405-ты дзень вайны. Расійцы захапілі будынак мэрыі ў Бахмуце

Наймітам ПВК «Вагнер» удалося захапіць будынак адміністрацыі Бахмута, а расійскія вайскоўцы прасоўваюцца ў цэнтр горада. Пра гэта гаворыцца ў свежым аглядзе Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Фота: report.az

Фота: report.az

Аналітыкі пацвердзілі, што кадры відэа з расійскім сцягам на разбураным будынку гарадской адміністрацыі Бахмута сапраўдныя і што вагнераўцы здолелі захапіць гэты будынак.

Эксперты выказалі здагадку, што цяпер найміты паспрабуюць замацаваць кантроль над цэнтрам горада і прасунуцца на захад праз спальныя раёны ў напрамку Хромава.

Таксама ў ISW дадалі, што ва УСУ пацвердзілі, што разам з вагнераўцамі ў Бахмуце ўсё больш актыўна дзейнічаюць рэгулярныя расійскія войскі, у тым ліку ПДВ.

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Украінскія вайскоўцы за мінулыя суткі адбілі 69 нападаў расійскіх акупантаў. Асноўныя намаганні расійскія войскі засяродзілі на спробах наступу на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках.

Паводле інфармацыі Генеральнага штаба УСУ, расійцы нанеслі тры ракетныя і 21 авіяцыйны ўдар, здзейснілі 33 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню.

На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках аператыўная абстаноўка без змен, прыкмет фарміравання наступальных груповак акупантаў няма.

На Купянскім кірунку расійцы білі па населеных пунктах Каменка, Петра-Іванаўка, Навамлынск, Двурэчная, Куцькоўка, Заходняе, Масютоўка Харкаўскай вобласці; Крухмальнае Луганскай вобласці і Серабранка Данецкай вобласці.

На Ліманскім кірунку захопнікі вялі беспаспяховы наступ у раёнах населеных пунктаў Неўскае, Крамянная, Дзіброва. Пад артылерыйскі агонь трапілі Макееўка, Неўскае, Крамянная, Дзіброва, Белагораўка Луганскай вобласці і Церны, Радужнае, Звонаўка, Спорнае і Раздольеўка Данецкай вобласці.

На Бахмуцкім кірунку расійцы спрабуюць узяць пад поўны кантроль Бахмут, працягваюць яго штурмаваць. Акупанты вялі беспаспяховы наступ паблізу Арэхава-Васільеўкі і Іванаўскага. Падраздзяленні сіл абароны Украіны на працягу сутак адбілі тут 32 атакі.

На Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках акупанты вялі наступальныя дзеянні ў раёнах Новакалінава, Краснагораўкі, Аўдзееўкі, Паўночнага, Першамайскага і Мар'інкі, поспеху не мелі.

На Шахцёрскім напрамку расійцы ў наступ не спрабавалі ісці. Для карэкцыі агню артылерыі ўжывалі БПЛА. Абстралялі населеныя пункты Новаміхайлаўка, Вугледар, Прачыстаўка, Залатая Ніва, Вялікая Навасёлка і Урэмаўка Данецкай вобласці.

На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійцы актыўных дзеянняў не праводзілі, там яны нарошчваюць абарону.

У той жа час украінская авіяцыя нанесла пяць удараў па раёнах засяроджвання асабовага складу і вайсковай тэхнікі РФ, а таксама збіла варожы выведвальны БПЛА. Таксама ракетчыкі і артылерысты пабілі абстралялі раён засяроджвання жывой сілы праціўніка.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Уначы расійскія захопнікі атакавалі Адэсу і Адэскі раён ударнымі беспілотнікамі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Адэскай раённай ваеннай адміністрацыі Юрый Крук. «Толькі што вораг нанёс удары па Адэсе і Адэскім раёне ўдарнымі БПЛА. Па выніках працы падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны ёсць збіццё. У чарговы раз падкрэсліваем, што ў ваенны час не ўсе падзеі можна каментаваць або выстаўляць на ўсеагульны агляд», — гаворыцца ў паведамленні.

Бліжэй да раніцы паветраныя сілы УСУ зрабілі справаздачу аб знішчэнні 14 ударных дронаў «Shahed-136/131», якімі Расія атакавала горад і раён з паўднёвага кірунку.

«Агулам зафіксавана да 17 пускаў ударных БПЛА, як мяркуецца, з раёна ўсходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора. Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны паветранага камандавання «Поўдзень» знішчана 14 «Шахедаў», — гаворыцца ў паведамленні.

Фота: ua.depositphoto.com

Фота: ua.depositphoto.com

Расійцы ў часова акупаваным Крыме заклапочаны чаканым контрнаступленнем Узброеных сіл Украіны. На захопленым паўвостраве працягваюцца абаронная і матэрыяльна-тэхнічная падрыхтоўка.

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны звярнулі ўвагу на спадарожнікавыя здымкі, апублікаваныя 1 красавіка. На іх выразна відаць, што войска РФ пабудавала абарончыя лініі ўздоўж наземных ліній і лагістычных вузлоў.

Раней паведамлялася, што акупанты ў Крыме рыхтуюцца да абароны, у прыватнасці, узводзяць фартыфікацыйныя збудаванні і рыюць акопы паміж населенымі пунктамі. Акрамя таго, захопнікі на часова акупаваным украінскім паўвостраве будуюць новую вайсковую частку. Паводле звестак партызанскага руху «Атэш», расійская вайсковая будоўля поўным ходам ідзе ў Еўпаторыі.

Таксама з'явілася інфармацыя, што расійцы ў Крыме агітуюць салдат тэрміновай службы падпісваць кантракты з узброенымі сіламі РФ для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.