад Бахмута.
«Расійскія войскі нязначна прасунуліся на
паўднёвым захадзе Бахмута і на поўнач ад вёскі Сака і Ванцэці (15 км на поўнач
ад Бахмута)», — адзначаецца ў справаздачы.
Увечары 10 красавіка Генштаб Узброеных сіл Украіны
паведаміў, што расійцы працягнулі спрабаваць наступаць на Бахмуцкім,
Аўдзееўскім, Мар'інскім і Ліманскім кірунках.
Паводле слоў камандуючага Усходняй групоўкай войскаў
генерал-палкоўніка Аляксандра Сырскага, украінскія войскі ў Бахмуце знясілілі вагнераўцаў, і праціўнік вымушаны прыцягваць да баёў за горад
дэсантнікаў і спецназаўцаў.
Украінскія вайскоўцы на гэтых кірунках адбілі 52 варожыя атакі,
паведаміў Генеральны штаб УСУ. «Нягледзячы на шматлікія страты ў тэхніцы і жывой сіле,
праціўнік не адмаўляецца ад вядзення захопніцкай вайны», — гаворыцца ў
паведамленні.
У Генштабе дадалі, што самыя жорсткія баявыя дзеянні працягваюцца за Мар'інку і Аўдзееўку.
Тым часам брытанская выведка паведаміла, што расійскія дэсантнікі атрымалі зброю, якой раней у іх не было. Гэта сведчыць, што дэсантныя падраздзяленні будуць адыгрываць галоўную ролю ў будучых наступальных аперацыях РФ ва Украіне.
Гаворка ідзе пра тэрмабарычныя рэактыўныя сістэмы залпавага агню ЦАС-1А (абрэвіятура расшыфроўваецца як «Цяжкая агнямётная сістэма»).
«ЦАС-1А мае вялікую разбуральную сілу, Расія называе яго «цяжкім агнямётам». Такую зброю звычайна
эксплуатуюць расійскія спецыялізаваныя войскі хімічнай, біялагічнай і
радыёлагічнай абароны ва Украіне, раней яны фармальна не асацыяваліся з ПДВ», — адзначылі брытанскія аналітыкі.
Перавод ЦАС-1А на
ўзбраенне ПДВ паказвае на будучую ролю дэсантнікаў у наступальных аперацыях ва
Украіне. «Верагодна, гэта частка намаганняў па аднаўленні ПДВ пасля цяжкіх
страт у першыя дзевяць месяцаў вайны», — дапусцілі ў брытанскай выведцы.
У сваю чаргу ва Украіне анансавалі «сюрпрыз» для расійскіх караблёў. Маецца на ўвазе новая атаку на флот РФ у Чорным моры, падобная патапленню крэйсера «Масква».
«Мы можам прапанаваць ім (расійцам) чарговы «сюрпрыз» на моры, чарговую «бавоўну», звязаную з іх
караблямі. Мы проста чакаем зручнага моманту, каб паўтарыць гэтую
гісторыю», — заявіў на брыфінгу міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.
Кіраўнік Мінабароны адзначыў, што не будзе выдаваць дэталі
патаплення крэйсера «Масква» на просьбу кіраўніцтва флоту.
«Мне вельмі хочацца падзяліцца дэталямі, з якімі я
знаёмы, але ў нас ёсць дамоўленасць з камандуючым украінскага флоту Аляксеем
Няіжпапам, дзякуючы яго намаганням і яго камандзе гэта адбылося. Не ўсе дэталі
мы цяпер можам раскрыць», — сказаў Рэзнікаў.
13 красавіка 2022 года крэйсер «Масква» (на фота) быў падбіты дзвюма ракетамі берагавога супрацькарабельнага комплексу ВМС «РК-360МЦ» «Няптун». На наступны дзень у выніку пашкоджанняў і пажару ён нахіліўся на левы борт і затануў.
Менавіта гэты карабель украінскія памежнікі з выспы Змяіны ў
пачатку поўнамаштабнага ўварвання паслалі ў вядомым кірунку, калі ім
прапанавалі здацца.
«Масква» з'яўляецца найбуйнейшым ваенным караблём, патопленым у выніку бою, з часоў Другой сусветнай вайны.