20 нечаканых фактаў пра Эстонію
24 лютага Эстонія адзначае 100 гадоў абвяшчэння сваёй незалежнасці. Толькі ў 1920 годзе, пасля Вызвольнай вайны, Савецкая Расія прызнала Эстонію. Радыё Свабода прапануе некалькі малавядомых фактаў пра Эстонію.

Эстонскі намёт на Купаллі ў Беларусі
30 сакавіка 1990 году Вярхоўны Савет Эстонскай ССР прыняў пастанову аб дзяржаўным статусе Эстоніі. Заявіўшы, што акупацыя Эстонскай Рэспублікі Савецкім Саюзам 17 чэрвеня 1940 года не перапыніла дэ-юрэ існавання Эстонскай Рэспублікі, Вярхоўны савет абвясціў дзяржаўную ўладу Эстонскай ССР незаконнай з моманту яе ўстанаўлення і абвясціў пачатак аднаўлення Эстонскай Рэспублікі.
Прапануем вашай увазе некалькі фактаў пра краіну, якая сёння святкуе стагоддзе сваёй незалежнасці.
1. Цяперашняя сталіца Эстоніі атрымала правы гораду у ХІІІ стагоддзі ад караля Даніі. З тае пары горад знаходзіўся пад уладай некалькіх дзяржаваў — Даніі, Швэцыі, Нямеччыны, Расійскай імпэрыі і СССР. Талін уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Талін.
2. Традыцыя спеўных святаў у Эстоніі бярэ пачатак з 1869 году. Агульнанацыянальныя спеўныя фэсты праводзяцца раз на пяць гадоў, у іх бяруць удзел тысячы людзей. Гэтыя святы занесеныя ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Спеўны фестываль у Таліне ў 2009 годзе.
3. 11 верасня 1988 году на Спеўным полі Таліну ў ходзе музычнага фэсту сабраліся прыблізна 300 тысяч эстонцаў. Фэст стаў часткай барацьбы эстонцаў за аднаўленне незалежнасці, якая атрымала назву «спеўная рэвалюцыя».

«Балтыйскі шлях» — ланцуг людзей праз тры балтыйскія рэспублікі 23 жніўня 1989 году, у 50-ю гадавіну пакту Молатава-Рыбентропа, які прывёў да савецкай акупацыі Латвіі, Літвы і Эстоніі.
4. Гімн Эстоніі напісаны на тую ж мелодыю, што і гімн Фінляндыі. Аўтар музыкі — Фрэдрык Пацыюс, фінскі кампазітар нямецкага паходжання. Гімн, прыняты ў 1920 годзе, быў забаронены ў савецкія часы. З 1991 году стаў ізноў дзяржаўным гімнам.

Фрэдрык Пацыюс
5. Эстонія — адна з найменш населеных краінаў Эўропы. Шчыльнасць насельніцтва ў краіне 28,4 чалавека на квадратны кіламетар. Толькі ў Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі і Расіі гэты паказчык яшчэ менш. У Беларусі — 46 чалавек на квадратны кіламетр, ва Украіне — 74 чалавекі, у Галандыі — 404 чалавекі.

6. У Эстоніі — найвышэйшая ў свеце доля жанчынаў сярод насельніцтва, на кожных 100 жанчынаў прыпадае 84 мужчыны, у Беларусі — 87.

Прэзідэнтка Эстоніі Керсці Кальюлайд. (Аўтар фота - Арна Мікар)
7. Паводле дадзеных перапісу 2012 году сярод сталых жыхароў Эстоніі 69.7% склалі эстонцы, 25.2% — расейцы, 0.9% — беларусы.

Зінаіда Клыга, старшыня Беларуска-эстонскага задзіночання
8. Эстонія — адна з найменш рэлігійных краін у свеце. Згодна з апытаннем агенцтва Гэлапа ў 2015 годзе, толькі 16% рэспандэнтаў заявілі, што лічаць сябе рэлігійнымі людзьмі. У тым жа апытанні ў Беларусі рэлігійнымі назвалі сябе 34% апытаных, у Расіі −70, ва Украіне — 73%, у Саудаўскай Арабіі — 98%.

Брама царквы ў эстонскім горадзе Йыхві
9. У склад Эстоніі ўваходзяць 2355 выспаў.

10. 52% тэрыторыі Эстоніі складаюць лясы (у Беларусі — 39.5%)

Эстонскія дабраахвотнікі трэніруюцца ў лесе, верасень 2015 году.
11. Насельніцтва Эстоніі складае 1,3 мільёна чалавек, аднак штогод у краіну прыяжджае больш за 2 мільёны турыстаў.

Ветракі ў Эстоніі.
12. Доступ да інтэрнэту мае 86% насельніцтва (у Беларусі — 70%).

13. У 2005 годзе краіна першай ўвяла онлайн-галасаванне на выбарах. Усе падаткі можна выплачваць праз інтэрнэт, можна падпісваць дакументы з дапамогай ID-карткі.

Вучні ў эстонскай школе падчас заняткаў па інтэрнэт-бяспецы
14. У Эстоніі была створаная сістэма сувязі праз інтэрнэт Skype.

©Shutterstock
15. Паводле дадзеных Wall Street Journal у 2012 годзе Эстонія была абсалютным лідарам у Еўропе па колькасці стартапаў на душу насельніцтва.

Бізнес-форум у Таліне ў 2013 годзе
16. У Таліне — бясплатны праезд на грамадскім транспарце для жыхароў сталіцы, дзейны пры прад’яўленне пасведчання з пазнакай аб месцы пражывання

Аўтобусны прыпынак у Эстоніі.
17. У Таліне таксама знаходзіцца самая старая аптэка Еўропы. Аптэка на Ратушнай плошчы працуе з 1422 году.

Талін
18. Савецкая сімволіка ў Эстоніі забароненая заканадаўча нароўні з нацысцкай. Абодва гэтыя рэжымы прызнаныя злачыннымі.

19. Памер мінімальнага месячнага заробку ў Эстоніі ў 2017 годзе складаў 470 еўра, у Беларусі — 265 рублёў (112 еўра).

20. У Эстоніі плануецца выпуск «эсткойна» (па аналогіі з біткойнам) — дзяржаўнай крыптавалюты.

Юры Дракахруст, svaboda.org