239-ы дзень вайны ва Украіне. Што здарылася за ноч?

Расія не кантралюе ні адзін з чатырох украінскіх рэгіёнаў, якія яна спрабуе анексаваць, але абвяшчае ў іх «ваеннае становішча». Прычым за некалькі гадзін да заявы Пуціна аб ваенным становішчы акупацыйныя ўлады абвясцілі аб эвакуацыі людзей і чыноўнікаў з Херсона, заявіў Зяленскі.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Зяленскі звярнуўся ўвечары 19 кастрычніка да жыхароў акупаваных тэрыторый: «У бліжэйшы час акупанты будуць спрабаваць забраць мужчын у сваю армію. Усюды гэтак жа, як у Данецку і Луганску. Пазбягайце гэтага так, як можаце. Старайцеся з’ехаць з акупаванай тэрыторыі. Калі ж вы не можаце гэтага зрабіць і апыняцеся ў расійскіх вайсковых структурах, пры першай жа магчымасці старайцеся скласці зброю і прыйсці на ўкраінскія пазіцыі. І галоўнае — беражыце сваё жыццё. І абавязкова дапамагайце іншым нашым людзям, якія побач з вамі».

Расійскія войскі ноччу нанеслі ўдар па прамысловым прадпрыемстве і аб'екце энергетычнай інфраструктуры ў Крыварожскім раёне Днепрапятроўскай вобласці. Кіраўнік Абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Валянцін Разнічэнка паведаміў, што ёсць сур'ёзныя разбурэнні, але людзі не пацярпелі.

У Запарожскай вобласці расіяне сёння раніцай нанеслі ракетны ўдар па тэрыторыі дзіцячай спецыялізаванай школы ў гарадскім пасёлку Камышаваха. Інфармацыя аб разбурэннях і ахвярах удакладняецца.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін мірны жыхар — у Зарэчным. Акрамя таго, украінскія праваахоўнікі выявілі целы 12 цывільных асоб, якія былі забітыя падчас акупацыі: восем чалавек — у Лімане, два — у Навасёлаўцы і два — у Сасновым. Яшчэ пяць чалавек за ўчарашні дзень былі паранены, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

Уначы 20 кастрычніка расіяне атакавалі Мікалаеўшчыну беспілотнікамі-камікадзэ «Shahed-136», 14 дронаў збіта, паведамілі паветраныя сілы УСУ.


Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што расіяне ствараюць інфармацыйнае поле для нападу пад фальшывым сцягам на Кахоўскую ГЭС, каб апраўдаць або прыкрыць сваё адступленне ў Херсонскай вобласці. На думку аналітыкаў, расійскія вайскоўцы могуць лічыць, што прарыў дамбы прыкрые іх адступленне ад правага берага Дняпра і спыніць або затрымае наступленне ўкраінскай арміі.

За суткі падраздзяленні ўкраінскіх сіл абароны адбілі атакі ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці, Бахмут, Бахмуцкае, Кляшчыеўка, Краснагораўка, Новаміхайлаўка, Невельскае, Вопытнае і Мар'інка Данецкай вобласці. Пра гэта паведаміў Генштаб УСУ у ранішняй зводцы.

На працягу сутак рускія войскі нанеслі па Украіне 11 ракетных і 28 авіяцыйных удараў, здзейснілі больш за 65 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Удары зведалі больш за 25 населеных пунктаў. Расіяне запусцілі больш за 10 іранскіх беспілотнікаў «Shahed-136», больш за палову з якіх — з тэрыторыі Беларусі.

У Луганскую вобласць прыбыло папаўненне нядаўніх расійскіх мабілізаваных. Адзначаюцца шматлікія факты рабаванняў і марадзёрства. Не выключаецца, што значная колькасць гэтага кантынгенту прыбыла з месцаў пазбаўлення волі.

Улады Энергадара паведамілі пра паспешлівы ад'езд з горада рускіх захопнікаў. «Акупанты пачынаюць бегчы з Энергадара. Паніка, страх і чаканне паражэння, якія ахапілі акупантаў у Херсонскай і Запарожскай абласцях, дайшлі і да Энергадара», — адзначаецца ў Telegram-канале гарадской адміністрацыі. Паводле гэтых звестак, расійскія вайскоўцы і прадстаўнікі акупацыйнай «адміністрацыі» 19 кастрычніка і ў ноч на 20 кастрычніка вывозілі нарабаваную маёмасць. Сярод іншага зафіксавана рабаванне гасцініцы «Скіфская», адтуль былі вывезены на аўтобусах і грузавіках тэлевізары, халадзільнікі, мэбля, чайнікі і іншыя бытавыя рэчы.



Генштаб УСУ таксама папярэдзіў пра высокую верагоднасць абстрэлаў рускімі мірнага насельніцтва Херсонскай вобласці.

Укрэнерга звярнулася да ўкраінцаў з нагадваннем, што сёння з самай раніцы і ўвесь дзень трэба вельмі эканомна спажываць электраэнергію. З 7: 00 да 22: 00 па ўсёй Украіне могуць быць ужыты меры па абмежаванні спажывання.

Паводле korrespondent.net, ВВС; «Медуза»